October 13

Стары мост. Разбурэнне.

Разам з каналам "Hrodna 11:27" знаёмімся з мінулым горада на старых паштоўках.
У нашым першым допісе разглядалі гісторыю Старога моста ад пабудовы і да 1915 года. Працягнем аповед наступнай старонкай, пабачым, што сталася з пераправай у гады Першай сусветнай.

"Гродна, разбураны гарадскі мост, 1916 г." крыніца: delcampe.net

Летам 1915-ага года кайзераўскія войскі правялі паспяховае наступленне пад Карпатамі і рушылі далей на Ўсход. У жніўні яны былі ўжо на тэрыторыі Беларусі, у сярэдзіне месяца пачаліся баі за Гарадзенскую крэпасць. Яна была гатова да абароны, але агулам сітуацыя на фронце для царскай арміі складвалася вельмі цяжка, таму было прынята рашэнне аставіць фартэцыю, каб не трапіць у акружэнне. Пры адступленні карысталі тактыку "выпаленай зямлі" — усё што можна было вывезці, падлягала эвакуацыі, а што не, знішчалася. Так, напрыклад, амаль цалкам спалілі Брэст-Літоўск. Горадні пашанцавала больш, але лагістычную інфраструктуру расейскія сапёры паспелі ўзарваць, у тым ліку чыгуначны мост і вакзал, і таксама Стары мост.

Фотаздымкі разбуранага моста праз Нёман сталі папулярным сюжэтам для тагачасных паштовак. Друкавалі іх як тутэйшыя, так і нямецкія выдаўцы. Разглядзім падрабязней наш экзэмпляр:

"Від на Гродна, 1915 г." Крыніца: https://t.me/poshtabel, грамадскі набытак.

Фатограф стаяў на вядомым гродзенцам прыгожым кляпаным мосце на вуліцы Дарвіна. Самыя сталыя жыхары яшчэ не так даўно называлі яго Уланскім, бо да Другой сусветнай адна частка вуліцы Дарвіна называлася Уланская, а другая - Бажнічая (там стаяла драўляная сінагога).

Злева добра бачны комплекс будынкаў піўзавода Кунцаў. Праўда, на той момант апошні ўласнік завода з дынастыі Кунцаў - Ігнацій - памёр, а прадпрыемства купіў Браніслаў Краткоўскі. Ён быў добрым гаспадаром і змог хутка аднавіць рэпутацыю завода, якую падпсаваў апошні з Кунцаў. Але бізнес Краткоўскага не перажыў Першай сусветнай, а нямецкая адміністрацыя вывезла частку абсталявання ў Германію.

Сёння ні для каго не сакрэт, што галоўны корпус піўзавода гэта насамрэч былы магнацкі палац Сапегаў і Агінскіх - вельмі каштоўны помнік архітэктуры, які можа пабачыць на мапах яшчэ XVII ст.! Сёння яго аднаўляе польскі інвестар, але вялікай прамысловай вытворчасці там ужо не будзе.

Абоз на фота паварочвае ўніз на сённяшнюю Леванабярэжную, дзе быў хутка збудаваны часовы драўляны масток, каб злучыць абодва берагі Нёмана, гэтая пераправа таксама трапіла на паштоўку:

"Нямецкия піянеры падчас будаўніцтва пераправы, 1915 г." крыніца: delcampe.net

Тут бачым шчыльназабудаваны і густанаселены квартал, які ў міжваенны час называлі на ідыш “Сёвке гэсал” (Сёўчын квартал) ад імя нейкага Сёвы, або Сёўкі. Там жылі небагатыя яўрэі і беларусы.

Абедзьве карткі паходзяць з адной серыі. Камплект складаўся з 10ці каляровых паштовак, якія былі надрукаваны ў Берліне выдавецтвам "Kagan & Co". Наш экзэмпляр прайшоў пошту ўлетку 1918-ага года — паштоўкамі карысталіся да самага канца вайны, і нават пасля яе: на асобных ваенных картках сустракаюцца пазнакі 20-ых, і нават 30-ых гадоў!

"Від на Гродна, 1915 г., адваротны бок" Крыніца: https://t.me/poshtabel, грамадскі набытак.

Што цікава, гэта нават не арыгіналы, а тагачасныя "піраткі"! Попыт на паштоўкі быў настолькі вялікім, што "прадпрымальныя" людзі з таго карысталіся , і, часам, не вельмі сумленна: перамалеўкі, перадрукі, расфарбаваныя чорна-белыя сюжэты паўтаралі першаркыніцу, але не спасылаліся на фатографа. Аўтарам менавіта гэтага здымка быў Альфрэд Кюлевінд — афіцыйны нямецкі фотакарэспандэнт, які ў 1915-ым быў на Гарадзеншчыне і зрабіў некалькі дзясяткаў кадраў. Паводле іх таксама былі надрукаваны паштоўкі, якія ўвайшлі ў вялікую серыю "Vom Ostlichen Kriegsshauplatz" ("З Усходняга тэатру ваенных дзеяў"). Вось і наша, "не пірацкая" версія:

крыніца: delcampe.net

Асноўная розніца паміж фота 1915 і 2024 гадоў заўважная ў левым верхнім куце здымка. Сёння там стаіць пазнавальны гмах гродзенскага драмтэатра, а на старым здымку - храм. Спачатку гэта быў жаночы бернардынскі кляштар і касцёл, а ў сярэдзіне XIX ст. будынкі заняў праваслаўны Барысаглебскі манастыр - той, што працаваў у Каложскай царкве, пакуль яна не абвалілася ў Нёман. Надзвычай цікавы комплекс будынкаў быў моцна пашкоджаны ў 1941 годзе і цалкам разабраны ўжо пасля Другой сусветнай вайны. На яго месцы да канца 1970-ых гадоў быў пустыр.

Сучасны ракурс, 2024 год. Крыніца: https://www.instagram.com/nature.ilona/

Калі казаць больш пра бернардынскія кляштары, бачныя на фота - згаданы ўжо жаночы на месцы драмтэатра і мужчынскі на горцы справа, то варта адзначыць, што называць іх бернардынскімі наогул не зусім карэктна. Справа ў тым, што на землях былой Рэчы Паспалітай бернардынцамі называлі рэфармаваную версію ордэна францысканцаў (а назва ўзялася ад касцёла святога Бернарда ў Кракаве), а бернардынкамі - манашак згуртавання святой Клары, то бок кларысак. Але ж кларыскі заўсёды будавалі манастыры побач з бернардынцамі і знаходзіліся пад іх духоўнай апекай. Таму на нашых землях іх сталі называць зазвычай бернардынкамі.

Гарадзенцы і ў мінулым і сёння жартуюць, што паміж жаночым і мужчынскім кляштарамі абавязкова павінен быў быць пракапаны падземны ход - для прыватных візітаў, калі патрэбы цела перамогуць патрэбы духоўныя :)

*****
Дзякуем за ўвагу! Падтрымаць аўтараў можна падпіскай ды падабайкамі:

"Палявая пошта"
- https://www.instagram.com/poshtabel/
- https://t.me/poshtabel

"Hrodna 11:27"
- https://t.me/hrodna1127
- https://www.instagram.com/hrodna1127/
- https://www.youtube.com/@Hrodna1127

🤝 Калі ласка, спасылайцеся на гэты допіс, калі карыстаеце фота ці тэкст з яго :)

*****

Архіў рубрыкі "Грамадскі набытак":

ГН#1. Гарадзенскія замкі.

ГН#2. Найпрыгажэйшы вакзал Аляксандраўскай чыгункі.

ГН#3. Брэст-Літоўск у пекле Першай сусветнай.

ГН#4. Нараты. Паштоўкі зьніклай вёскі.

ГН#5. Касьцёл св.Аляксея, Смаргонь.

ГН#6. Страчаныя могілкі ў Берасьці.

ГН#7. Стары мост у Горадні.

ГН#8. Мастакі забытай вайны. Ernst Schellman.