Залатыя завушніцы чорнага сабакі. 2025
Па начных вуліцах горада разлівалася прахалода, якую можа нарадзіць толькі змена сезонаў. Яшчэ не пачалося і не скончылася лета, а восень ужо было чуваць дасведчанаму вуху. Вуліцы, завулачкі і кварталы праціналі гладкае палатно горада. Рэзалі яго дарогамі і тратуарамі. Пад катком асфальта заставаліся маленькія дрэвы, хрушчы і дзіцячыя цацкі.
Ды ва ўсёй гэтай цішыні, якая нібы жывая істота прабіралася па руках, па плячах да шыі і там да вуха, разносіўся па наваколлі адзін гук.
-Тык-тык-тык - паўтаралася і рэхавала. - Тык-тык-тык.
Чыстымі мытымі і заасфальтаванымі кварталамі горада бег сабака. Чорны нібыта сама ноч - спазнаць яго і вылучыць з цемравы можна было толькі пад жоўтым здрадніцкім святлом ліхтароў, якія сустракаліся кожныя 5 метраў. А ў вушах таго сабакі блішчалі завушніцы.
І якія гэта былі завушніцы. У начы яны блішчалі тым шляхетным бляскам золата, якое асацыюецца з адказнымі, мудрагелістымі і перапоўненымі сэнсамі. Ні ў кожным палацы, ні на кожнай паненцы такія цяжкія і вытанчаныя завушніцы пабачыш. А гэны чорны сабака меў.
Цяжар каштоўнага металу аддцягваў тонкія слабыя сабачыя вушы, але той не спыняў бегчы. Той, хто аднолькавымі сцежкамі вяртаўся з працы, мог пабачыць чырвоныя кроплі на шэрым асфальце.
Так усім і падавалася, што давольны сабой і сваім лёсам чорны сабака выконвае свае, аднаму яму вядомыя абавязкі, ды гойсае цяністымі дарогамі безыменнага горада.
Неяк выпадкам такой позняй ноччу ішла тымі сцежкамі не супрацоўніца дыспетчарскай станцыі, якая хаваецца ў хмызняках побач, а шукальніца прыгод. Даследчым шляхам вынайшла яна, што цягнуцца гэтыя чырвоныя кроплі за чорным сабакам і пайшла за ім следам. Хавалася за бярозамі і дамамі, каб не патрапіць тому на вока раней часу.
Якім бы халодным бледным святлом не ззяла поўня, а ўсё роўна схаваецца за хмарамі. Так жа і чорны сабака схаваўся ў сутарэннях шматпад'ездных дамоў з плоскімі дахамі. Шматпавярховікі, як драпежныя зверы, што з'ядалі сваіх жыхароў, святлом вакон глядзелі на чарговую ахвяру, але аніяк не маглі дацягнуцца, бо былі ўбіты ў зямлю металічнай арматурай і стылым бетонам.
Затое добра хмарачосы маглі прыхаваць яшчэ адну сведку. Ад напружанага назірання ў шукальніцы прыгод спынілася сэрца, не працавалі лёгкія, не пераварвалася ежа і не налічваліся гады жыцця. А ўсё таму, што яна атрымлівала досвед.
Чорны сабака круціўся вакол сябе, доўга, скуголячы. Біўся галавой аб дрэвы, якія ўтрымлівалі дваровыя таямніцы і вяроўкі для бялізны. Драпаў па вушах сабе лапамі. А завушніцы блішчалі ў святле адзінокага ліхтара і пакінутай гаспадарамі шыльды "Ніткі для вязання".
Шукальніца прыгод падыйшла да сабакі. Было ёй страшна і боязна, што злая тварына кінецца, пакусае ці яшчэ як абразіць. Але вочы, якія яшчэ бачылі, і сэрца, якое яшчэ чула, прымусілі падыйсці.
Сціснуўшы зубы, яна дастала з вух жывёлы такія вытанчаныя і грацыёзныя завушніцы. Пасміхнулася сама пра сябе.
- Гэта ж можна іх за такія грошы прадаць!
Аднак чым долей яна на іх глядзела, тым больш заўважала, як золата блякла, меркла. Спачатку пераўтварылася ў латунь. Потым яшчэ цямнела і слабела. Олава, медзь, брыдкія сплавы, чыгун. У рэшце рэшт былыя пекныя завушніцы расцякліся па далонях і рассыпаліся брудным попелам.
Знясілены доўгім бегам сабака захрыпеў ды спыніўся. Спачатку сеў на зямлю, потым шырока пазяхнуў, а ўрэшце рэшт і лёг. Скрыціўся і заснуў. Шукальніца прыгод радасна ўсміхнулася і легла побач. Левы бок грэла гарачае цела жывёлы.
Вось сёння яны адпачнуць, а заўтра пойдуць далей ужо разам. Шукаць прыгод. Зялёныя і буйныя галінкі дрэваў не пашкадавалі сіл і нахіліліся бліжэй, каб схаваць гэтых дваіх ад жыхароў бліжэйшых пад'ездаў. Згаслі апошнія лямпачкі ў вокнах. Сон.