Лесвіца
Пачынаючы пісаць, трэба пачынаць з галоўнага. А што галоўнае? Па-першае, у кожнага чалавека будзе сваё галоўнае. Па-другое, калі чалавек ці то сам дробны, ці то проста прачнуўся не ў гуморы, то і галоўнага ў яго можа не быць - усе думкі ды пачуцці будуць дробнымі ды "нармальнымі". А хіба ж пра такое пішуць? Пішуць пра тое, што рвецца на прастору! Па-трэцяе, патрэбен чытач. Калі няма для каго, то і навошта? Вось табе, мой чытач, зараз і распавяду пра маё галоўнае.
Верасень дагарае, а я раблю лесвіцу на гарышча. Шліфую дошкі, мне дапамагаюць "балгарка" ды "шурык". Зрабіў цеціву, замацаваў на вугалкі ўнізе ды на шурупы ўверсе. Цеціва з бруса, каторы колькі год марнаваўся на дажджы ды сонцы і набыў адно з пяцідзесяці адценняў шэрага (дзякуючы шліфмашынке, брус асвяжыўся і надбаў высакароднасці). Прыступкі з такога самага бруса, і зараз будзе неабходна ўдыхнуць у гэтую Бураціну новае жыццё.
Стварэнне жыцця - працэс даволі інтымны. Так і зараз, у мяне гэта праца сам-на-сам, калі дзеці ў школе ды садку і ніхто не адцягвае тваю ўвагу. Гэта мая сёняшняя мантра і мой сёняшні рэлакс. Дараблю і падымуся па новых прыступках адпачыць, уяўляючы сябе гэтакім мясцовым богам на шосты дзень ці хаця б Рабінзонам на шосты тыдзень. У плячах і далонях прыемная спякота, на твары - легкая ўсмешка. Прыемна бачыць вынік сваіх намаганняў, і прыемней удвая, калі пад апошнімі промнямі яшчэ цёплага сонейка разумееш: ты зрабіў штосці, што дапамагае тваім дзецям рухацца ўверх і наперад.