February 4

Гомель на паштоўках 1930-ых гадоў.

Разам з каналам “Беларускі піонэр” працягваем шукаць раннія паштоўкі БССР. Яны ня толькі рэдкія, але і цікавыя праз тое, што на іх адлюстравана: горадабудаўніцтва ва ўсходняй Беларусі, узоры новай на той час архітэктуры, жыццё ў нашым краі да вайны.

У першым допісе мы сабралі некаторыя карткі “Саюзфота” з выявамі даваеннага Менску.

💌 Гэтым разам паглядзім стары Гомель на паштоўках “Ізогіз”.

Трохі з гісторыі

“ИЗОГИЗ” (Государственное издательтсво изобразительного искусства) - спецыяльнае выдавецтва, якое друкавала кнігі, плакаты, вучэбную літаратуру, паштовыя карткі ды іншыя рэчы мастацкай тэматыкі на патрэбы дзяржпрапаганды.

На іх прадукцыі можна сустрэць фірмовы лагатып, які ў 1930-ых выглядаў вось так:

Паштоўкі На адной з серый паштовак выдавецтва можна пабачыць наш Гомель 30-ых гадоў. Усе карткі пранумераваны, адчуваецца, што выяву для першай выбралі сымвалічна. Знаёмства з горадам пачынаецца з вакзала! 🚂

№1 "Вазкал"

крыніца: фонд ГМИЛ (Государственный музей истории Ленинграда)

Чыгуначны вакзал, выяўлены на фота, быў пабудаваны ў 1890-я гады, такім ён прастаяў амаль да пачатку Другой сусветнай. Перад самай вайной пачалася маштабная рэканструкцыя будынка, на узор падобнай рэканструкцыі ў Мінску, дзе перабудаваны вакзал быў адчынены ў 1940 годзе. Але гомельскі да пачатку вайны перабудаваць не паспелі, цягам ваенных дзеянняў будынак быў моцна пашкоджаны. Аднаўленне і рэканструкцыю вакзала завяршылі ўжо пасля вайны, у 1948 годзе.

крыніца: фонд ГМИЛ (Государственный музей истории Ленинграда)

Картка не прайшла пошту, але адваротны бок гэтай серыі сам па сабе даволі інфарматыўны. Прыцягвае ўвагу надпіс “POŜTA KARTO” на мове эсперанта.

У 1925-ым “Народны камісарыят пошты і тэлеграфа” вызнаў эсперанта як мову міжнародных паштовых зносін. Агулам, да пачатку 30-ых гэта штучная мова карысталася вялікай папулярнасьцю ў СССР: яе вывучалі ў Чырвонай Арміі, на ёй выдаваліся газеты, кнігі і часопісы, праводзіліся радыёканцэрты.

З разгортваннем сталінскіх рэпрэсій, увага да эсперанта змянілася са станоўчай да негатыўнай, мова набыла статус “шпіёнскай”.

№ 2 “Дом Саветаў”

крыніца: калекцыя "Палявой пошты" https://t.me/poshtabel

Выканкам размясціўся ў будынку дарэвалюцыйнага гатэля “Савой” — перліне стыля мадэрн ад знакамітага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага.

Дом быў пабудаваны ў 1912 годзе па заказе купцоў Шановічаў на рагу цяперашніх вуліц Савецкай і Камунараў. Да Першай сусветнай вайны тут размяшчаліся таксама цырульня, сінематограф і шмат магазінаў на 1-ым паверсе.

У 1919-ым гатэль стаў цэнтрам падзей Стракапытаўскага антысавецкага мяцежа, пра які потым знялі фільм з адпаведнай назвай — "Гатэль “Савой”.

Камяніца моцна пацярпела ў Другую сусветную, пасля вайны яе вырашылі не аднаўляць і пабудавалі на гэтым месцы новы ўнівермаг. Захавалася толькі частка старога будынка з кіназалам — там у 1948 годзе быў адчынены кінатэатр, які працуе і цяпер.  

крыніца: калекцыя "Палявой пошты" https://t.me/poshtabel

Сярод выдавецкіх пазнак на адваротным баку чапляе ўвагу экзатычны надпіс “Meццо-тинто”. Назва паходзіць ад спецыяльнай тэхнікі глыбокага друку. ( ад італьянскага “mezzo — сярэдні, tinto — пафарбаваны”). Для выявы бралі чорны фон, і праз розную градацыю светлых мясцін атрымлівалі неабходную карцінку. Такі эффект выглядаў па-свойму прыгожа, але якасць саміх паштовак не надта высокая, таму зараз на іх цяжка разгледзець дробныя дэталі на сканах.

№ 3 "Вуліца Савецкая"

крыніца: фонд ГМИЛ (Государственный музей истории Ленинграда)

Фотаздымак зроблены недалёка ад былога гатэля “Савой” — на заднім плане бачны купал былога Руска-Азіяцкага банка, пабудаванага ў 1912 годзе паводле праекта Оскара Мунца.

Будынак, у адрозненні ад гатэля “Савой”, цалкам захаваўся і цяпер у ім размяшчаецца аддзяленне Нацыянальнага банка Беларусі.

крыніца: фонд ГМИЛ (Государственный музей истории Ленинграда)

Цікава на старых паштоўках знаходзіць пазнакі калекцыянераў, часам, даволі вядомых у свой час людзей. Напрыклад, на гэтым экзэмпляры можна пабачыць штамп Н.С.Тагрына.

Мікалай Спірыдонавіч быў заўзятым калекцыянерам, які за жыццё сабраў больш за 600 тысяч (!!!) паштовак. Гэта дакладна самая вялікая калекцыя ў СССР, і магчыма, у свеце. На кожным экзэмпляры прастаўлены ініцыялы і год занясення ў асабісты каталог. Вельмі рэдка, але бывае ў продажы сустракаюцца карткі з ягонай пазнакай.

Па смерці Тагрына, ягоны архіў перадалі ў Дзяржаўны музей гісторыі Ленінграда.

№ 4 "Дом ЖАКТа"

крыніца: фонд ГМИЛ (Государственный музей истории Ленинграда)

Гэта ўзор сучаснай (на момант друку паштоўкі) архітэктуры савецкага Гомеля, пабудаваны паводле праекта ўсё таго ж Станіслава Шабунеўскага ў 1927 годзе.

Сваю народную назву — "шэры дом", будынак атрымаў з-за шэрай тынкоўкі ў якую было дададзена бітае шкло, што вылучала дом на фоне звычайных цагляных пабудоў навокал. Падобны прыём быў скарыстаны пры пабудове бібліятэкі імя Леніна ў Менску на пачатку 1930-ых.

крыніца: фонд ГМИЛ (Государственный музей истории Ленинграда)

Для даведкі: ЖАКТ (Жилищно арендное кооперативное товарищество) — да 1937 г. адмысловая форма таварыства, якое арэндавала нерухомасць і потым давала жылую плошчу ў карыстанне сваім пайшчыкам.

№7 “Добрушская папяровая фабрыка"

крыніца: https://commons.wikimedia.org/wiki/Category:Dobru%C5%A1

Няхай намінальна серыя прысвечана Гомелю, на асобных картках сустракаюцца іншыя важныя, на погляд выдаўца, месцы ў Гомельскім раёне.

Так, напрыклад, на паштоўку пад нумарам 7 трапіла Добрушская папяровая фабрыка — адзін са старэйшых прамысловых абъектаў у Беларусі. Была закладзена гомельскім князем Паскевічам у 1870-ым годзе, дагэтуль у Добрушы захаваліся фабрычныя карпусы з тых часоў.

З прыходам савецкай улады фабрыка была нацыяналізавана і атрымала назву “Герой працы”. Была вядомая выпускам сшыткаў, якія можна было пабачыць не толькі ў школах БССР, але і ў іншых савецкіх рэспубліках.

№9 “Хлебазавод”

крыніца: фонд ГМИЛ (Государственный музей истории Ленинграда)

Новы корпус гомельскага хлебазавода, узведзены ў 1929 годзе, таксама праца архітэктара Станіслава Шабунеўскага.

Утылітарны прамысловы будынак захаваўся да нашага часу амаль без зменаў, але пабачыць яго цяжка — ён знаходзіцца ўнутры дваравой тэрыторыі на рагу вуліцы Інтэрнацыянальнай і праспекта Леніна.

№11 “Пляж на рацы Сож”

крыніца: інтэрнэт-аукцыён meshok.net

У 1920-я і 1930-я гады пляжны адпачынак карыстаўся вялікай папулярнасцю ў БССР.

Празмернае імкненне тагачаснай моладзі да прыняцця сонечных і вадзяных ванн знайшло адлюстраванне ў творчасці беларускага пісьменніка Андрэя Мрыя. У яго рамане “Запіскі Самсона Самасуя” была паказана ў жартаўлівай форме таварыства прыхільнікаў сонца, паветра й вады “Шапялёўская Асацыяцыя Чырвонаскурых”, якую арганізаваў галоўны герой кнігі, каб адвільваць ад асноўнай працы :)

Падсумаванне

Карткі выдавецтва "ІЗОГІЗ" з'яўляюцца цікавай крыніцай па гісторыі беларускіх гарадоў у міжваенны перыяд. На жаль, гэтыя "дакументы эпохі" маладаступныя не толькі для шырокай публікі, але нават для даследчыкаў — тыраж Гомельскай серыі ў 10.000 асобнікаў робіць паштоўкі даволі рэдкімі, праз без малага стагоддзе іх ужо цяжка адшукаць.

Пакуль што застаецца невядомым і дакладны час іх друку, бо наяўныя экзэмпляры з фондаў і калекцый не прайшлі пошту. Нешматлікія карткі серыі, якія можна сустрэць на міжнародных аукцыёнах, маюць пазнакі 1932 года. Такія меткі зробленыя ад рукі, што не дадае пэўнасці ў гэтым пытанні.

Камплект складаўся, меркавана, з 12 картак, з якіх нам атрымалася знайсьці і апісаць 7 экзэмпляраў. На гэтым пошукі не спыняюцца, спадзяемся, у тым ліку з вашай падтрымкай атрымаецца знайсці і астатнія :)

*****
Дзякуем за ўвагу! Падтрымаць аўтараў можна падпіскай ды падабайкамі:

"Палявая пошта"
- https://www.instagram.com/poshtabel/
- https://t.me/poshtabel

"Беларускі піонэр"
- https://t.me/belaruskipioner

🤝 Калі ласка, спасылайцеся на гэты допіс, калі карыстаеце фота ці тэкст з яго :)

*****

Архіў рубрыкі "Паштоўкі БССР": №1 "Даваенны Менск на паштоўках "Саюзфота"