рэцэнзіі
June 20, 2025

гідкая тут не сястра.

Гадкая сястра, 2025

Бодзі-хорары – адназначна перадавы жанр кінамастацтва сёння. У мінулым годзе я не змагла заснуць пасля прагляду «Субстанцыі». Сёлета мяне пазбавіла спакойнага сну нарвежская карціна «Гідкая сястра». Так атрымалася, што ў кінатэатры мы з прыяцельніцай селі ля самага экрану. У мяне не было ані шанцу прапусціць усю мясарубку прыгажосці, якая там здарылася.

Не хочацца зусім пераказваць сюжэт, бо ў большасці дзяўчат ён напісаны на падкорцы. Чароўная казка пра Папялушку, якая знайшла сваё каханне, нягледзячы на ўсе перашкоды жыцця. Толькі мы паглядзім на гэты фэнтэзійны сусвет вачыма адной з сясцёр, якія так назалялі няшчаснай прыгажуні.

Гэта страшная, пачварная гісторыя пра тое, як жанчына руйнуе сябе і забівае, каб застацца ў полі мужчынскай увагі. Глыбокі жах запаўзае ў сэрца, калі разумееш, што дзяўчаты Новага часу і нашыя сучасніцы мала чым адрозніваюцца ў тым, якія пакуты ім неабходна перажыць, каб патрапіць у межы канвенцыйнай прыгажосці.

Калі раней насілі накладкі на нос, то сёння – гэта рынапластыка. Замест мудрагелістых парыкоў – шкодныя для здароўя керацін і нарошчванне валасоў. Ужо не карыстаюцца стужкавым чарвяком, каб пахудзець, – яго замяніў аземпік, не менш непрадказальны і праблемны. Часы змяніліся, а спроба гвалтаваць жаночае цела пад эгідай добрага замужжа не плануе знікаць.

І крыкі Эльвіры, калі яна цярпела увесь той боль – фізічны, а пасля эмацыйны, – былі стогнамі тысяч жанчын па ўсёй планеце, якія прайшлі праз карніцкую індустрыю прыгажосці. Тыя, хто назаўсёды страцілі сваю натуральную прыгажосць, сапсавалі здароўе, трымаючы галадоўкі, падобныя да канцлагерных, а хтосьці і развітаўся з жыццём у бясконцай гонцы за недасяжным адрэтушаваным ідэалам.

Фільм – 10/10, але глядзець не раю і сама наўрадці пагляджу яшчэ.