рэцэнзіі
May 5, 2025

Хочаш жыць - навучыся трываць

Сёрфер, 2024 г.

Прачытаўшы рэцэнзію ад Кавалачак жыцця, я імгненна вырашыла, што хачу паглядзець фільм з Нікаласам Кейджам “Сёрфер”. У той жа дзень паехала ў кіно і жудасна смяялася ў фінале так, што на мяне паціху аглядаліся.

Фільм пра ініцыяцыю ў мужчынскае грамадства. Гэта вельмі добра паказана ў рэаліях заховаўння абарыгенскіх традыцый у Аўстраліі. Чувак прыехаў на пляж са сваім сынам, каб падкрэсліць іх сувязь з гэтай зямлёй продкаў ды пасёрфіць, а яму кажуць, "каб сёрфіць - трэба пакутваць". І гэта рэфрэн на ўсё нашае жыццё. Мы проста хочам насалоджвацца жыццём, а ў адказ атрымліваем - спачатку пакутуй.

І безыменны сёрфер пакутуе. Так моцна, як яго нават не прасілі. У чалавечай прыродзе не можа быць прагі да нанясення шкоды самому сабе, але ёсць агрэсія - жаданне абараніць сябе, захаваць сваю цэласнасць. Мазахізм - наваробка сучаснага неўратычнага грамадства, якое пасяліла ўнутры нас ідэю, што за нашыя памылкі мы павінны сябе пакараць самі.

Вяртаючыся пасля сеансу, мы з Агменем Чарнышовым доўга спрачаліся і амаль сварыліся на прыпынку каля ўнівермага Беларусь. Яму падалося, што завяршэнне было нелагічным, а мне здалося, што іншага завяршэння не можа быць.

Не мог той мужчына ўцекчы альбо супрацьстаяць. Бо ён страціў сваю першаснасць у гэтай дзікай зграі. Лідар той, хто мае большую сілу, асабліва фізічную. Але якое шчасце, што на падворку 2025 год, а не каменны век.

Ну і асаблівая мая ўвага да таго, як слова “серфер” па-ангельску "surfer" сугучна са словам “пакутаваць” "to suffer".