February 20, 2019

Вераснёвая Віцебшчына - ч.5. Верхнядзвінск-Обаль-Шуміліна

Папярэднія часткі:
Вераснёвая Віцебшчына - ч.1. Смаляны
Вераснёвая Віцебшчына - ч.2. Лепель
Вераснёвая Віцебшчына - ч.3. Глыбокае
Вераснёвая Віцебшчына - ч.4. Дзісна
Вераснёвая Віцебшчына - ч.4а. Полацк

На апошні дзень сваёй вандроўкі Паўночнай Беларуссю я запланаваў скатацца ў Асвею - гарадскі пасёлак Верхнядзвінскага раёна, знаходзячыся на беразе Асвейскага возера, другога па плошчы воднага люстэрка возера краіны. Ехаць туды з Полацка трэба праз Верхнядзвінск: спачатку дызель-цягніком да гэтага райцэнтра, а ўжо адтуль - прыгарадным аўтобусам. Але, як і ў трэцяй частцы гэтай серыі артыкулаў, нешта пайшло не так - пра гэта я і распавяду далей

Выязджаў з Полацка ў 10:00 прыгарадным цягніком Полацк-Бігосава. Цягнік быў досыць добра забіты людзьмі - прычым, большасць зайшла не ў Полацку, а на Рапнянскай (то бок, у Наваполацку): у асноўным, гэта былі дачнікі сталага ўзросту, якія, відавочна, ехалі прыводзіць свае лецішчы ў парадак пасля сезону і перад восенню/зімой; быў і нейкі турыст-раварыст (таксама сталага ўзросту) ў поўнай амуніцыі, які выйшаў дзесьці ў лесе хутка за Рапнянскай - відавочна, вырашыў пакатацца ляснымі сцежкамі (тым болей, раніца ў той дзень была цёплая). Дзень быў працоўны, дарэчы - серада. Дарога ад Полацка да верхнядзвінскай чыгуначнай станцыі нядоўгая - крыху больш за гадзіну, але ж і вакзал не ў самім горадзе знаходзіцца, а ў вёсцы Бароўка за два кіламетры ад горада; ехаць аўтобусам ад вакзала ў Верхнядзвінск было яшчэ дольш, бо некаторыя рэйсы адзінага маршрута гарадскога аўтобуса ідуць не проста, а міма тэрыторыі знаходзячыхся крышачку за горадам малаказавода (дзе робяць самы смачны, на мой погляд, сыр у Беларусі) і раённай лякарні

01. У Верхнядзвінску я таксама быў у мінулым годзе падчас сваёй лістападскай вандроўкі, горад тады мне хоць збольшага і спадабаўся, але запомніўся як нейкае сумнае і трошкі дэпрэсіўнае мястэчка (хаця мо ж менавіта таму ён мне і спадабаўся). Зараз жа я выйшаў у цэнтры горада - і не пазнаў цэнтральную вуліцу (яна тут мае, нажаль, стандартную для беларускіх гарадоў назву - вуліца Савецкая)

02. Горад яўна рыхтавалі да чагосьці значнага (на самой справе, вялікі і аўральны рамонт я пабачыў яшчэ на чыгуначным вакзале, але спачатку не звярнуў на яго ўвагі) - так у Беларусі могуць рыхтавацца альбо да прыезду прэзідэнта, альбо да "Дажынак"

03.

04. Калі дайшоў да вакзала, то з аб'яў даведаўся, што і праўда - у пятніцу Верхнядзвінск прыймае абласныя "Дажынкі" (можаце яшчэ звярнуць увагу на цікавае скарачэнне назвы горада)

Таксама ўжо на аўтавакзале высвятлілася, што расклад руху аўтобусаў змяніўся, і мінулагодні мой аўтобус Верхнядзвінск-Асвея, які тады адпраўляўся па серадах у 12.30, цяпер адыходзіць недзе пад вечар. Карацей, выснова з вандроўкі такая: не верце Яндэкс.Раскладам і інтэрнет-раскладам прыгарадных аўтобусаў увогуле, а лепш не лянуйцеся тэлефанаваць на аўтастанцыі і ўдакладняць расклады руху. А да Асвеі я абавязкова калі-небудзь дабяруся - упэўнены, што там не менш цікава, чым у Дзісне.

Павывучаўшы новы расклад руху прыгарадных аўтобусаў (а з німі тут, як зараз і многа дзе на Беларусі, усё сумна), я зразумеў, што ў Верхнядзвінску няма што сёння лавіць, таму лепей будзе вяртацца ў Полацк і ўжо там думаць, на што патраціць рэшту дня. Да бліжэйшага цягніка яшчэ заставалася трошкі часу, таму пагуляў ўжо добра знаёмым гарадскім цэнтрам

05. Каля выканкама робяць рады для гледачоў святочнай імпрэзы

06. Пару метраў набярэжнай Дзвіны ўпарадкавалі, зрабіўшы аглядную пляцоўку і памяняўшы крыж (у мінулым годзе ён тут быў драўляны)

07. Нагадаю, што тут калісьці ставілі сезонны пантонны мост (а дагэтуль, кажуць, тут хадзіў паром). Смешна казаць - да пабудовы сучаснага маста на ўскраіне Верхнядзвінска, паміж Наваполацкам і Дзвінскам/Даўгаўпілсам стацыянарных мастоў праз Дзвіну не было

Можаце, дарэчы, параўнаць гэты краявід зараз і ў лістападзе мінулага года

08. Сотняй метраў ніжэй знайшліся, відавочна, рэшткі зусім ужо старога маста - у лістападскую паводку яны былі, відавочна, схаваныя пад вадой, таму я іх тады і не ўбачыў

09. Тут ровар - не нашая з вамі гарадская забава для хіпстараў, ціпа-ЗОЖнікаў і мясцовых вар'ятаў, а папулярны сродак руху

10. Пешаходны мост праз Дрысу

11. Рэчка Дрыса

12. Аўтавакзал і каталіцкі касцёл. У будынку зправа, перад касцёлам, знаходзіцца нядрэнная кавярня (гэта ўжо такая наводка для тых, хто мо ў Верхнядзвінск раптам услед за мной патрапіць) - хоць і каапсаюзаўская, але досыць смачна і танна (і без каларыту "забягалаўкі" для алканаўтаў і мясцовай гапаты, дарэчы - хоць гэта і традыцыйна для каапсаюзаўскіх харчаванак). Ну, і я там перакусіў, канешне ж

13. На безаблічнай раней галоўнай плошчы горада зрабілі скверык

14. Нагадаю, гістарычна Верхнядзвінск зваўся Дрысай - імя тапоніму дала, як няцяжка здагадацца, рэчка. Але пры "саўку" хтосьці вырашыў, што назва неблагагучная, таму горад трэба перайменаваць (і логіку гэтык перайменавальшчыкаў зразумець цяжкавата, бо знаходзіцца Дрыса-Верхнядзвінск у сярэднім, а не ў верхнім цячэнні Дзвіны). Таксама на скульптуры можна пабачыць выяву існаваўшага калісьці драўлянага Дрысенскага замка (да нашых часоў не захаваўся)

15.

16. Вяртаюся на чыгуначную станцыю. Вакзальны будынак, пабудаваны недзе ў першай палове 20 стагоддзя

17.

Адправіўся назад у Полацк цягніком Бігосава-Полацк у 13.34

18. Шырокі тамбур дэміхаўскага дызелька

19. Надвор'е ўжо сапасавалася, пайшоў дождж - нават стала шкада тых дачнікаў, што ўраніцы спакусіліся добрым надвор'ем і рванулі на лецішчы. Забягаючы наперад, з перапынкамі дождж ішоў потым рэшту дня і ноч

20. За гадзіну дарогі да Полацка палазіў па сайце Белчыгункі і выгугліў цікавосткі бліжэйшых да чыгункі населеных пунктаў, склаўшы такім чынам свой далейшы маршрут. У Полацку меў хвілін дваццаць на перасадку - і ўжо ў 15.11 адправіўся далей, цягніком Полацк-Віцебск, які праз паўгадзіны дарогі прывёз мяне ў Обаль

21. Вакзал тут на рэканструкцыі

22. Прывакзальная вуліца. Ёсць ураджанне, што патрапіў у нейкую глухую вёсачку, але на самой справе Обаль, як выявілася - адносна жывое і цывілізаванае мястэчка, проста да чыгункі яно выходзіць самымі глухімі сваімі раёнамі

Обаль - гарадскі пасёлак Шумілінскага раёна, насельніцтвам каля 2,3 тысяч чалавек (хаця статыстыка кажа, што ў 1998 годзе тут жыло амаль 4 тысячы чалавек). Вядома з 1503 года як сяло. Што датычыцца тапоніма, то ён, хутчэй за ўсё, мае балцкае паходжанне (ад літоўскага obolis - "яблыня"), але магчымы і славянскія варыянты паходжання назвы. Ёсць беларускамоўны варыянт назвы "Вобаль"

23. На фота два ровары. Калі не верыце, то прыглядзіцеся :)

24. Гэтая вось сцежка на мапе пазначана як паўнавартасная вуліца Школьная

25.

26. У Обалі захаваліся руіны старадаўняга палаца Грабніцкіх. Як я даведаўся ўжо пазней, вуліца завецца Школьнай менавіта таму, што ў часы СССР ў будынку дзейнічала пасялковая школа

27. Чарговыя безнадзейныя руіны, якія наўрад ці хто-небудзь будзе аднаўляць

28. Сумна...

29.

30. Унізе цячэ рэчка Обаль

31. У флігелі побач зараз музей - праўда, зусім не тэматычны

32.

33.

34.

35. Перахожу мастом праз рэчку і іду ў іншую частку мястэчка. Там кароўка сцеражэ праваслаўную царкву святога Ануфрыя, пабудаваную ўжо ў 2000я гады

36. Школа

37.

38. Далей пачыналася цывілізаваная частка пасёлка, але часу да наступнага цягніка было нямнога, ды й дождж узмацняўся, таму я ўжо рушыў ў бок чыгуначнага вакзала

39. Трошкі замалёвачак

40.

41.

42. Від на рэчку Обаль з маста

43. І гэтая сцежачка на мапе была - праўда, ужо ў выглядзе завулка

44. Куды ідзеш?

45. Усярэдзіне вакзала

46. Пераход праз рэйкі

Яшчэ паўгадзіны наступным прыгарадным цягніком - і прыязджаю ў Шуміліна. Шуміліна - гарадскі пасёлак, цэнтр Шумілінскага раёна, насельніцтва складае каля 7,5 тысяч чалавек. Вядома з 19 стагоддзя як вёска, за кароткую гісторыю мела тры назвы: акрамя сучаснага, раней звалася Баболіна і Сіроціна

47. Па шчырасці, у Шуміліне мяне цікавіў толькі вакзальны будынак. Ён тут нагадвае вакзал станцыі Верхнядзвінск (хоць прыбудовы па баках і не ідэнтычныя верхнядзвінскім)

48.

49.

50. На прывакзальнай плошчы стаіць помнік расійскаму імператаскаму міністру шляхоў зносін Паўлу Мельнікаву - пры ім быў адчынены чыгуначны рух паміж Віцебскам і Полацкам, які ў тым ліку стаў і штуршком для развіцця мястэчка

51. Сумная ў такое надвор'е прывакзальная вуліца

52. Гламурны аўтавакзал

53. Цэнтр пасёлка

54. Выканкам

55. Паколькі ў Шуміліне дождж канчаткова разгуляўся, то мяне хапіла толькі на прабежку ад вакзала ў цэнтр і праз краму - назад на вакзал. Яшчэ прыкладна гадзіну прыйшлося пачакаць наступнага цягніка ў зале чакання

56. Шумілінскі вакзал усярэдзіне

57. Дождж працягваецца

58. З Шуміліна ў Полацк вяртаўся польскім дызель-цягніком PESA, працуючым на штодзённым маршруце Магілёў-Полацк. Квіток ад Шуміліна да Полацка тут каштаваў 6,09 рублёў (супраць 1,28 рублёў на звычайным прыгарадным цягніку) - то і не дзіва нават, што рэйс быў амаль пусты. Не пашкадаваў я грошай толькі таму, што сядзець яшчэ дзве гадзіны на шумілінскім вакзале (яны ж, негадзяі, яшчэ ў гэты час вялікае акно ў руху простых дызелькоў зрабілі!) не хацелася зусім

Не хацеў сядзець у Шуміліне - прыйшлося сядзець у Полацку. Праўда, там і вакзал больш утульны, і крама ды ўсё той ж буфет-кавярня ёсць. А ў 0.15 паехаў з Полацка цягніком Віцебск-Мінск, у Мінску раніцай наступнага дня пераскочыў на электрычку - і ўжо да палудня быў дома

Такая вось выйшла вандроўка, дзякуй за ўвагу!