Мастакі забытай вайны. Kurt Arendt
Цікавай візуальнай крыніцай па гісторыі і этнаграфіі Беларусі з'яўляюцца маляваныя карткі часоў Першай сусветнай. Гэты тып паштовак вельмі адметны, бо на іх месцы і сюжэты, якія і да, і пасля вайны не карысталіся ўвагай нашых выдаўцоў. Сапраўды, навошта было менскаму фатографу ці віцебскаму мастаку ехаць за горад, каб занатоўваць сялянскія хаты – ды хто ў нас іх не бачыў?
У кайзераўскіх салдат была свая матывацыя. Няважна дзе служыш: у горадзе, мястэчку, ці на вёсцы – дамоў пісаць усім трэба, а яшчэ лепш, калі можна паказаць, у якім дзіўным краі ты апынуўся. Адтуль і сотні, тысячы цікавых сцэнак з розных куткоў Беларусі на паштоўках. Сярод тых мастакоў было шмат аматараў, як, напрыклад, Эрнст Шэльман, пра якога быў мінулы допіс.
Гэтым разам прыгадаем іншага чалавека, для якога мастацтва было ўжо прафесіяй. Курт Герхард Арэндт вучыўся ў мастацкай школе ў Брэслаў (цяпер Уроцлаў, Польшча), з пачаткам вайны быў прызваны ў войска і неўзабаве трапіў на Усходні фронт. Лёс закінуў яго ў Баранавічы, дзё ён атрымаў пасаду ілюстратара ў мясцовай газеце: Deutsche Kriegs-zeitung von Baranowitschi.
У газеце можна было пачытаць навіны з Германіі, але большая частка матэр’ялу была прысвечана мясцовым падзеям, да якіх падаваліся адпаведныя здымкі і малюнкі. Думаецца, за час службы Арэндт пасьпеў добра вывучыць Баранавічы і раён: на ягоных працах не толькі горад, але і ваколіцы: Шчара, Новая Мыш, Сталовічы, Мышанка... Першы малюнак аўтара сустракаецца ў газеце ў лютым 1916-га года:
Пазней па ім выдалі асобную паштоўку:
Потым гэты шлях прасочваецца і далей: публікацыя ў газеце – выпуск паштоўкі. Плённая праца давала магчымасць рэгулярна друкаваць карткі ў баранавіцкім выдавецтве газеты.
Як зразумець, ці маюць гэтыя творы нейкую вартасць, наколькі прафесійна яны выкананы? Сваім бачаннем падзяліўся Сяргей Харэўскі, беларускі культуролаг і мастацтвазнаўца:
“Паштоўкі, вырабленыя паводле малюнкаў Курта Арэндта вылучаюцца сярод іншых большым узроўнем прафэсіяналізму, што выяўляецца праз кампазыцыйныя рашэнні як фрагэмэнтаў пейзажу так і жанравых сцэнаў, упэўненыя спрактыкаваныя абрысы галоўных элементаў, што нагадваюць пра тагачасны стыль мадэрн".
"Асабліва відавочна, што аўтар меў грунтоўную мастацкую падрыхтоўку, у шматфігурных сцэнах, або ў складаных па пабудове элементах архітэктурных краявідаў".
"Жанравыя карцінкі Курта Арэндта з побыту нямецкіх вайскоўцаў у беларускай правінцыі ўяўялюць сёння ня толькі дакумэнтальную, але пэўную мастацкую каштоўнасць. Некаторыя з іх маюць кароткія дасціпныя подпісы, што прадстаўляюць большасць персанажаў у гумарыстычным, часам з’едлівым, тоне.
Адметна, што тэкст на гэтых картках зроблены на ідыш, а не на нямецкай. Без ведання кантэкста цяжка зразумець дакладны сэнс напісанага, але відавочна, што мастак кепікі строіў з тутэйшых габрэяў.
Для мясцовых краязнаўцаў цікавасць уяўляюць замалёўкі баранавіцкіх вуліц: Kaiser-Wilhelmstrasse, Bismarkstrasse, ды іншыя. Канешне, у іх цяжка пазнаць цяперашнія Чырвонаармейскую, Горкага, бо ад таго старога мястэчка амаль нічога не засталося.
Падсумаванне
Пасля вайны Курт Арэндт застаўся ў прафесіі: працаваў настаўнікам малявання, быў сябрам мастацкіх аб’яднанняў у Нямеччыне. Засталося багата ягоных малюнкаў і гравюраў на пейзажныя і сацыяльныя тэмы, а таксама выяваў помнікаў з ваколіц колішняга Райхэнбаху (цяпер г.Дзяржонеў, Польшча) – малой радзімы мастака.
Але пачатак творчага шляху Курта Арэндта назаўжды застаўся знітаваны з ягоным побытам у Беларусі. Гэту старонку біяграфіі нельга ацэньваць станоўча – усё ж ён, як і ягоныя калегі, быў акупантам. Тым не меньш, такую працу: дзясяткі сюжэтаў з Баранавіцкага краю пачатку ХХ стагоддзя не варта адкідаць – з яе яшчэ могуць карыстаць даследнікі нашай гісторыі.
*****
Дзякуй за ўвагу! Асобная падзяка за кансультацыі і матэр'ялы калекцый Яўгену Крукоўскаму, Уладзіміру Багданаву і Сяргею Харэўскаму.
Таксама дзякуй Фрыдману Швэнцэру і Анэліі Крэйн за лінгвістычныя заўвагі па ідыш/нямецкай.
Запрашаю на старонку "Палявой пошты" ў тэлеграме ці інстаграме. Калі ласка, спасылайцеся на гэтыя сац.сеткі, калі карыстаеце матэр'ялы з артыкула.
Калі вам падабаюцца такія допісы, калі ласка, падтрымайце аўтара падпіскай на платформе:
🤝 https://www.patreon.com/poshtabel
ці
☕️ https://buymeacoffee.com/poshtabel
Архіў рубрыкі "Мастакі забытай вайны": №1. Ernst Schellmann