November 21, 2024

Вінакурня ў Лошыцкім.

Гэты будынак усе мы з вамі бачылі, калі гулялі ў Лошыцкім парку. Ці то канюшня, ці то вінакурня, ці то жылы дом. Карацей, нейкія рэшты з чырвонай цагліны за ракой.

А вось так ён выглядаў у 1941г. Усё так – тамака ўжо нямецкі салдат гаспадарыць. Вінакурня ж. Стратэгічны аб’ект.

Ну а так ён будзе выглядаць у будучыні. Пасля рэканструкцыі. Гэта будзе будынак для шлюбаў, дзе «караблі пад назвай "Сям'я" будуць адпраўляцца ў плаванне па хвалях сямейнага жыцця».

Ну а шчэ будзе гасцініца, рэстаран, бар і г.д. Бо “плаванне” доўгае. Трэба зарадзіцца.

Але ж рэканструкцыя робіцца ў Беларусі і па-беларуску.

Таму што?

Правільна!

Усё трэба разбурыць ушчэнт і зрабіць рэпліку.

Фота з гэтага ж ракурсу, але ж з 1970х гадоў.

У гэтым доме да 2005 г. жылі людзі.

Ці пакутавалі яны ад тых умоў, у якіх ім прыходзілася жыць. Ці наадварот, лічылі той будынак родным домам, але ж іх выселілі, дом зачынілі і кінулі на шмат год, вырашаючы, што з ім рабіць далей.

У лютым 2007 года, за некалькі дзён да вясны, наша чытачка Таццяна зрабіла серыю фотак з гэтага дома.

Гэтыя фоткі – на вагу золата!

Мы бачым побыт, антураж, элементы жыцця. Мы чуем подых гісторыі.

Таццяна нам падаравала гэтыя здымкі. А нам і не шкада – мы даруем іх вам!

Дзякуй вялікі, Таццяна!

Заходзім у пад’езд…

Крочым па лесвіце на другі паверх...

Адпачывальня летуценніка. Перад сном ён глядзеў на мапу свету і марыў аб прыгодах у далёкіх, дзіўных краінах…

Кухня...

“Мы будзем жыць!”

Прачыталі.

З сабой вырашылі не браць. Наўрад ці спатрэбіцца.

Вельмі пранізлівыя фоткі. Балюча глядзець.

Часам здаецца, што фоткі не з лютага 2007-га, а з лютага 2022-га…

А ў пачатку стагоддзя шчэ не было подыху вайны.

Здавалася, што “Отстоять мир на земле” – што можа быць лягчэй?

Што там адстайваць?

Каму там патрэбна тая вайна?

Шчаслівыя былі часы.

Кветкі на шпалерах, рускія пісьменнікі, канадскае піва…

Але ж усё з сабой на забярэш у новае жыццё…

Выходзім з пад’езда і крочым дадому.

Праз некалькі дзён вясна.

Вясна 2007 года.

Адна з лепшых у Беларусі.

Але ж і яна ўжо – частка гісторыі.