Чэк-ліст па бяспецы для валанцёраў_к
Шаноўныя сябры і сяброўкі! Пытанне бяспекі валанцёраў і валанцёрак стаіць для нас на першым месцы. Сілавікі працягваюць знаходзіць людзей праз лічбавыя платформы і пераследаваць іх - як у гэтым кейсе. Таму мы падрыхтавалі чэк-ліст па бяспецы. Калі ласка, знайдзіце час і праверце кожны пункт.
Калі вы разабраліся з інструкцыямі, дапамажыце іншым. Ведаеце людзей, якія займаюцца актывізмам ці сочаць за палітычным кантэнтам і могуць быць у небяспецы з-за сваёй недасведчанасці? Падзяліцеся інструкцыямі з імі і адкажыце на іх пытанні. Так вы можаце выратаваць чыюсьці свабоду.
❗Калі вы самі не вельмі дасведчаны (-ая) карыстальнік (-ца) мабільных і камп'ютарных прылад, вы можаце звярнуцца ў праект "Лічбавая апора: бяспека разам" фонда "Краіна для жыцця" і ініцыятывы "АПІРА". Яго прадстаўнікі дапамогуць вам абараніць сябе і пакрокава пройдуць з вамі па вашых прыладах.
Кансультацыі па лічбавай бяспецы таксама ёсць у праекта CyberBeaver, а падрабязныя інструкцыі для прасунутых карыстальнікаў (-ц) можна знайсці на сайце biaspeka.space.
Базавыя парады
✔️ Забяспечце фізічную бяспеку: праверце, што ў вас дома не захоўваюцца ўлёткі, газеты, іншы самвыдат, значкі і іншая агітацыйная прадукцыя.
✔️ Выдаліце з тэлефона і іншых прылад любыя звесткі ці здымкі, што можна выкарыстаць як "кампрамат".
✔️ Усталюйце VPN і падлучайце яго, калі карыстаецеся інтэрнэтам, асабліва калі працуеце з адчувальнай інфармацыяй.
✔️ Навучыцеся карыстацца TOR, калі заходзіце ў ВК і Аднакласнікі. Гэтыя сацсеткі наўпрост кантралююцца ФСБ і збіраюць шмат інфармацыі, якую можа не схаваць нават VPN.
Тэлеграм: агульныя парады
Пажадана зарэгіструйце асобны акаўнт на замежны нумар тэлефона. Набыць нумар можна праз сэрвісы Proovl, JuicySMS і VirtualSIM. Таксама можна звярнуцца ў @tech_rescuer1 у тэлеграме, вам дапамогуць набыць замежны нумар. Так ніжэй будзе верагоднасць узлому ці выяўлення вашага акаўнта сілавікамі. Вядзіце асабістыя перапіскі з аднаго акаўнта, а звязаныя з пратэснай дзейнасцю - з іншага.
Усталюйце Партызанскі тэлеграм (даступны на Android) і пастаўце максімальныя налады прыватнасці. Таксама вы можаце ўсталяваць ілжывы код-пароль. Напрыклад, пры ўводзе коду 3821 вы пабачыце ўсе свае перапіскі. А калі ўвядзеце код 1283 (напрыклад, пры вобшуку) - то аўтаматычна выдаляцца перапіскі, якія вы загадзя пазначыце, або нават знікне ваш "пратэсны" акаўнт, а сілавікі ўбачаць толькі вашыя асабістыя перапіскі.
Вось паслядоўнасць дзеянняў, каб усталяваць ілжывы код-пароль: Налады - Прыватнасць і бяспека - Код блакіроўкі. Прыдумайце сапраўдны код. Затым націсніце "Дадаць несапраўдны код блакіроўкі". Дадайце яго і абярыце дзеянні ў выпадку ўвода несапраўднага кода. Прыкладанне можа дасылаць паведамленні абраным кантактам, выдаляць перапіскі ці выходзіць з акаўнту.
Таксама праверце, каб ваш тэлеграм быў максімальна ананімным. Гэтыя налады шукайце ў бакавым меню - Налады - Прыватнасць і бяспека.
✔️ У вас устаноўлена двухфактарная аўтэнтыфікацыя. Патрэбны надзейны пароль. Вы будзеце ўводзіць яго кожны раз, калі ўваходзіце ў тэлеграм на новай прыладзе.
✔️ У вас няма старонніх сеансаў (Актыўныя сесіі).
✔️ Заблакаваная магчымасць перайсці на ваш акаўнт пры перасылцы паведамленняў (Налады - Канфідэнцыяльнасць і бяспека - Перасылка паведамленняў - Ніхто).
✔️ Ваш нумар тэлефона скрыты ад іншых карыстальнікаў, а імя акаўнта, апісанне ці @адрас (юзернейм) не ўтрымліваюць ніякіх звязаных з вамі звестак.
✔️ На аватарцы няма вашай фатаграфіі.
✔️ У вас пачышчаны перапіскі і ўсталяваны таймер аўтавыдалення перапісак з іншымі актывістамі, з кім вы часта маеце зносіны (Ачысціць гісторыю - Усталяваць аўтавыдаленне).
✔️ У вас няма пратэсных тэлеграм-ботаў. Тут інструкцыя, як іх выдаліць.
✔️ У вас не захоўваюцца медыя з чатаў. Налады - Даныя і сховішча - Выкарыстанне сховішча: аўтавыдаленне медыя з кэшу - 1 дзень на ўсе. Аўтаспампоўванне медыя - адключыць усё. Захоўваць у галерэю - адключыць усё. У П-Тэлеграме можна наладзіць выдаленне кэшу пры блакаванні праграмы. Уручную можна зрабіць гэта так: Налады - Даныя і сховішча - Выкарыстанне сховішча - Ачысціць увесь кэш. Далей: Выкарыстанне даных - Скінуць статыстыку.
Вы адміністратар чату? Усталюйце ананімнасць сваіх паведамленняў. Кіраванне групай - Адміністратары - абярыце сябе і ўключыце ананімнасць.
Часам прасцей выдаліць акаўнт і стварыць яго наноў. Гэта трэба зрабіць абавязкова, калі вы ўдзельнічалі ў чатах, удзельнікаў якіх затрымлівалі, ці пакідалі каментары ў пратэсных чатах і каналах. Улічвайце, што выдаляючы акаўнт, вы выдаляеце ўсе кантакты і чаты. Выдаліць акаўнт у тэлеграме можна па гэтай спасылцы: https://my.telegram.org/auth.
Тэлеграм на iOS
На iPhone няма Партызанскага тэлеграма, але, каб абараніцц на выпадак вобшуку, вы можаце выкарыстоўваць Падвойнае дно. Яно дазваляе схаваць пратэсны акаўнт пры ўводзе пэўнага паролю.
Тут ёсць рызыкі: нажаль, іконка тэлеграма з падвойным дном для IPhone трохі адрозніваецца ад стандартнай іконкі тэлеграма — у ёй прысутнічае аранжавая кропка поруч назову. Такім чынам пры надглядзе ў сілавікоў можа ўзнікнуць падазрэнне да дадатку, таму пры ўстаноўцы падвойнага дна трэба прадумаць адразу легенду, чаму ў вас яно стаіць: хаваеце нешта ад мужа / жонкі, баіцеся ашуканцаў і г.д.
Асаблівасць падвойнага дна: яно працуе як прыкладанне для тэставання, таму яго давядзецца пераўсталёўваць кожныя паўгода, калі тэрмін выйдзе.
Усталёўка і настройка двайнога дна: 1. Спампоўваем прыкладанне Testflight у App Store.
2. Усталёўваем (https://testflight.apple.com/join/5PKTTCN0) прыкладанне Postufgram (https://postufgram.com/) праз Testflight.
3. Аўтарызуем свой асабісты (беларускі) акаўнт.
4. Аўтарызуем акаўнт на замежным нумары.
5. Заходзім у Налады - Канфідэнцыяльнасць - Падвойнае дно. Кнопка знікае праз хвіліну пасля аўтарызацыі акаўнта (калі не паспелі, то трэба ўваходзіць у акаўнт нанова).
6. Адразу пасля таго як уключылі функцыю «Падвойнага дна» неабходна выканаць наступнае: усталёўваны код для ўсяго прыкладання (асабістага акаўнта, які будзе бачны пры ўваходзе ў дадатак).
7. Усталёўваем код для ўтоенага (пратэстнага) акаўнта.
8. На наступным кроку лепш прыбраць апавяшчэнні для ўтоенага акаўнта, каб яны нідзе не адлюстроўваліся.
9. Для пераходу ў асноўны ці схаваны акаўнт трэба націснуць на 🔒 замок і ўвесці адпаведны пароль ад аднаго з двух акаўнтаў.
Telegram: асноўныя правілы камунікацыі
📌 Не забывайцеся выкарыстоўваць VPN пры пераходзе па любых спасылках з адкрытых чатаў, каналаў або пратэстных гутарак. Наогул VPN лепш выкарыстоўваць увесь час.
📌 Не спампоўвайце файлы з неправераных крыніц. З правераных таксама толькі пасля таго, як пераканаецеся, што перапісваецеся сапраўды са сваім знаёмым (з дапамогай пытання, на якое можа адказаць толькі ён, напрыклад).
📌 З людзьмі, з якімі вы рэгулярна размаўляеце аб пратэснай сферы, варта загадзя дамовіцца аб кодавым пытанні і адказе. Кожны раз размову з гэтым чалавекам варта пачынаць з кодавага пытання і адказу, каб пераканацца дакладна, што на тым канцы ён, а не таварыш маёр. Пасля атрымання правільнага адказу варта выдаліць паведамленні з кодавым пытаннем і адказам, каб не засвяціць іх у выпадку чаго. Калі вы атрымалі няправільны адказ - перавядзіце гутарку на нешта нейтральнае: аб надвор'і, паездцы на шашлыкі або прагледжаным учора фільме.
📌 Не пішыце ў групах пратэстнага характару з асабістага акаўнта, па якім вас можна вылічыць.
📌 Не пішыце з пратэстнага акаўнта ў групах і нават асабістых гутарках інфармацыю, якая можа дапамагчы Вас вылічыць. Не варта распаўсюджвацца аб адрасе/вуліцы Вашага жыхарства/працы/прапіскі/трэнажорнай залы, аб вашай прафесіі ці назве кампаніі, у якой працуеце, вашым імені, даце нараджэння, незвычайных захапленнях і іншым чымсьці, што дазволіць Вас ідэнтыфікаваць.
📌 Пазбягайце адпраўкі з пратэстнага акаўнта галасавых паведамленняў малазнаёмым людзям і людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі або якія плануюць сюды вярнуцца ў хуткім часе.
📌 Не адпраўляйце з пратэстнага акаўнта нікуды і нікому фатаграфіі, з дапамогай якіх можна вылічыць ваша месцазнаходжанне (фота з акна, па якім можна вызначыць размяшчэнне акна, напрыклад), а таксама фота, па якіх можна ўсталяваць вашу асобу (тату, незвычайны манікюр, асаблівая радзімка на руцэ, асаблівы элемент дэкору вашай кватэры, ваша хатняя жывёла і інш.)
📌 Пры даданні людзей у кантакты са свайго пратэстнага акаўнта, прыбірайце галачку "Паказаць нумар", каб чалавек на тым канцы не даведаўся, да якога нумара тэлефона прывязаны Ваш акаўнт.
📌 Не пераходзіце па спасылках новага тыпу (віду нікнейм.t.me) або пераходзіце толькі з выкарыстаннем VPN-праграмы. У апошняй версіі Telegram стаў падтрымліваць спасылкі новага тыпу на карыстачоў (а таксама на публічныя чаты і каналы). Раней яны выглядалі толькі такім чынам: t.me/нікнэйм. А зараз могуць таксама выглядаць вось так нікнэйм.t.me. Такую спасылку можна згенераваць на любога карыстальніка з @нікам. Пры выкарыстанні спасылкі 2-га фармату нікнэйм.t.me правайдэры могуць адсачыць IP адрасы ўсіх, хто прайшлі па такіх спасылках без VPN.
📌 Выдаляйце "небяспечных" ботаў з гісторыі перапіскі і з НС надзейна - па інструкцыі, якую мы дамо Вам далей. Важна: калі вы пішыце ў новы бот, а пасля перапіскі выбіраеце "Ачысціць гісторыю" і "Выдаліць чат", бот не з'яўляецца ў пошуку па запыце bot прыкладна суткі. Але праз дзень вы яго заўважыце. Пасля гэтага выдаляйце яго па інструкцыі.
📌 Заўсёды чысціце небяспечныя перапіскі з абодвух бакоў. Перапіску, вычышчаную толькі з аднаго боку, можна аднавіць.
📌 Не заходзіце ў пратэстны рахунак з кампутара, там больш рызык пакінуць лічбавыя сляды.
Іншыя месенджары
Іншыя месенджары рэдка выкарыстоўваюцца для пратэснай дзейнасці. Але калі выкарыстоўваеце Viber ці WhatsApp для палітычных дыскусій са знаёмымі, то вось што можна зрабіць для ўмацавання бяспекі.
Агульным для любых месенджараў і сацсетак крокам будзе ачыстка кэша. На Android зайдзіце ў налады прылады, там у спісе праграм знайдзіце праграму сацыяльнай сеткі. У яе наладах націсніце "Ачысціць кэш". На некаторых прыладах гэтая кнопка знаходзіцца ў раздзеле "Сховішча". На iOS кэш выдаляецца толькі выдаленнем праграмы і ўсталёўкай наноў. Некаторыя праграмы дазваляюць выдаліць кэш праз свае ўласныя налады.
✔️ Viber. Ініцыятыва ByPOL не рэкамендуе выкарыстоўваць гэты месенджар, бо сілавікі маюць магчымасць адсочваць вашыя перапіскі і званкі. Але для бяспекі можаце ўсталяваць код-пароль, без якога немагчыма будзе наноў зарэгістраваць акаўнт на ваш нумар тэлефона. Налады - Прыватнасць - 2-крокавая верыфікацыя.
Таксама ў наладах медыя адключыце захаванне ў галерэю, а ў наладах акаўнта - адключыце рэзервовае капіяванне. Калі ў вас было рэзервовае капіяванне, зайдзіце ў налады свайго Гугл Дыску і выдаліце копіі. У наладах Viber таксама выдаліце кэш: Налады - Сховішча - Ачысціць кэш.
Калі вы маеце магчымасць не карыстацца Viber, адключыце ўліковы запіс. Налады - Уліковы запіс - Адключыць уліковы запіс.
✔️ WhatsApp. Гэты месенджар больш бяспечны, бо зарэгістраваны ў амерыканскай юрысдыкцыі і мае больш празрыстае шыфраванне, чым Viber. Але налады бяспекі будуць падобныя. Трэба ўсталяваць код-пароль, каб сілавікі не змаглі аднавіць доступ да вашага акаўнту праз SMS, адключыць захаванне медыя ў галерэі і рэзервовае капіяванне перапісак. Падрабязную інструкцыю напісала "Наша Ніва".
✔️ Signal. Выдаляйце патрэбныя паведамленні, чаты і гісторыі праз меню па доўгім тапе або меню з трыма кропкамі. Каб выдаліць гісторыю паведамленняў цалкам, перайдзіце ў налады. Там: Даныя і сховішча - Кіраваць сховішчам - Ачысціць гісторыю паведамленняў.
Памятайце, што гэтыя меры не абараняюць вас у выпадку вобшуку.
Сэрвісы Google
На старонцы з наладамі акаўнта Google праверце налады бяспекі і прыватнасці. Зноў жа, лепш будзе, калі для пратэснай дзейнасці вы будзеце выкарыстоўваць асобны акаўнт, зарэгістраваны на ананімную пошту.
✔️ У вас усталёвана двухфактарная аўтэнтыфікацыя праз прыкладанне (не нумар тэлефона).
✔️ У вас няма старонніх сеансаў (Бяспека - Вашыя прылады).
✔️ Google не адсочвае гісторыю вашых дзеянняў (Дадзеныя і канфідэнцыяльнасць - Настройкі захавання гісторыі). У тым ліку лепш выдаліць і адключыць гісторыю праглядаў на YouTube. Лайкі на YouTube таксама трэба выдаліць.
✔️ У Google Дыску на ўкладцы "Даступныя мне" няма "кампрамату". Калі бачыце звязаны з пратэснай дзейнасцю файл - выдаліце яго праз меню з трыма кропкамі.
✔️ У Google Photos могуць захоўвацца здымкі, якія могуць вас "кампраметаваць". Выдаліце іх.
✔️ У вас адключаная персаналізацыя рэкламы. Праверыць гэта і адключыць яе можна на сайце.
Сацыяльныя сеткі
У любой сацсетцы ўсталюйце двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Так сілавікі не змогуць аднавіць доступ да вашага акаўнту без вашай прылады.
Таксама важна перыядычна чысціць кэш праграм па інструкцыі, аналагічнай інструкцыі з сацсеткамі.
✔️ TikTok: вы можаце абараніцца, калі ў наладах прыватнасці зробіце свой акаўнт закрытым і схаваеце спіс лайкнутых відэа. Але ўлічвайце, што TikTok - не самая бяспечная сацсетка. У выпадку затрымання сілавікі змогуць убачыць вашыя лайкі і падпіскі, таму ў Беларусі лепш лайкі на палітычны кантэнт не ставіць. Калі ўжо паставілі шмат - выдаліце акаўнт і стварыце яго наноў. Падрабязная інструкцыя ёсць у "Нашай Нівы".
✔️ Instagram: абавязкова выдаліце здымкі, па якіх можна ідэнтыфікаваць вас ці іншых людзей на пратэстах. Пры гэтым памятайце, што публікацыі трэба выдаліць канчаткова (а не ў "нядаўна выдаленыя" ці "архіваваныя"). Праверце свае каментары і лайкі і выдаліце тыя, што сілавікі могуць выкарыстаць супраць вас. Асабістыя паведамленні таксама не забудьцеся праглядзець. Профіль лепш зачыніць, каб яго бачылі толькі вашыя падпісанты: Профіль -Тры рысы - Налады і канфідэнцыйнасць - Закрыты акаўнт. Падрабязная інструкцыя пра Інстаграм - тут.
✔️ Facebook: абмяжуйце спіс людзей, якія могуць бачыць вашую актыўнасць. Знайдзіце і выдаліце лайкі і каментары пад "палітычным" кантэнтам. Глядзіце як у гэтай інструкцыі. Калі вы рабілі данаты праз Facebook Pay, выдаліце акаўнт (прасцей) ці гісторыю ахвяраванняў (цяжэй).
✔️ УКантакце і Аднакласнікі: гэтыя сацсеткі кантралююцца ФСБ і актыўна супрацоўнічаюць з рэжымам у Беларусі. Лепш выдаліць вашыя акаўнты, каб нават у выпадку затрымання сілавікі не змаглі праверыць вашыя перапіскі, падпіскі, каментары і лайкі. Калі па нейкай прычыне вы працягваеце карыстацца ВК і ОК, усталюйце максімальныя налады прыватнасці і не стаўце лайкі на "палітыцы".
Выдаліць свае папярэднія лайкі можна па гэтай спасылцы ў ВК і праз раздзел "Закладкі" ў ОК (у меню па трох рысах).
У ВК проста націсніце на лайк паўторна, а ў ОК націсніце на "Выдаліць закладку" праз тры кропкі.
У ВК выдаліце закладкі таксама: Сэрвісы - тры рысы - Закладкі. Адчыняйце кожны раздзел (Людзі, Суполкі, Допісы, Артыкулы...) і праз тры кропкі выдаляйце закладкі.
Як выдаліць ОК і ВК? ОК: у браўзеры аўтарызуйцеся ў свой акаўнт, перайдзіце па спасылцы і націсніце "Адмовіцца ад паслуг". ВК: націсніце ўнізе на "Сэрвісы", потым на тры рысы і абярыце "Кіраванне VK ID" і "Бяспека і ўваход". Далей - "Выдаленне акаўнта VK ID".
Заўвага: калі вы адмініструеце паблікі ў расійскіх сацсетках, рэгіструйце асобны акаўнт на замежны нумар і заходзьце ў яго толькі праз VPN і TOR адначасова.
Файлы ў афлайн-сховішчы
Памяць тэлефона ўладкована так, што пры выдаленні файлаў яны ўсё роўна застаюцца ў памяці, проста атрымліваюць адзнаку, што файл выдалены. Выдаленыя файлы можна аднавіць рознымі спосабамі. Каб прадухіліць гэта, выкарыстоўвайце спецыялізаваныя праграмы ці запаўняйце памяць уручную.
На Android ў залежнасці ад мадэлі тэлефона і версіі Android можна выкарыстоўваць праграму-шрэдар. Яна выдаліць файлы так, каб іх нельга было аднавіць. Калі ў вас iOS ці ваш Android не падтрымлівае шрэдары, выдаляйце файлы наступным чынам:
1. Выдаліце файлы
2. Ачысціце кошык
3. Запоўніце ўсю вольную памяць іншымі файламі, а затым выдаліце іх
Такім чынам новыя файлы затруць тую "тэрыторыю" у памяці, у якой знаходзяцца выдаленыя файлы, і аднавіць іх будзе немагчыма. Замест таго, каб спампоўваць вялікую колькасць новых файлаў для заціркі памяці, можна проста ўключыць камеру і запісаць відэа датуль, пакуль памяць не скончыцца, а затым выдаліць гэтае відэа.
Выявы і відэа на вашых прыладах
Выдаліце з галерэі любыя здымкі і відэа, якія могуць вас скампраметаваць. Памятайце, што прылады звычайна не выдаляюць здымкі адразу, а перамяшчаюць іх у карзіну на 30 дзён. Выдаляючы здымкі, лепш карыстайцеся інструкцыяй вышэй і не забывайцеся ачышчаць карзіну.
У вас можа быць наладжана капіяванне вашай галерэі ў воблака. Калі для вас гэта не прынцыпова, заклікаем яго адключыць. Таксама праверце, каб выдаленых з прылады здымкаў не засталося ў воблаке.
На Android (Xiaomi, Huawei, Samsung, іншыя брэнды) могуць быць розныя праграмы для рэзерванага капіявання фота. На iOS (iPhone) гэта iCloud. Падрабязная інструкцыя па поўным выдаленні здымкаў - у "Нашай Нівы".
Браўзеры
Любы сайт вы адчыняеце праз браўзер, часцей за ўсё - Google Chrome і Safari. Галоўныя правілы:
- Калі адчыняеце "забароненыя" сайты, не забывайцеся зачыняць укладкі, каб пры праглядзе вашай прылады не ўбачылі, што вы чытаеце такія рэсурсы.
- Выдаляйце гісторыю праглядаў, кэш і кукі. Яны захоўваюцца заўсёды і дазваляюць адсачыць вашыя дзеянні ў інтэрнэце.
- Карыстайцеся рэжымам інкогніта (рэжымам прыватнага доступу), каб вышэй згаданыя дадзеныя не захоўваліся.
Каб зачыніць укладкі, націсніце на іконку "Укладкі" (квадрацік з лічбай у Chrome). Націсніце крыжыкі на ўкладках, якія хочаце зачыніць.
Рэжым інкогніта (прыватны доступ) запускаецца таксама праз акно укладак. У Chrome гэта іконка акуляраў у меню з трыма кропкамі. У Safari націсніце кнопку з указаннем колькасці ўкладак або пачатковую старонку, каб адлюстраваць спіс груп укладак, а затым націсніце "Прыватны доступ" (іконка з рукой).
Ачыстка гісторыі і іншых дадзеных:
У Google Chrome зайдзіце ў браўзэр, націсніце на тры кропкі справа ўверсе і абярыце пункт "Гісторыя". У меню націсніце "Ачысціць гісторыю...", абярыце часовы дыяпазон — "Увесь час", націсніце ўсе галачкі, а затым націсніце "Выдаліць дадзеныя" і пацвердзіце выдаленне.
Safari. Каб ачысціць гісторыю наведванняў і выдаліць файлы cookie, неабходна зайсці ў налады сістэмы. Абярыце "Налады" > Safari і націсніце "Ачысціць гісторыю і дадзеныя".
Каб выдаліць гісторыю пошуку, націсніце іконку з кніжачкай, а потым іконку з гадзіннічкам. Далей: "Ачысціць" - "Ачыстка гісторыі за перыяд" (абярыце, за які перыяд вы хочаце ачысціць гісторыю пошуку) - "Ачысціць гісторыю".
Кароткі чэк-ліст
✔️ Не захоўвайце пратэсныя прадметы дома.
✔️ Выдаліце са сваіх прылад усе здымкі і звесткі, якія могуць вас скампраметаваць.
✔️ У тэлеграме стварыце для пратэсных чатаў асобны акаўнт на замежны нумар. Усталюйце Партызанскі тэлеграм і наладзьце ілжывы код, каб у выпадку затрымання выдаліліся пратэсныя перапіскі і каналы.
✔️ У сацсетках наладзьце максімальную ананімнасць і прыватнасць, выдаліце лайкі на палітычным кантэнце і падпіскі на такі кантэнт. Часам прасцей наноў стварыць акаўнт.
✔️ У Google і іншых сэрвісах, што збіраюць шмат інфармацыі, таксама ўсталюйце налады прыватнасці.
Калі ў вас пытанні па бяспецы ці нешта незразумела, абавязкова пішыце нам. Таксама для праверкі сваіх ведаў можна прайсці тэст. Беражыце сябе!