казкі
January 21

Жырафа. 2020

Кожную раніцу жырафа прачынаецца ад таго, што ў яе заапарку занадта высока паднялі сонца. За гэта адказваюць супрацоўнікі заапарка. Яны і вырашаюць, калі ў яе будзе дзень, калі ноч, калі сняданак, калі дождж. Сонца абпальвае жоўтую скуру, і схавацца ад гэтага можна толькі пад дрэвам.

Ды каб перайсці да дрэва, трэба падняцца са свайго месца. Таму калі ўжо ісці, то вярнуцца да сну ўжо не атрымаецца. Жырафа хутка гэта зразумела і перастала падыходзіць да дрэва. Адразу — да кавалка возера, які дастаўся ёй. За межы сваёй клеткі яна ніколі не выходзіла.

Вада ў возеры халодная і з бурбалкамі, быццам газіроўка. Варта ступіць туды нагамі, і ўсё навокал пачынае шыпець. Піць яе зусім немагчыма, слёзы набягаюць на вочы. Таму жывёла толькі мыецца там. А ўжо калі выходзіць з вады, то ззяе на сонцы, як каштоўны камень.

У яе вялікая клетка, па якой можна хадзіць з аднаго кута ў другі ажно 15 хвілін. У малп злева ад яе — толькі 7 хвілін, а ў слана і сланіхі справа — 18. Затое ў арла насупраць усяго паўтары. Ды яму і не патрэбна. Яму абы толькі ўверх. Шкада, што да лапы вяроўка прывязана.

Жырафа сябравала з арлом, бо ён таксама быў самотны. Птушка ўжо была старой і стомленай. Некалі, яшчэ да яе з’яўлення тут, ён быў вольным, і ў яго была арліца. У іх былі дзеці. А потым іх усіх схапілі і пасадзілі ў заапарку.

Птушаняты выраслі, і супрацоўнікі забралі іх, а арліца ад суму памерла. Жырафа пазнаёмілася з ім ужо старым. Арол вельмі разумны і шмат чаго ведае пра заапарк. Але яе ўсё роўна пабайваецца, бо кажа, што ніколі такіх, як яна, не бачыў. Словы арла заўсёды палохалі жырафу.

Калі яна адна на свеце, то адкуль яна з’явілася? Жывёла не ведала ні бацькі, ні маці. Можа і іх таксама няма? Што за пачвара яна такая? Незграбная, жоўтая ў плямах, з такой доўгай шыяй і няўдалай галавой. Кожную раніцу, калі жырафа глядзела на сябе ў воду возера, яна не разумела, чаму яна такая.

Марыла, што магла б нарадзіцца падобнай да сланоў ці малп. Бо яны існуюць, і іх шмат. У ва ўсім заапарку адразу некалькі клетак з такімі ж істотамі. А жырафа толькі адна. Так сумна ад гэтай думкі. Калі яна ў заапарку адна, то, напэўна, і ва ўсім свеце адна-адзіная.

З зайздрасцю яна глядзела на слана і сланіху. Шэрая гладкая скура так цікава блішчэла на сонцы. Ды так хутка сохла пасля купання і вадапою. Яны заўсёды былі разам. Ні на каго не звярталі ўвагі. Асабліва калі ў іх з’яўляліся сланяты. Жырафа гэта бачыла.

Яны былі клапатлівымі бацькамі. Паўсюль вадзілі дзяцей за сабой. Ніколі не пакідалі. Пакуль тыя не вырасталі, і супрацоўнікі заапарку іх не забіралі. Недоўга сумавалі слон і сланіха, бо заставаліся ўдвох. Аднойчы арол расказаў жырафе, чаму ў слана абламаны бівень.

Да таго як трапіць у заапарк, слон і сланіха сустрэліся на волі. Яна была самай маладой і прыгожай сярод сваіх. Слон адразу ў яе закахаўся і паабяцаў сабе, што пераможа ўсіх, каб быць з ёй. Быў другі, які хацеў быць са сланіхай. У жорсткай бойцы наш слон перамог таго, але зламаў бівень.

Хоць і непрыгожа з паламаным, але для сланіхі яе слон самы лепшы на свеце. Бо яна ведае, чаму ён абламаны. Жырафа зачаравана слухала гэтую гісторыю і марыла, што некалі і за яе нехта будзе біцца. Але на яе целе няма нічога такога, што магло б быць у такой жа як яна, што можна зламаць.

Ад такіх думак рабілася сумна, і жывёла развітвалася з арлом. Ішла бліжэй да малп, каб паесці ежу. Яе штодня прыносілі супрацоўнікі заапарку, бо есці сваіх суседзяў жывёлы не маглі. Разважаючы аб нявесёлых думках, жырафа глядзела на малп.

Тыя заўсёды былі вясёлыя, скакалі па сваім дрэвах і гучна крычалі. Жырафа б не вытрымала, калі б у яе быў такі сябра. А яны ўдвох заўсёды былі такія. Істоты на двух нагах, якія звычайна прыходзілі пасярод дня, іх моцна любяць. І сланоў таксама.

Толькі жырафа і арол ім не цікавы. Гэтыя двуногія істоты прыходзяць, глядзяць на яе з паўхвіліны, а потым адварочваюцца і пачынаюць смяяцца з малп. У моманты, калі нехта крыху даўжэй глядзіць на яе, у жывёлы з’яўляецца надзея, што яны пазналі яе.

Можа, ведаюць, дзе яшчэ такога як яна знайсці. Потым істота ізноў адварочваецца, і жырафа разумее, што гэта ізноў не тое. Двуногая жывёла проста глядзела на тое, што яшчэ не бачыла.

А вы не бачылі такіх, як жырафа?