September 29, 2023

Тэорыя струнаў

Фрэдзі Меркуры і Браян Мэй

Спадзяюся, вы ведаеце, пра што гэтая тэорыя. Калі не, то караценька: яна намагаецца аб’яднаць у адно фізічныя законы макрасусвета і мікрасусвета, а яшчэ прадугледжвае існаванне дадатковых вымярэнняў акрамя знаёмых нам трох вымярэнняў прастранства (даўжыня, шырыня, вышыня) і — чацвертага — часу.

Усё гэта дастаткова складана, і цяжка сабе ўявіць нешта незнаёмае. Але вось на якую думку навяла мяне гэтая тэорыя: нашыя магчымасці, канешне, абмежаваныя, але яны куды большыя, чым мы прызвычаіліся лічыць. Кожны можа знайсці сваё пятае вымярэнне. Навучыцца нечаму новаму з зусім іншай сферы. Я апошнім часам натхняюся Браянам Мэем, і зараз вам пра яго распавяду.

Большасць ведае Браяна, як легендарнага гітарыста Queen, але таленавіты чалавек, кажуць, таленавіты ва ўсім! І сэр Мэй, акрамя таго, што дае канцэрты па ўсёй планеце, яшчэ і практыкуючы доктар астранамічных навук. Апошні буйны праект, у якім прымаў удзел "простой музыкант, хуле там на гитаре бренчать, иди, делом займись!" — NASAўскі "ОSIRIS-REx". Гэтая місія была адпраўлена на астэроід Бэну (узростам больш за 4,5 млрд гадоў), каб троху праліць святло на загадку з’яўлення жыцця на Зямлі (мяркуецца, што бактэрыі і ваду на нашу планету маглі прынесці менавіта астэроіды).

Космас

Місія доўжылася сем год і днямі паспяхова скончылася — апарат прызямліўся ў Юце. Два гады ў адзін канец, два гады — зваротны шлях. Астатнія тры гады — збор дадзеных з арбіты, пасадка, забор грунту і ўзлёту. І вось менавіта Браян Мэй па выніках дадзеных, якія ўдалось сабраць на арбіце Бэну, зрабіў стэрэаскапічную выяву астэроіда. І, як мы бачым, не памыліўся — гэта дазволіла зонду бяспечна "прылуніцца" і зрабіць усе неабходныя маніпуляцыі. Таму, паважаны ты мой чытач, ніколі не позна пацягнуцца, і, нарэшце, дакрануцца да сваёй мары!

Ужо праз тыдзень 76-ці гадовы музыкант выйдзе на сцэну ў Балтыморы, прадэманструе нам практыку струнаў і выканае лепшыя хіты гурта Queen. А што ты зрабіў для хіп-хопу ў свае гады? ;)

Браян Мэй кайфуе на сцэне