March 7

Нароты. Паштоўкі зніклай вёскі.

Краявід вёскі, малюнак Вальтэра Штарке. Паштоўка з калекцыі Уладзіміра Багданава.

Нароты — колішняя вёска недалёк ад Смаргоні. У пісьмовых крыніцах вядома з пачатку ХVII стагоддзя як уладанне Зяновічаў, потым Радзівілаў. Сустракаецца таксама назва "Нараты".

Вёску можна пабачыць ў хроніках Першай сусветнай: бліжэй да канца 1915-ага тут замацавалася лінія фронта, ваяры абедзьвюх армій займалі навакольныя паселішчы і рыхтаваліся да абароны. Нараты апынуліся на нямецкім баку.

Смаргонь і Нароты на нямецкай мапе 1917-га года.

Гэты раён застаўся ў вайсковай гісторыі як месца вельмі жорсткіх, працяглых і крывавых баёў. Адтуль і прыказка: "Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал".

Кайзераўскія войскі затрымаліся тут амаль на два з паловай гады, з тых часоў да нас дайшлі шматлікія фота і малюнкі з краявідамі мястэчка і ваколіц. На выявах, што рабілі нямецкія жаўнеры, можам пабачыць асобныя эпізоды з жыцця вёскі цягам доўгай акупацыі.

Асобна можна адзначыць серыю замалёвак Вальтэра Штарке. Ён служыў у 103-ім саксонскім пяхотным палку, што ваяваў пад Смаргонню, адлюстраваў пабачанае ў малюнках, што пазней былі выдадзены на паштоўках. Асобныя творы мастака друкаваліся таксама і ў папулярным штотыднёвіку "Іllustrierte Zeitung": да навін з Усходняга і Заходняга фронту абавязкова шлі ілюстрацыі з месца падзей.

Нароты, галоўная вуліца. Малюнак Вальтэра Штарке, калекцыя Уладзіміра Багданава.

Прыгожы малюнак, на якім бачым вартавога са зброяй у пачатку галоўнай вуліцы. Цяжка разгледзець што за вінтоўка, але пэўна карабін Маўзэра, які тады быў стандартным для нямецкай арміі. Калі павялічыць карцінку, на шыльдзе дома справа чытаецца "Naroty".

Вядомы яшчэ пара малюнкаў вёскі ад пакуль што неатрыбутаванага мастака. Пазнакі на паштоўках указваюць на трэцюю роту 103-га палка ландверу. Хто ведае, можа аўтары малюнкаў былі паміж сабой знаёмы. Абодва, дарэчы, друкавалі свае паштоўкі ў Дрэздэне.

Нароты, "Дом рамесніка", невядомы мастак. Крыніца: "Палявая пошта", грамадскі набытак
Адваротны бок паштоўкі з пазнакай 3-яй роты 103 пяхотнага палка. Крыніца: "Палявая пошта", грамадскі набытак
"Казіно" у Наротах пасля выбуху вечарам 4 ліпеня 1916 года. Калекцыя Уладзіміра Багданава.

Акром маляваных, ёсць і фатаграфічныя выявы вёскі: цікавыя фотаздымкі на картках Германа Поя. Гэта яшчэ адно выдавецтва з Дрэздэна, што друкавала паштоўкі для жаўнераў родам з Саксоніі, што ваявалі пад Смаргонню.

"Нароты пасля абстрэлу 2 ліпеня 1916 года". Выдавец Hermann Poy, Дрэздэн. Калекцыя Уладзіміра Багданава.
"Дом ля дарогі ў Наротах", яшчэ адна паштоўка з серыі. Калекцыя Уладзіміра Багданава.

Таксама пра вёску захаваліся цікавыя сведчанні з тых часоў: тут была нават свая бібліятэка! Невялічкі фрагмент з успамінаў ніжэй:

"Ня ведаю, ці былі ў іншых падраздзяленнях свае бібліятэкі ў гады Першай сусветнай, але вельмі рана яна з'явілася ў брыгады графа фон Пфейля. Калі восенню 1915-га наступленне на Ўсходзе спынілася, і пачалася пазіцыённая вайна, капрал Бруно Танцман задумаў стварыць бібліятэку для сваёй брыгады, каб жаўнеры маглі адпачыць пасля працы ў акопах і баявых дзеянняў. Граф адразу зразумеў, наколькі гэта ідэя каштоўная, і памог Танцману яе рэалізаваць. Так, у студзені 1916-га, шмат пакункаў з кнігамі прыбыло на станцыю Солы, адкуль яны трапілі на фронт да 101-га і 103-га ландверных палкоў. Каталог бібліятэкі, які напачатку меў 2000 тамоў, з часам павялічыўся ў два разы. Афіцэры і салдаты актыўна карысталіся бібліятэкай, на жаль, яе прыйшлося перавезьці, бо паступова ад вёскі Нараты не засталося аніводнага будынка..."

Бібліятэка ў Наротах, малюнак Поля Бётгэра. Архіў Уладзіміра Прыхача.

Падсумаванне

Перыяд 1915-1918 выдаўся надзвычайна цяжкім для Смаргонскага краю: першыя на Ўсходнім фронце газавыя атакі, безліч ахвяраў, спаленыя гарады і вёскі. Да апошніх можна залічыць і Нароты, якія былі ля самай перадавой — вёска была ўшчэнт зруйнавана падчас артылерыйскіх абстрэлаў. Пазней гэта месца страціла і сваю спрадвечную назву, трапіўшы у сумны спіс аб'ектаў, якія перайменавалі ў БССР у 1960-ых гадах.

Цяперашняя назва "Арахэўка" губляецца сярод падобных, больш прыдатных для садовых таварыстваў. Напамінаюць пра мінуўшчыну толькі рэшткі фартыфікацый, ды старыя фота і малюнкі. Каштоўнасць апошніх для гістарычнай памяці ўзрастае, бо толькі яны даюць пабачыць частку нашай краіны, якая знікла назаўсёды.

Крыніцы:

1) Архіў Уладзіміра Прыхача
2) Калекцыя Уладзіміра Багданава
3) "Переименованные населенные пункты Беларуси"
4) Archiwum Map WIG
5) Die Feldbücherei der Brigade Graf von Pfeil, стр.75
6) https://en.wikipedia.org/wiki/Illustrirte_Zeitung
7) https://www.guestrow-history.de/index.php/trau-schwab

Калі ласка, спасылайцеся на "Палявую пошту", калі карыстаеце здымкі ці тэкст з артыкула:
https://www.instagram.com/poshtabel/ ці https://t.me/poshtabel

Запрашаю падтрымаць праект "кубачкам кавы" на:
https://www.buymeacoffee.com/poshtabel
То паможа набываць рэдкія паштоўкі і фота, і пісаць цікавыя артыкулы па тэме :)
(дзякуй!❤️)