October 3, 2019

Петрыкаў

Папярэднія часткі:
Палеская хадзілка: Капцэвічы-Славінск-Ляскавічы
Ляскавічы: "сталіца" Прыпяцкага нацыянальнага парка

У прыгарадным аўтобусе Ляскавічы-Петрыкаў нават трошкі паспаць змог, хаця і ідзе ён крыху больш за паўгадзіны. Прыкладна ў 13.00 ужо быў у Петрыкаве, цягнік Гомель-Гродна ад'язджае адсюль ажно толькі ў 20.22, і раней укаціць варыянтаў ніякіх няма, таму ў мяне заставалася яшчэ гадзін 6-7 на знаёмства з новым для сябе райцэнтрам, чаго для Петрыкава больш чым дастаткова

Петрыкаў - горад і цэнтр раёна Гомельскай вобласці, насельніцтвам каля 10 тысяч чалавек. Афіцыйна вядомы як мястэчка з 1523 года, але на ўскраіне горада выяўлена месца славянскага селішча, якое датуецца 6-7 стагоддзямі. Гістарычна ціхі і нічым не прыкметны райцэнтрык, лёс якога ў апошнія гады крута мяняецца - у Петрыкаўскім раёне ёсць буйное радовішча калійных і каменных соляў, і "Беларуськалій" ужо распачаў яго распрацоўку, таму хутка горад напэўна стане такім сабе "міні-Салігорскам", а мясцовыя жыхары, замест таго каб уцякаць з райцэнтра ў Мінск, Гомель ці нават які-небудзь Мазыр, усё часцей штурмуюць галіновую навучальную ўстанову ў самім Салігорску - калі з радовішчам і горна-абагачальным комплексам усё будзе добра, хутка добра аплачваемых працоўных месцаў петрыкаўчанам будзе багата і бліжэй да дому. Пакуль жа Петрыкаў яшчэ пакідае ўражанне звычайнага ціхага палескага мястэчка, з дамінуючай прыватнай забудовай, з пэўнай колькасцю алкашні і маргінальных асобаў на галоўных вуліцах (хаця дзе такога ў нас не пабачыш...); толькі добра "аддажынены" - якраз у тую пару горад рыхтаваўся прыняць абласныя "Дажынкі" ў верасні (шансуе мне нешта апошнім часам на пост- ці пераддажыначныя гарады і мястэчкі)

01. Пачаў прагулянку гарадком я, канешне ж, з аўтавакзала, але да яго я яшчэ вярнуся, пакуль жа - фотаздымак цэнтральнай плошчы горада з савецкай забудовай і помнікам Леніну, які тут, у адрозненне ад Ліды ці Нясвіжа, не схавалі куды-небудзь убок, да якога-небудзь непрыкметнага скверыка (па-добраму, я лічу, што помнікі Леніну прыбіраць трэба, але гэта ўжо не ў нашым жыцці, напэўна)

02. Горад, як я ўжо казаў, пераважна адна- ці двухпавярховы...

03. ...хаця ёсць і пяціпавярховыя дамы

04. Раённы Дом культуры

05.

06. Побач з ім знаходзіцца будынак Узнясенскай царквы (1890 г.)

07.

08. Рэдкія кавалкі гістарычнай забудовы мястэчка

09.

10. Выгляд аднаго са старых дамоў сапсаваны "Беларусбанкам". Як могуць адзначыць мае расійскія чытачы (у якіх таксама ёсць "Сбербанк"-шкоднік), зялёна-белы банк - гэта дыягназ :)

11. Цэнтр Петрыкава знаходзіцца на своеасаблівай тэрасе над далінай Прыпяці, таму прайшоўшы хуценька цэнтрам (але сюды яшчэ вярнуся), далей я спусціўся згары і пайшоў у бок ракі. Камсамольскай вуліцай выйшаў да воднай паверхні, звязанай з ракой - на мапах яна падпісана як затока Бычок

12. З таго боку затокі, на такім сабе паўвостраве - Петрыкаўскі судабудаўніча-сударамонтны завод (нават не ведаю, у якім ён зараз стане, з гэтым эканамічна няпростым часам)

13.

14.

15. Прайшоўшы яшчэ трошкі прыватным сектарам, выйшаў ужо да самой Прыпяці

16.

17. Побач знаходзіцца гарадскі пляж

18. Вадзічка там, але ж, брудная - нанесла з навакольных балотаў. Хаця мясцовыя ў такой вадзе без аніякіх забабонаў купаліся, мяне ж хапіла хіба што ногі памачыць - дзень быў даволі спякотны

19. Але вось проста паляжаць пад дрэвам я быў згодны - за дзень паспеў ужо нахадзіцца, таму далей былі амаль дзве гадзіны рэлаксу ў ценю з рэдкімі паходамі да вады. Мясцовыя, дарэчы, казалі, што яшчэ два месяцы таму вада была прыкладна каля "грыбочка", цень і частку галавы якога можна пабачыць у правай частцы фотаздымка ніжэй

Добра адпачыўшы, пайшоў зноў у горад. Пад Петрыкавым ёсць паром праз Прыпяць - крышачку на поўдзень ад горада, першапачаткова я нават планаваў схадзіць туды і нават пераправіцца ім праз раку і назад, але ў той момант ужо перціся ў такую далечыню не хацелася. Тым болей, свой паром у гэтым годзе ў мяне ўжо быў - стары-знаёмы, пад Лунінцом (але пра тую катанку я як-небудзь бліжэй да зімы распавяду, бо яшчэ нават фотаздымкі з фотаапарата не перанёс)

20. Будынак петрыкаўскага рачнога вакзала, зараз зачыненага

21. Іду ўгару. Дом злева на мапе падпісаны як "дом Гналя". Хто такі Гналь, я дакладна нагугліць не змог, мо нейкі прадпрымальнік мясцовы

22.

23.

24. Прыпяць удалечыні

25. Выбраўся да гарадскога парка, што знаходзіцца якраз каля выступу надпрыпяцкай тэрасы. У гэтым будынку знаходзіцца краязнаўчы музей

26. У парку знаходзіцца помнік, напэўна, самаму вядомаму ўражэнцу Петрыкаўшчыны - Васілю Ісакавічу Талашу, больш вядомаму як "Дзед Талаш" - партызану дзвюх сусветных войнаў, магчымаму самаму старому ўдзельніку вайны 1941-45 гг. (нарадзіўся ў 1844 г.), прататыпу героя аповесці Якуба Коласа "Дрыгва", нарадзіўшамуся ў в.Навасёлкі недалёка ад Петрыкава. Помнік давялося пашукаць: там, дзе ён пазначаны на мапе, па-мойму, зараз была драўляная скульптура нейкага міфалагічнага дзеда, на Талаша неяк зусім не падобнага. Відавочна, падчас "дажынкізацыі" горада і перабудовы парка помнік перанеслі ў іншае месца, дзе я яго і знайшоў

27. Савецкі помнік каля агляднай пляцоўкі з панарамай (даволі неблагой) на даліну Прыпяці

28. Вось і сама рака ўдалечыні. Дарэчы, гэта мой апошні фотаздымак Прыпяці ў той дзень, далей ракі больш не будзе (прызнаюся, сама рака з агляднай пляцоўгі праглядаецца не вельмі добра, гэты і 24 фотаздымкі я зрабіў з дапамогай ультразуму)

29. Добраўпарадкаванне тэрыторыі перад паркам (у выглядзе мапы Беларусі, калі хто не зразумеў)

30. Яшчэ ёсць час (і нават сілы) схадзіць на ўсходнюю частку горада. Прайшоў міма царквы св.Мікалая (19 стагоддзе)

31. Сучаснае народнае мастацтва

32. Петрыкаўскія Віні-Пух і Чабурашка прыйдуць за вамі

33. Шлях мой ляжаў да гардскіх могілак. Звычайна могілкамі я гуляць не люблю, але тут ёсць пара цікавых кропак, дый часу многа - нячаста мне настолькі хапае часу, каб дасканала абхадзіць у горадзе ўсё, што планаваў (прычым, увогуле без аніякай спешцы). Па-першае, у інтэрнэце я нагугліў, што на гэтых могілках можна пабачыць мемарыяльныя калоны канца 18 стагоддзя. Іх павінна быць дзве штукі. На адну насунуўся адразу

34. Другая павінна быць дзесьці побач, але яе не было. Магчыма, яна стаяла тут

35. Магіла Дзеда Талаша

36. Ён памёр ужо пасля вайны, у 1946 годзе, ва ўзросце 101 год

37. Ад могілак - неблагая панарамка на даліну Прыпяці, але самой ракі адсюль, як я і абяцаў, ужо не будзе - за Петрыкавым яна на некаторы час уходзіць на поўдзень

38. За могілкамі - копія-(нібыта)новабуд старой драўлянай царквы, раней стаяўшай на могілках. Арыгінальная царква, калі верыць інтэрнету, была пабудаваная дзесьці ў 17-18 стагоддзі ў в.Сотнічы як стараверская, у 1746 г. стала ўніяцкай, пазней будынак быў перанесены ў Петрыкаў, дзе апошнім часам паступова разбураўся, пакуль не быў разабраны дзесьці ў 2012 годзе

39.

40. Будынак недароблены, дый сучасных дэталяў занадта многа

41.

42.

43. Насупраць - невялічкі радок каларытных цыганскіх магіл

44. Ужо можна і вырушаць да аўтавакзала. Прайшоў міма такой, як я зразумеў, аграсядзібы...

45. ...і вярнуўся да аўтавакзала. Чыгункі непасрэдна ў самім Петрыкаве няма, але адсюль, па-мойму, пад кожны цягнік да бліжэйшай чыгуначнай станцыі ў вёсцы Муляроўка (паміж населенымі пунктамі 12 кіламетраў) ходзяць прыгарадныя аўтобусы. Дарэчы, на фотаздымку, наколькі памятаю, якраз аўтобус Петрыкаў-Муляроўка, але мне ім ехаць яшчэ рана, бо на цягнік я паспяваў і наступным рэйсам, а рабіць у Муляроўцы зусім няма чаго

46. Аўтастанцыя таксама адрэмантаваная - відавочна, пад Дажынкі. І, што файна, выдатна беларусізаваная, што для Гомельшчыны ўвогуле выдатна

47.

48.

49.

50. Хіба што ўсярэдзіне мапа і расклад руху, відавочна, ад старога будынка засталіся на рускай мове

51. Па традыцыі, зфатаграфаваў і расклад руху

52. Рэйсаў нямнога, і ходзяць яны нячаста, але бачыў у райцэнтрах і горшае

53. На мове нават афармленне вакзальнай кавярні з шаўрмой

54.

55. Шаўрма там далёкая ад класічнай, але неблагая

56. Яшчэ трошкі палазіў ваколіцамі, чакаючы свайго аўтобуса (ну вось, зноў прозвішча ўсё таго ж Гналя, дарэчы)

57. І, сеўшы на патрэбны мне аўтобус, прыкладна ў 20.00 быў ужо на станцыі "Муляроўка"

58.

Вось і ўсё на сёння, ужо ўначы вярнуўся ў Баранавічы