October 21, 2021

Жара!

Учора катаўся тутака ды тамака і трапіў у Чыжоўку. Там, дзе раней была вёска Карзюкі. А зараз – па-бам! – пляж.

Прыгадаў, як чытаў у верасні, што ў Мінску адкрыўся новы пляж “Жара”. На Чыжоўскім вадасховішчы. Пакуль да спякоты, канешне, вельмі далёка, але я вырашыў паглядзець, што гэта будзе.

Ну што тут скажаш? Будзе сапраўдны пляж.

Вада таксама чыстая, на здзіўленне.

Што датычыцца забароны на купанне, то існуе такая. Але бачна, што з катэгорыі “б/у”. То біш калісьці яна забараняла купацца ў іншым месцы.

Паставілі яе, здаецца, памылкова. Бо ёсць стэнд з правіламі паводзін на вадзе.

Але, каб канчаткова ўсіх заблытаць, існуе яшчэ адзін стэнд, на якім правілы і забароны добра суіснуюць адзін з адным.

У той жа час існуюць плывучыя дамкі Асвода і нават (хутчэй за ўсё) “спасательный инвентарь”.

Бачна шмат памылак і недахопаў. Што, дарэчы, часта сустракаецца, калі трэба нешта адкрыць у дзень Х. Вось, напрыклад, камера-пудзіла. Не працуе, але ўсё адно неяк няёмка пад ёй штосьці дрэннае рабіць.

Дзіцячая пляцоўка. Да яе і зараз ходзяць мясцовыя мамы з дзеткамі.

Людзей, дарэчы, было няшмат. Нягледзячы на добрае надвор’е. Але ўсё адно камунальшчыкі прыйшлі за смеццем, якого не было. Прыемна, што чысціня ў такіх месцах падтрымліваецца на узроўні.

А вось і сметніца. Безумоўна, з раздзельным зборам. Таксама прыгожая, праўда?

Прыгожа, утульна, лагодна. Мо таму, што людзей не было, мо з-за восеньскага настрою, а мо і сапраўды так і ёсць. А хутчэй за ўсё прыемны настрой стварае адсутнасць усялякіх там забарон. Ну вы ведаеце. Як на ўваходзе ў краму ці метро: можна падлічыць да 5-7 пінтаграм з забаронамі ўсяго на свеце. Тут такого няма, але прадугледжана. Што менавіта забараняць – пакуль не змаглі прыдумаць. Але час да адкрыцця сезона ў іх ёсць.

Шмат арта. Напрыклад, вось рыбы пасля піва:

А вось рыба-напрамак. З кіламетражом. Пасыл такі: не падабаецца? – Вам туды!

Прамысловыя гіганты спаборнічаюць, хто зробіць лепшую лаву. Вось МАЗ:

А вось калёсныя цягачы:

Удзельнікі па-за конкурсам:

Але заўжды перамагае любоў. Нават калі яна не вельмі традыцыйная. Перад "ЖКХ", хутчэй за ўсё, павінна была быць коска. Але зваршчык вырашыў, што гэта небяспечна, можна пальцы апаліць. Ды і так усё зразумела. Ці наадварот – нічога не зразумела.

Але што ёсць каханне? Усе, хто збіраў у дзяцінстве адпаведныя фанцікі, ведаюць: адказаў на гэтае пытанне вельмі шмат.

Так…

Цяпер аб тым, дзе гэты парадайз і як туды трапіць. Па-першае, трапіць туды на аўто – дзякуй богу – пакуль немагчыма. Толькі пехам ці на ровары. Там, дзе канчаецца вуліца Галадзеда, пачынаецца толькі што народжаная вуліца-немаўля Карзюкі. Якая звяжа Чыжоўку і Лошыцу. Але пакуль там на аўто ездзіць забаронена.

Можна на ровары праз Серабранку і заапарк.

Але, спадзяемся, вясной пабудуюць масткі паміж астравамі, якія ляжаць на вадасховішчы. Атрымаецца шлях паміж Серабранкай і мяжой Чыжоўка-Лошыца. Тады за 15-30 хвілін туды зможа трапіць па веласцежцы любы жыхар Маякоўкі. Вось тут будуць гэтыя масткі:

Сустрэнемся ўлетку! А пакуль вучыцеся плаваць.