КРЫЎСКІЯ ГІМНЫ
У змроку апошніх вякоў мы адчувалі сябе прыгнечана. Страх затоены ў душах гуртаваўся ўсё мацней праз нашыя няўдачы. Незьлічоныя паразы зьнясілілі годнасьць і раструшчылі мячы, бо кожны раз, уздымаючы голаў, наш народ захлынаўся ў хвалях варожай навалы.
Крыўскія гімны, прасякнутыя тугою нябытнасьці волі, услаўлялі мужнасьць далёкага продка. Аднак, веліч Дзядоў непадымным цяжарам узгрувашчвалася на плечы нашчадкаў, якія, нягледзячы на адданасьць высакароднай справе змаганьня, атрымвалі найцяжэйшыя ўдары непазьбежнасьці. Пераможаныя хвізычна, але трывалыя духам, яны перадавалі запаветы сваім дзецям і ўнукам. Што праўда, нікому зь іх не было наканавана адужаць выпрабаваньні часу. Кожнае новае полымя ўздыму разгаралася зь неймаверным шаленствам і гэтак жа хутка гублялася ў надыходзячым цені. Доляй нам было адведзена дулець...
Зараз мы стаім перад разбуранымі мурамі летуценьняў, пранесеных праз стагодзьдзі, на скрыжаваньні сьцяжын, што вядуць да скону. На нашым шляху – попел зьнявечаных ідэяў і традыцый. Памяць пра былыя дні зьнікае, ці падмяняецца настойлівымі мантрамі здрайцаў. Страчаная веліч адбіваецца толькі ў шэпту састарэлых дубоў ды нямых прамовах курганоў.
Ці будзе запалены Зьніч новага адраджэньня? Ці не спарахнелі спадзевы ў сэрцах адданых сыноў? Ці адновіцца бляск у самотных вачох рамантыкаў? Ці ня згасьне зіхатлівая паходня пераемнасьці? Калі ж, нарэшце, пошчак капытоў абесьціць вяртаньне старажытных герояў? Калі карануе ды ўзвысіць нашую Радзіму лёс?
Падманлівы позірк у пустыя вочы нядэшлых можа ўпэўніць вас у безсэнсоўнасьці далейшага чыну. Іх вычварныя й беззьмястоўныя ўсьмешкі ў часы найбольшай скрухі не выклікаюць анічога акром пагарды, якая мяжуе зь нянавісьцю. Гэта самы паскудны танец на костках нашых продкаў, якіх мы ўзьнялі, як свой штандар веры ў неўміручасьць Бацькаўшчыны. На жаль, разам з гэтым мы ўзьнялі й нашыя найбольш пакутныя паразы. У выніку, харугвы, якія мусілі вынішчальным полымям нізрынуць ворагаў, распаўсюдзіўшы пераможны покліч, нясуць тыкеля ланцуг зьняволеньня нашага духу. Мы ўсё яшчэ не адпусьцілі нябожчыкаў, чый ціск так яскрава адчуваем. Не забывайцеся, што нацыю ратуе выключна апантаная воля да жыцьця, а не кайданы яшчэ не паглынуўшага вас тагасьвету! Вам варта забыцца на жальбу, што трушчыць вашыя сэрцы! У пакутах пра мінулае мы знойдзем толькі нашае ўласнае забвеньне.
Я не кажу, што мы мусім забыцца на продкаў. Наадварот, нашыя Дзяды, нягледзячы на свае няўдачы, запалілі жыцьцё нашчадкаў, а іх творчасьць ёсьць крыніцай натхненьня такога ж абсалютнага, як воля багоў. Я кажу пра тое, што памяць пра іх павінна быць мячом, а не кайданамі, молатам, але не кавадлам. Дух паразы ня быў і ня стане нашай традыцай!
Аддаючы пашану даўніне, мы імкнемся ня проста рэканструяваць яе веліч, ня проста стаць апошнім сном згасаньня раскалдаванага сьвету. Не! Мы прагнем усталяваць абсалютны парадак, у якую б цемень гэта нас не прывяло. Парадак не ўсходні, не эўрапейскі, але тутэйшы, таму што зайздросныя позіркі ў бок чужынскага – небясьпека яшчэ большая за цяжар неадгалошаных продкаў. Нам варта гэта разумець, каб новая адліга ня стала проста суцяшальным водарам, але разгарэлася сапраўднаю вясною новага адраджэньня. Адраджэньня глыбокага й усепаглынальнага, пераканаўчага й радыкальнага, бліскучага й непаўторнага. Такога, каб мы маглі ісьці на Дзяды не з маркотай і няспраўджанымі чаканьнямі, а з поўным адчуваньнем рытуальнага спакою. З пачуцьцём гонару ня толькі за іх учынкі, але й з уласнай адноўленай годнасьцю. Годнасьцю, якая ў развагах нашчадкаў стане нагодай для пераможных вайсковых маршаў, а не чарговымі сьпевамі горычы й сьлёз. Усе нашыя гімны – новым перамогам на грунце спрадвечных традыцый!