Менск на паштоўках Белсаюзфота, 1930-ыя
Сярод тысяч савецкіх паштовак з беларускімі гарадамі найбольш рэдкімі і цікавымі з’яўляюцца даваенныя карткі БССР. На іх можна пабачыць нашы гарады да разбурэнняў Другой сусветнай, уявіць тагачасны лад жыцця. На жаль, такіх паштовак захавалася мала, дый няшмат пра іх вядома.
Разам з “Беларускі Піонэр” шукаем гэтыя карткі, спрабуем пра іх пісаць, ствараць уласны каталог, ды трошкі расказваць. У гэтым допісе паглядзім на Менск 30-ых гадоў на паштоўках “Белсаюзфота”!
Трошкі з гісторыі
Трэст “Саюзфота” – усесаюзнае аб’яднанне па цэнтралізаванаму выпуску фотаілюстрацый для часопісаў, журналаў ды іншых спажыўцоў фотаінфармацыі. Арганізацыя была створана ў 1931 г. каб падвысіць эфектыўнасць дзяржагітацыі і прапаганды. Па выніку атрымаўся адзіны на ўсю краіну фотаканцэрн, які меў лакальныя філіі ў саюзных рэспубліках, у нашай краіне – “Белсаюзфота”
Паштоўкі
Паштоўкі рабілі паводле здымкаў мясцовых фотакарэспандэнтаў. Агулам, у сярэдзіне 30-ых такіх у "Саюзфота" было ўжо больш за тысячу. Вядома, што за кожны прыняты негатыў фотакоры СФ атрымлівалі ад 4 да 10 рублёў, пазьней грашовыя ўзнагароды замянілі на таварныя.
З наяўных матэр'ялаў ведаем прозвішчы пяці супрацоўнікаў беларускай філіі: нехта Грын, Лупейка, Казловіч, Папоў і Шышко. Паглядзім на іх фота:
“Еўропа” – найбуйнейшая гасцініца дарэвалюцыйнага Мінска і пасля рэвалюцыі выконвала свае функцыі. На паштоўцы цікава тое, што тут пададзена старая, але, відаць, папулярная ў народзе назва гасцініцы, хаця афіцыйна ў тыя часы яна называлася “Цэнтральная гасцініца Менкамгасу”
Першы дом Саветаў – жылы дом для наменклатурнай эліты БССР. Ён размясціўся ў былым даходным доме Абрампальскага па вуліцы Савецкай і дагэтуль мае такі ж адрас, нягледзячы на тое, што з пачатку 1930-х гадоў, калі быў зроблены здымак, наваколле дома кардынальна змянілася: вузенькая Савецкая з трамвайнымі шляхамі пасярэдзіне ў гэтым месцы пашырылася да адной з найбуйнешых плошчаў у Еўропе - плошчы Незалежнасці.
Да рэвалюцыі гэта была па сутнасці ўскраіна горада, але, пасля пабудовы ўніверсітэцкага гарадка БДУ і Дома Урада, менавіта тут пачаў фармавацца новы цэнтр сталіцы.
На старых паштоўках можам пабачыць, як выглядаў трамвай у даваенным Менску. Сістэма электрычнага трамвая ў Менску была адкрыта 13 кастрычніка 1929 года. Вагоны, як і для іншых гарадоў СССР, рабілі на заводзе у Мыцішчах.Тыя мадэлі Х, потым сцэпка Х і М былі не надта камфортнымі: як успаміналі тагачасныя супрацоўнікі, падчас паездкі трамвай дужа грукатаў, яго трэсла з боку ў бок.
Тым не менш, ён спраўна выконваў сваю функцыю. Так, паводле даследчыкаў, у 1930 годзе трамваем скарысталася 11 мільёнаў пасажыраў, а праз пару год, з адкрыццём новых ліній — ужо 22 мільёна!
Віленскі (Лібава-Роменскі) вакзал — назва аднаго з двух вакзалаў у сталіцы ў 1871—1928 гадах. З 1928 — Менскі чыгуначны вакзал.
У 1919—1920 будынак быў моцна пашкоджаны пад час польскай акупацыі Менска. У рэканструкцыю 1920—1925 над часткай будынка надбудаваны другі паверх, дзе размясціліся адміністрацыя і памяшканні для адпачынку.
Перліна міжваеннай архітэктуры. Вялізарны будынак архітэктара Іосіфа Лангбарда ўзводзіўся ў 1929-1934 гады і дагэтуль з’яўляецца самым вялікім адміністрацыйным збудаваннем у Беларусі па ўнутранай плошчы.
Цікава, што большасць здымкаў Дома Урада ў 1930-я гады была зроблена з даху галоўнага корпуса БДУ, які стаяў на супрацьлеглым баку Савецкай вуліцы. Цяпер той стары корпус, які яшчэ да вайны быў перададзены Педагагічнаму інстытуту, схаваны за новай высоткай БДПУ.
Яшчэ адзін твор архітэктара Іосіфа Лангбарда. Ён з’явіўся на месцы дарэвалюцыйнага Архірэйскага падвор’я, дарэчы, некаторыя яго часткі ўключылі ў аб'ём новага будынка.
Адна з легендаў кажа, што архітэктар планаваў, каб парадны ўваход у Дом афіцэраў быў з боку Свіслачы (супрацьлеглы бок ад выяўленага на фота) і спраектаваў там вялікую парадную лесвіцу, але пры наступных разбудовах горада той бок аказаўся схаваны за новымі дамамі і цяпер каб пабачыць тую лесвіцу трэба абыходзіць дом з двара.
Гарадскі парк на гэтым месцы быў афіцыйна адкрыты яшчэ ў 1805 годзе. У 1920-я гады ён меў назву “Сад профінтэрн”, а імя Горкага яму прысвоілі ў 1936 годзе. На паштоўцы бачна трыбуны паркавага велатрэку, якія знаходзіліся прыкладна там, дзе зараз лядовая арэна ХК “Юнасць”.
№8 "Новы Менск"
Паштоўка-калаж складаецца са здымкаў, якія мы ўжо разгледзелі + "Палац Піонэраў", які, вельмі верагодна, існуе асобнай паштоўкай. Арыгінал пакуль не бачылі, але авансам можам занесьці яго ў нашу падборку.
№9 "Палац Піянераў і Акцябрат імя тав.Гікало"
Быў адкрыты 29 верасня 1936 года на скрыжаванні вуліц Кірава і Энгельса. Над яго праектам працавалі вядомыя архітэктары Аляксандр Воінаў і Уладзімір Вараксін. У штаце установы працавалі больш 100 чалавек, дзеці маглі наведваць шматлікія кружкі і секцыі.
Цікава, што першапачаткова гэта мусіў быць клуб будаўнікоў у стылі канструктывізму. Але тады будынак не быў завершаны і некалькі гадоў стаяў недабудам. Да яго вярнуліся ў 1935, калі парадыгма архітэктурных стыляў у СССР змянілася і просты па форме будынак архітэктары перарабілі ў стылі пышнага неакласіцызма.
Палац быў пашкоджаны у гады Другой Сусветнай, адноўлены ў пасьляваенны час. Цяпер тут Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасьці для дзяцей і моладзі.
*****
Такім чынам, нам атрымалася знайсьці каля дзясятка картак выдавецтва "Белсаюзфота". Цяжка назваць гэтыя экзэмпляры адной серыяй: можна заўважыць розныя шрыфты пры афармленні, друкавалі іх таксама ў розны час, паводле здымкаў розных фатографаў, неаднолькавым тыражом. Пэўна, у рэдакцыі адбіралі найбольш удалыя негатывы і выпускалі як паштоўкі па-асобку. На жаль, адваротны бок усіх паштовак абсалютна пусты, нават не разлінеены пад адрас, ня знойдзеш і дадатковых зьвестак ад выдавецтва пра дакладны час друку.
А ўсё ж гэта прыгожыя і адметныя паштоўкі, "дакументы эпохі", якія засьведчылі дасягненні сталічнага горадабудаўніцтва ў міжваенны час. Да таго ж, аформленыя па-беларуску, дзе яшчэ можна пабачыць спрадвечную назву горада ва афіцыяльным ужытку. Малы наклад робіць гэтыя карткі рэдкімі і дарагімі, і на сённяшні дзень іх можна лічыць "разынкай" любой філакартычнай калекцыі.
💌💌💌
🙌 Дзякуй за ўвагу, спадарства ! Асобны дзякуй адміну канала "Беларускі Піонэр" за кансультацыі і матэр'ялы архіваў.
🤝 Больш старых беларускіх паштовак і гісторый пра іх вы знойдзеце ў сац.сетках Палявой Пошты, калі ласка, спасылайцеся на іх, калі карыстаеце тэкст ці відарысы з гэтага допіса.
❤️ Падтрымаць аўтара і праект запрашаю кубачкам кавы:
https://www.buymeacoffee.com/poshtabel