January 8, 2019

Кіеў - ч.1: першы вечар, паркі, панарамы, Майдан Незалежнасці і Хрэшчатык

На пачатку напісання справаздачы пра паездку ў Кіеў я апынуўся ў стане дэжа-вю - гэтак жа крыху больш чым год таму я сеў пісаць справаздачу пра дзень у Маскве... і гэтак жа зразумеў, што ўвогуле не ведаю, пра што мне пісаць. Бо што там, што там гарады вялікія, вядомыя, многія там пабывалі (а хтосьці тут і жыве), а цікавосткі мясцовыя таксама ўсе ведаюць дзякуючы мноству розных крыніцаў, нават не пабываўшы там... Гэта не Чарнігаў які-небудзь, пра які многія, напэўна, здзівяцца, што там увогуле ёсць што глядзець (а на самой справе - вельмі нават ёсць). Я так і пра Парыж які-небудзь, напэўна, не ведаў б што пісаць :) Ну, пайду тым жа шляхам, што і з Масквой - буду пісаць у фармаце "куды пайшоў, што пабачыў - пра тое і напісаў". Тэксту будзе нямнога, успрымайце гэты артыкул як нататкі-фотагалерэю з каментарамі. Дзеля таго, каб не рабіць аграмадны пост (хоць я і сам бачу, што другія-трэція часткі справаздачаў пра адны і тыя ж мясціны мала хто адчыняе), разбіў сваё апавяданне на тры часткі

Папярэднія часткі распавядання пра гэтую вандроўку:
Як з Беларусі эканомна скатацца ў Кіеў
Чарнігаў
Нацыянальны музей народнай архітэктуры і побыту Украіны ў Пірогаве

На "Лыбідскай" я выскачыў з аўтобуса Чарнігаў-Кіеў і цягніком метро хутка даехаў да цэнтра. Там знайшоў свой хостэл, засяліўся - і вырашыў не губляць гэты вечар і пагуляць вулачкамі цэнтральнай часткі Кіева, нягледзячы нават на тое, што дзякуючы правінцыйным аматарам футбольнага алканаўтызма (глядзіце лепш гандбол, валейбол і біятлон, гэтыя віды спорту не так маргіналізуюць, як гэты дыр-дыр з мячыкам! :) ) мінулай ноччу амаль не спаў. Ну, не кожны жа дзень я бываю ў Кіеве, трэба і на ахвяры нейкія ісці (хаця ў прынцыпе звычайна ў вандроўках я ўжо даволі рана іду спаць і не асабліва забаўляюся вечаровымі гулянкамі)

01. Пакуль я засяляўся ў хостэл, зноў прайшоў невялічкі дождж - карацей, надвор'е ў той дзень было не самае лепшае. Забягаючы наперад, наступныя два кіеўскія дні (ды і трэці, калі я ўжо вяртаўся дадому) была сапраўдная летняя спёка. Вечаровы Кіеў файны - здзівіла толькі хіба што нешматлюднасць вуліц, хоць гэта і быў вечар суботы

02. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балету Украіны ім. Т.Шаўчэнка

03. "Залатыя вароты". Па сутнасці, кропкі прыцягнення мінакоў у той суботні вечар у Кіеве былі тры: тут, у парку ля "чырвонага" будынка КНУ і, зразумела ж, на Хрэшчатыку. Астатнія вуліцы - цішыня, нават машыны праязжаюць зусім зрэдку

04. Цэнтр Кіева багаты на дамы цікавай архітэктуры

05.

06. Пажарная каланча

07. Калі б не ўкраінскія нумары на аўтамабілі, дык можна было б падумаць, што гэтае фота дзе-небудзь на Лазурным Беразе Францыі зроблена, як мне падаецца

08. Дайшоў да парка на Уладзімірскай горцы

09. Спуск да Хрэшчатыка. Як я ўжо казаў, перад гэтым прайшоў невялікі дождж, а Кіеў - горад даволі рэльефны, таму гэты вось спуск быў вельмі слізкі - не ведаю, як тут рухаюцца людзі і транспарт у галаледзіцу

Пасля гэтага Хрэшчатыкам вярнуўся да хостэла, фотаапарат ужо не дастаючы - і спаць

10. Наступны дзень. Вось такая вось панарама адчынялася з балкону майго хостэла

11. За дамамі хаваецца дах галоўнай спартыўнай арэны Украіны - СК "Алімпійскі"

12. Паснедаў у "Пузатай хаце", пафатаграфаваў ваколіцы хостэла

Далей была паездка ў музей архітэктуры і побыту Украіны ў Пірогаве, пра якую я распавёў у папярэдняй справаздачы. Патраціў я на яе амаль палову дня, таму ўжо бліжэй да вечара маршрутны аўтобус выкінуў мяне зноў у цэнтры Кіева, ля Палаца "Украіна"

13. Палац гэты - месца для мяне сімвалічнае, бо папярэдні (і адзіны) мой візіт у Кіеў выпаў на праходзіўшае тут у лістападзе 2013 года Дзіцячае Эўрабачанне, дзе мне пашчасціла трошкі пажурналісціць-паваланцёрыць - але гэта ўжо асобная гісторыя. Большую частку тых чатырох дзён тады я правёў непасрэдна ў гэтым будынку, горад жа бачыў урыўкамі... Ну ладна, палову аднаго дня нас тады па горадзе на экскурсію за кошт украінскіх падаткаплацельшчыкаў павазілі, але з большага горад я тады прабягаў урыўкамі самай раніцай. Дарэчы, тады я паспеў застаць і самы пачатак разгараўшагася тады Эўрамайдану, які ўжо праз некалькі месяцаў зменіць на заўсёды жыццё Украіны...

14. Ваколіцы палацу

15. Кіеў у гэтых раёнах - горад кантрастненькай забудовы

16.

Хоць і быў мінулы раз я тут у лістападзе (то бок, не ў самую маляўнічую пару года), але бачна, што хаця б знешне горад за гэтыя пяць год змяніўся ў лепшы бок. Напрыклад, на бульвары Лесі Украінкі, выйшаўшы са станцыі метро "Пячэрская" (калі што, да Пячорскай Лаўры бліжэй такі "Арсенальная", але ў 2013 годзе я гэтага яшчэ не ведаў), я патрапіў на вялікі дэпрэсіўны шалман-базар, зараз жа там чыстая вялікая акуратная плошча

17. Свята-Федасееўскі манастыр, што стаіць амаль насупраць Пячэрскай Лаўры

18.

19. У саму Лаўру, дарэчы, на гэты раз не пайшоў, бо ў 2013 годзе атрымалася так, што патрапіў усярэдзіну ажно два разы (і пячорамі ў тым ліку таксама прайшоў), а квіткі даволі дарагія, ды і паспець пабачыць многа што яшчэ ў гэты дзень хацеў

Больш мяне ў той дзень цікавіла сетка паркаў і сквераў, што цягнецца высокім правым берагам Кіева

20. Мемарыял ахвярам Галадамору

21. Ад манумента цягнуцца шыкоўныя панарамныя кропкі з відамі на Дняпро і левабярэжную частку Кіева. Віды там фантастычныя, нават нягледзячы на тое, што тая частка Кіева - суцэльныя бетонныя джунглі спальнікаў-шматпавярховак

22. Сюррэалістычны храм на тым беразе - Патрыяршы Уваскрасенскі сабор, належыць грэка-каталіцкай царкве

23. Злева з-за ўзгорка выглядаюць залатыя купалы Пячорскай Лаўры

24.

25. З левага боку - манумент Невядомаму Салдату

26. Левы бераг. Метрамастом праз рэку перабягае лінія метро, а на гарызонце, калі не памыляюся, бачны Бровары

27. Помнік Леаніду Быкаву

28. І яшчэ колькі-но панарамаў

29.

30.

Уніз, да Дняпра, я яшчэ скатаюся назаўтра, гэта будзе ў наступнай частцы

31. Іду далей. Звілістай вуліцай прайшоў да яшчэ аднаго грэка-каталіцкага храма - царквы Святога Мікалая на Аскольдавай магіле

32. Нейкі VIP-комплекс з верталётнай пляцоўкай

33. Будынак Вярхоўнай Рады Украіны

34. Цікавосткі спартыўныя - стадыён "Дынама", што носіць у дадатак імя Валерыя Лабаноўскага (ці то футбольнага генія, ці то самадура-дыктатара, папсаваўшага не адзін дзясятак таленавітых ігракоў, і майстра закулісных гульняў, а хутчэй за ўсё, усё гэта - адразу ў адным чалавеку; але легендарнай і несамавітай фігурай у святовым футболе ён быў дакладна)

35. На тэрыторыю не патрапіць, таму бачыў толькі праз дрэвы

36. Яшчэ адна вядомая цікавостка гэтай часткі Кіева - Паркавы мост

37. Унізе - жывая гарадская вуліца

38. А яшчэ трошку прайсці - і адчыняюцца, напэўна, самыя лепшыя панарамы Кіева: з відам на Дняпро і Падол (і тут яшчэ толькі "сучасная" частка Падола). Нават тэхнагеншчына ў выглядзе элеватара нічога тут не псуе, на мой погляд

39. Хто там воданапорныя вежы любіць? Музей вады. Быў ужо зачынены

40. Арка сяброўства народаў стаіць, ніхто не чапае яе

41. Хіба што памалявалі тут троху

42. Насупраць - трыбуна з моладзевай тусоўкай. Быў вечар нядзелі, нагадаю

43. А за аркай - Дняпро. Па-мойму, самая прыгожая панарамная кропка Кіева. Унізе я буду ўжо ў наступны дзень

44. Вячэрэе, трэба рухацца ўжо ў бок хостэла. Эўрапейская плошча, з якой пачынаецца Хрэшчатык

45. Хрэшчатык на выходныя перакрываюць, тут тусоўка для моладзі і турыстаў. Майдан Незалежнасці

46.

47. Хрэшчатык увечары выявіўся супярэчлівым месцам, з гарой лахатроншчыкаў (ну, хто сутыкаўся, той гэтыя забавы ведае: узняцца на лесвіцу, на якую немагчыма ўзняцца "чужому", не ведаючаму сакрэту - і іншыя падобныя "атракцыёны"), шматлікімі "гарадскімі вар'ятамі"... Карацей, турыстычная атракцыя, мае сэнс хіба што разок прабегчыся, супыніцца мо ля якога з вулічных музыкантаў. Але ў звычайныя дні Хрэшчатык увогуле пераўтвараецца ў шумную малапрыемную запружанную аўтамабілямі шашу - і ўспрымаецца хіба што трошкі лепш за маскоўскую Цвярскую, якой, я лічу, увогуле хадзіць днём і ўвечары непрыемна

48. Перспектыва Хрэшчатыка

49. Кіеўская гарадская адміністрацыя. Тут працуе Клічко

50. І апошні кадр дня. Далей я купіў сабе трошкі ежы на вечар - і накіраваўся ў хостэл адсыпацца, бо заўтрашні дзень планаваўся напружаным

Дзякуй за ўвагу!