Палёты ва сне ды на яву. То
У апошні час пачалі сніцца яскравыя сны. У іх я, у розных абставінах, лятаю. Натуральна. Ну не так, як птушкі, ці фінансісты пад час крызісу, а неяк больш падобна на хавербордзінг з “Назад у будучыню”. То бок падскочу, а потым сілай розуму перасоўваюся ўздоўж зямлі метраў гэтак з 50.
Я разумею, што парушаюцца законы фізікі. Разумею, што больш ніхто ў маім сне так не ўмее. Я не магу нават сабе распавесці за конт чаго гэта атрымоўваецца. Але ж мяне гэта не здзіўляе, не бянтэжыць, не з’яўляюцца гіпотэзы, што, верагодна, гэта сон. Да і ніякай моцы ад мяне не патрабуецца для палёту. Усё лёгка, усё павольна, натуральна…
Што гэтыя сны азначаюць – я не ведаю. Таму што пакуль у рэале нічога не здарылася такога, пра што я мог бы сказаць: “А во! Вось што тыя сны азначалі!”
Раней, у дзяцінстве, так сама сніліся палёты. Але ж неяк па-іншаму. Ды й сны былі такія прыдуркаватыя, што нават я, нават у дзяцінстве, нават у сне разумеў – гэта хутчэй за ўсё сон, хвалявацца няма падставін – працягваем палёт!
А яшчэ ў тыя часы існавала меркаванне, што калі сніцца, як лятаеш – значыцца расцеш.
Ну а зараз я ў інтэлектуальным тупіку.
Але ж часам, калі ідзеш уздоўж дарогі, хочацца крыху адарвацца ад зямлі. Не трэба ў светлы абшар, не трэба па-над аблокамі, не трэба да паветраных шароў. А так – крышачку па-над асфальтам, і метраў з 50-100 праляцець, ледзь не кранаючы нагамі зямлю. І мякка, павольна прызямліцца на асфальт. Атрымаць асалоду ад такога палёту. Крыху лёгкасці. Крыху паветра. Крыху жыцця...