July 28, 2021

Стад дэ Блан Русі...

У нас пад бокам, на плошчы Ванеева, будуюць ультрасучасны футбольны стадыён. Нацыянальны! І менавіта футбольны. Без забегаў з бар'ерамі, кіданняў коп'яў і іншай лёгкай атлетыкі. Будоўля акружаная такім плотам, што папахвае сакрэтнасцю. Але мы вырашылі ўсё высветліць...

Абыйсці плот – справа нялёгкая. Ідзём па гадзіннікавай стрэлцы і спачатку трапляем на стары стадыён "Трактар", які, дарэчы, разбураць не будуць. А ці будуць рамантаваць – тое яшчэ пытанне. Бо горш ад рамонту Трактару не было б. Ну мо, калі застанецца нейкая фарба пасля кітайцаў, то і Трактар упрыгожаць.

Прыгажосць...

Новы стадыён будзе выглядаць так:

Мастак намаляваў карціну, дзе ў будучыні Дынама Брэст гуляе са, здаецца, зборнай Кітая. Шмат заўзятараў за кітайцаў, але сустракаюцца беларускія фаны з нацыянальнай, а не клубнай атрыбутыкай...

Будучыня будзе потым. А зараз наша сучаснасць выглядае так:

Стадыён будуюць кітайцы. Кампанія BUCG, ці ў расшыфроўцы – Beijing Urban Construction Group. Карацей, нейкі пекінскі падрадчык.

Будуюць у падарунак Беларусі. Што гэта азначае – ніхто не ведае. Але кошт стадыёна і басейна на Кальварыйскай састаўляе 180 млн. Даляраў! Дзякуй вам вялікі! Вось гэта падарунак! Але ж усё роўна неяк няёмка. Хочацца ведаць падрабязнасці, чаму менавіта нас так любяць кітайцы.

Мо тыя, хто валодае кітайскай мовай, змогуць даведацца пра гэтую любоў з пашпарта аб'екта?

Прахадная... Зачынена...

З вышыні стадыёна Трактар будоўля выглядае як пясчаная дзюна. Дарэчы, ужо можна праводзіць усялякія турніры па пляжным футболе. Тым больш, што Беларусь лічыцца ў гэтым спорце "Крэпкім арэшкам".

Перад развітаннем пагуляем крыху па старым добрым Трактары. Які ўжо выглядае, як рымскі Калізей. То бок вельмі старым. Вось, напрыклад, асвятляльная мачта:

А вось і "туалет ціпа сарцір". З пункту гледжання невядомага мастака – гэта нейкае прам "БЛАГО". Ён так і напісаў чырвоным па чорным.

О спорт! Ты жизнь!

Мы ўсе ўжо прывыклі да ўсялякіх забарон у нашым жыцці. Таму: што там менавіта забаронена – зрэшты, ня вельмі істотна...

Рушымся да дому. Бачым напрыканцы тое, што так захапляла нас у дзяцінстве! А зараз гэтыя атракцыёны вядуць няроўны бой з сучаснымі гаджытамі. Пажадаем ім поспеху ў свяшчэннай вайне за дзіцячыя душы. Ну і дзякуй вялікі каруселям за наша шчаслівае дзяцінства. І да пабачэння...