казкі
December 22, 2025

Біяграфія маіх аўтаматызмаў.2025

Мая праўда схаваная ў кожным дыягназе. Маім болем прашыты старонкі DSM-5. Ад зместу і да індэксаў. Я — чорная фарба ў абрэвіятуры ПТСР. Я — адлегласць паміж словамі ў тэрміне «пагранічная кліентка». Я — працяжнік у дыягназе «абсэсіўна-кампульсіўны разлад».

Маці — мёртвая па Грыну і дастаткова добрая па Вінікоту. Яна ўся і адначасова ніякая. Мой тата не меў катэгорый, яму не далі такой ласкі.

Ад нядаўна — зняволеная ў коле сансары пачуццяў. Мне страшна, мне злосна, мне баліць душа за кожнага.

Я не існавала, пакуль не пабачыла сябе ў чужых вачах насупраць. У межах экрана старога ноўтбука, у рамках кабінета ў цэнтры горада, сярод групы добра знаёмых чужынцаў.

Там — цьмяны вобраз цела, яскравей водбліск думкі. Абрысы ўспамінаў, ментальныя нябожчыкі старых дзён, забытых камунальнымі службамі продкаў. Апошнія маніякальна і заахвочана стаяць за спіной, падглядаюць употай.

Мяне вабіць, мяне бэсціць, мяне ванітуе абавязковымі пераконлівымі словамі, якія ўсмактаны з матчыным малаком, з першай лыжкай, з першай чаркай.

Месца, дзе народжваецца протаплазма, не можа яе зруйнаваць. Склізкай гумай эфір аплятае ўдзельнікаў працэсу аналіза, каб зазірнуць у цёмныя куты душы ды спатыкнуцца на ганку праз забыты ў дзяцінстве на прыпынку заплечнік.

Хто ахвотна прыйдзе да доктара, які выверне цябе на ліхі бок? Гэта буду я.

Рэабілітацыя душы. Філасофская плынь гледачоў у цёмнае акно трамвайнага маршрута нумар 4. На зубах пяском скрыгоча кожны полустанак.

Вострыя іглы сораму, задушлівыя сцісканні віны, халодныя далоні ярасці.

Раней цела былога з металу, а цяпер стала жывым. З паяднальнай тканіны перажытага і таго, што чакае наперадзе. А мне застаецца быць тут і зараз, спасцігаць.

Назіраць, як дрэвы растуць, адным словам, мітусіцца.