September 27, 2022

Zoom-сустрэча валанцёраў Офіса з Лізай Ветравай

У валанцёраў Офіса Святланы Ціханоўскай адбылася zoom-сустрэча з беларускай інфлюенсеркай Лізай Ветравай. Мы абмеркавалі, ці патрэбна беларускай мове прасоўванне, як больш выкарыстоўваць беларускую мову ў жыцці і на якіх платформах больш за ўсё не хапае беларускай.

Ліза, ты сама робіш шмат кантэнту па-беларуску. Ты добра ведаеш беларускую мову?

Што такое добра ведаць беларускую мову? Мне падаецца, чым больш ты вучыш, тым больш разумееш, што зусім мала ведаеш. У беларускай мове больш за 2 млн словаў, я ведаю на 60%, мне падаецца. Напрыклад, учора я даведалася 4 сінонімы да слова «менструацыя» па-беларуску. Я ўжо неяк казала, што беларуская мова – гэта не ад кропкі А ў кропку Б. Быццам у кропцы А ты пачынаеш вучыць, а ў кропцы Б ты яе ведаеш ідэальна і размаўляеш на ўсе тэмы. Беларуская мова – гэта шлях, мы будзем па ім ісці, я буду ісці даўжынёй ва ўсё маё жыццё.

Верагодна, калі буду там у пекле ці дзе-небудзь у іншым месцы, я вам скажу, наколькі добра я ведала беларускую мову. Верагодна, яшчэ і там прыйдзецца яе падвучваць. Калі сярэднестатыстычную адзнаку даць, то я нядрэнна валодаю беларускай мовай. Калі ўсёй беларускай мовай, то недастаткова добра.

Беларуская мова багатая і ў ёй шмат сінонімаў. Як не баяцца вывучаць, як не баяцца запамінаць, не запамінаць, блытаць?

Ой, блін, проста размаўляйце! Не бойцеся, блытаеце – ну і добра! Ну і блытайце, нічога страшнага, ніхто за гэта не б’е. Трэба перыядычна зазірнуць у слоўнік і паглядзець, у тым сэнсе ты карыстаешся гэтым словам, ці не. Таксама трэба памятаць, што мова – гэта ў першую чаргу сродак зносін, таму не варта дбаць пра яе нейкую там чысціню моўную. Проста трэба размаўляць. Галоўнае, каб вас разумелі, нават калі гэта будзе там трасяначка, мы яе разумеем. Мэта мовы, як сродку зносінаў, выконваецца, значыць, можна размаўляць.

Сінонімаў не трэба баяцца, яны наадварот вельмі цікавыя. У мяне зараз такі феціш: я лажу па слоўніках і я шукаю сінонімы. Чым больш знайду, тым, я лічу, я мацней. Таму проста зазірніце ў слоўнік, паглядзіце, так вы карыстаецеся словам ці не. Калі не так, то пачніце карыстацца правільна. Калі так, то проста вывучыце яшчэ адзін сінонім і ўжо будзе крута.

Ці карыстаешся якім-небудзь прыкладаннем на тэлефоне, каб лепш ведаць мову?

Прыкладаннямі я ўжо ніякімі не карыстаюся, бо калі я толькі пачала вучыць беларускую мову, іх ня шмат было, мне прыйшлося ўсё рабіць самой. Ёсць, напрыклад, «Кніжны воз», дзе можна аўдыё паслухаць, там не толькі для дзяцей, але і дарослыя кнігі. Ёсць усякія гульні, «Крыжаванкі», падаецца, яны называюцца. Гэта безумоўна дапамагае. Проста на маім узроўні валодання мовай, нават прыкладання з прафесійнай лексікай мне ўжо трошачкі не хапае. Але калі вы толькі вось пачынаеце, спрабуеце размаўляць, карыстацца беларускай мовай, то такіх прыкладанняў зараз ужо нямала.

Які слоўнік найлепшы на тваю думку?

Slounik.org – гэта анлайн-слоўнік. Адно слова вам можа выдаваць у тлумачэннях розных слоўнікаў. І такім чынам у вас атрымаецца сабраць нейкую агульную карціну. Напрыклад, калі гэта ёсць і ў слоўніку Байкова-Некрашэвіча, і ў слоўніку дадатковай лексікі, то хутчэй за ўсё, гэта больш застарэлае слова. Калі гэтае слова ёсць у слоўніку Крапівы, то будзьце асцярожныя, гэта можа быць падманка, бо ў Крапівы ёсць і слова «карандаш». Таму я б сказала, што Slounik.org для мяне найлепшы. Таксама я ведаю, шмат хто карыстаецца «Белазарам», але мне яго малавата. Калі я не знаходжу нейкае слова ў Slounik.org, я шукаю па артыкулах у інтэрнэце. Калі і там не магу знайсці, то звяртаюся да сваіх знаёмых мовазнаўцаў: «Хелп мі, што гэта за слова?»

А ты з дзяцінства размаўляеш па-беларуску?

Ой, як вам сказаць, я з дзяцінства трасяню. Можа таму я і не баюся памылак у беларускай мове. З дзяцінства я трасяню, вельмі смачна і дагэтуль люблю ўключаць беларускую трасяначку перыядычна. Гэта дадае нейкай такой каларытнасці мове. Школа была беларускамоўная, таму ніколі цяжкасцяў з беларускай мовай не было. Проста потым я паступіла ў Менск, стала гарадской чыкуляй і пачала размаўляць па-расейску. Сапсаваў мяне Менск, ведаеце, кшталту, вялікі горад, спакусы, я пачала размаўляць расейскай. Не ведаю, як сказаць, з дзяцінства ці не з дзяцінства? У маім пасёлку заўсёды была трасянка, але больш было словаў з беларускай мовы, чым з расейскай.

Распавядзі пра свой пераход, ты ў нейкі адзін момант прачнулася і такая – толькі па-беларуску?

Так і было насамрэч. Гэта проста маё жыццё – з крайнасці ў крайнасць. Я не памятаю дакладнай даты, але калі я выходзіла на пратэст у падтрымку Бабарыкі, адразу пасля таго як яго пасадзілі, я ўжо размаўляла беларускай. Я звольнілася з працы, бо працавала ў прыватным медыцынскім цэнтры, які, дарэчы, належаў расейцам. Там усе размаўлялі па-расейску, і пасля ўніверу я яшчэ размаўляла па-расейску. Потым я звольнілася з працы, тыдні 2-3 пабыла дома. З раніцы прачнулася і такая – буду размаўляць па-беларуску. І пачала. Вось так. Ну ў мяне яшчэ думкі былі па-беларуску, таму я перыядычна задумвалася аб тым, каб перайсці на яе цалкам.

А бываюць такія выпадкі, калі суразмоўца настойліва прымушае перайсці на расейскую? Калі бываюць, што робіць?

У мяне не было ні разу такой сітуацыі. Больш таго, я ў 21-м годзе праводзіла апытанкі ў Менску, у горадзе. Хадзіла з мікрафонам і пытала ў людзей розныя рэчы. І вось мы пыталіся: назаві 3 характарыстыкі пазітыўныя і негатыўныя беларуса. І я на розных людзей трапляла, у тым ліку і на «ябацек», але яны не рэагавалі так агрэсіўна на беларускую мову, верагодна, прапаганда не гнула гэтую лінію. На той момант яны проста пыталі: «О, вы па-беларуску размаўляеце. Цікава… А нічога калі мы будзем адказваць расейскай?» Ну не было такога, каб мне хтосьці вось сказаў: «Я не разумею беларускую мову, размаўляй расейскай». Я такога не сустракала.

Зразумела, што калі ў Літве літовец ведае расейскую, я не буду настойліва з ім размаўляць беларускай і казаць яму: «Быў калісьці ВКЛ, вучы беларускую мову».

А ўсё ж такі, дай нейкую параду для людзей, якія ў Беларусі могуць сутыкнуцца з такім?

Ну мне падаецца, галоўнае – пазбегнуць канфлікту. Важна ў першую чаргу, калі ты знаходзішся ўнутры Беларусі, памятаць пра сваю бяспеку. І калі вы бачыце, што чалавек трошачкі «цюцюляля» і агрэсіўна вельмі настроены, то ён можа патэлефанаваць у міліцыю і сказаць, што вось тут, ціпа «бчбшнік». Гэтага будзе дастаткова, нават калі з вамі нічога не будзе. Проста ён можа на вас нагаварыць. Я б проста развярнулася і пабегла куды-небудзь. Ну але калі вельмі трэба штосьці сказаць, то перайдзіце на расейскую, мы ж ведаем дзве мовы, нічога ў гэтым страшнага няма.

Дзе можна ўжываць родную мову, калі асяроддзе карыстаецца расейскай?

Тут залежыць, якое асяроддзе. Калі вашае асяроддзе – гэта замежнікі, якія ведаюць толькі расейскую мову, то па-беларуску вы можаце размаўляць, напрыклад, дома, у інтэрнэце, са сваімі нейкімі беларускімі сябрамі, са сваімі роднымі з Беларусі, з тымі, хто разумее беларускую мову. А калі гэта асяроддзе – тыя ж расейцы, напрыклад, на працы, то вы з імі можаце трасяніць. Гэта будзе хутчэй за ўсё прыкольна, бо ёсць адэкватныя людзі якім падабаецца і яны наадварот просяць размаўляць па-беларуску.

Са мной у сацсетках тры расейцы перайшлі на беларускую мову, ім проста мова падабаецца. Калі гэта рускамоўныя беларусы, то альбо прапануйце ім размаўляць разам з вамі, вучыцца, альбо проста папярэдзьце: «Я збіраюся пераходзіць на беларускую мову, я яе вучу, яе будзе ў маім жыцці станавіцца ўсё больш і больш. Каб для вас гэта не стала нейкай нечаканасцю, я буду размаўляць па-беларуску спрабаваць». Можна нават іх папрасіць: «Калі вы чуеце нейкія памылкі, то дапамагайце мне, выпраўляйце. Калі ў вас ёсць жаданне, то далучайцеся, давайце будзем разам».

Як пазбягаць трасянкі, калі хочацца размаўляць на чыстай беларускай мове? Ці існуе «чыстая» беларуская мова?

Гэта мае любімыя стэрэатыпы наконт беларускай мовы. Беларуская мова чыстая, літаратурная, там няма ні лаянкі, ні мацюкоў. Ну, канешне, гэта не так! Увогуле, што такое чыстая мова? Гутарковая мова апрыёры не можа быць у вас ідэальнай, чыстай, літаратурнай. Літаратурная мова таму і літаратурная, бо перад тым, як кнігі ідуць на друк, іх правяраюць рэдактары не адзін раз. У галаве ў нас рэдактараў няма. Перад тым, як штосьці казаць, калі б я зараз кожнае слова абдумвала як правільна, у нас бы размова зацягнулася на гадзін 5, можа і болей.

Таму ёсць гутарковая беларуская мова, ёсць літаратурная беларуская мова. Літаратурная – гэта ў кнігах, гэта тое, што вы чытаеце пасля рэдактараў. Гутарковая беларуская мова – тая, якая ідзе з вашых вуснаў. Няма ідэальнай, чыстай беларускай мовы без памылак. Яе не існуе ў гутарковым варыянце. У любым выпадку вы будзеце памыляцца. З гэтым проста трэба змірыцца. Калі вы толькі пачынаеце размаўляць па-беларуску, вы будзеце памыляцца кожную хвілінку, а то і секунду. Калі вы ўжо напрацуеце нейкі скіл, то вы будзеце памыляцца раз у 10 хвілін. Але памылкі будуць усё роўна. Дзесьці не так склон скажаш, дзесьці русізм уставіш, дзесьці паланізм, дзесьці ўкраінізм. Немагчыма размаўляць увогуле ідэальнай мовай, ды нават у кнігах, пачытайце Караткевіча, у яго і паланізмы, і русізмы таксама ёсць, таму гэта нармальна. Гэта нашая праблема, бо мы не размаўляем па-беларуску, і нам падаецца, што яна павінна быць такой, як у кнігах, але гэта не так. Мова такая, якая яна ёсць. Як вы на ёй размаўляеце, – такая вашая мова.

А сны бачыш на якой мове?

Сны бачу на беларускай мове. Калі я сню чалавека, які ў жыцці размаўляе расейскай, то хутчэй за ўсё ў сне ён будзе таксама размаўляць расейскай, альбо трасянкай, альбо якой-небудзь незразумелай мовай «кэм’ю паца кэц’ю хайда». Вось такое таксама бывае. Сны ў мяне на ўсіх мовах, што я хоць трошкі ведаю, яны неяк сумяшчаюцца. На 60% дакладна беларуская мова, ангельская цяпер ужо пачала дабаўляцца, хаця я яе не ведаю. Такую б упэўненасць у жыцці, як у сне!

Я спрабаваў пайсці на працу, мне адмовілі, сказалі, што я «непрыгожа кажу на русском языке». Мяне ледзь не вывернула. Дарэчы таксама ў Беларусі такое казалі.

У мяне было, калі я ў кол-цэнтры працавала, я з кімсьці размаўляла, і мне сказалі, што «у вас такой сильный беларусский акцент, никогда такого не встречал». А зараз здагадайцеся, што мне пішуць, калі я размаўляю беларускай? «У тебя такой сильный русский акцент».

Трэба самому ствараць беларускамоўнае асяроддзе. Ва ўніверсітэце ў мяне загадчык кафедры любіў расейскую мову і Пуціна. Ён лічыў, што яна для высокага саслоўя. Не любіў, калі на беларускай кажуць. Гэта вельмі дрэнна, я лічу. Веру, што праз 10 гадоў пачуць на вуліцы беларускую мову будзе нормай.

Так ужо і зараз у Беларусі пашыраецца беларуская мова. Мне вось брат кажа: «Ліза, я вось іду па вуліцы і за тыдзень дакладна некалькі чалавек сустракаю, хто па тэлефоне размаўляе па-беларуску ці паміж сабой стараюцца».

А як на вашу думку, ці патрэбна двухмоўе ў Беларусі? Ці толькі беларуская?

Гэта, канешне, штосьці такое нашае, постсавецкае. Мне падаецца, што пры нармальным дзяржаўным апараце, калі нармальная ўлада будзе ў Беларусі, то варта разумець, што мова – гэта адзін з галоўных нацутваральных фактараў, і мы гэта не выкінем. Вось чаму зараз можна пачуць такую рыторыку, што беларус эта «русский со знаком качества»? Таму што мы размаўляем расейскай мовай, нас успрымаюць як частку Расеі. І нават за межамі, калі ты кажаш, што ты з Беларусі, цябе могуць перапытаць: «Гэта дзесьці ў Расеі?» Мова – гэта нацутваральны фактар. Таму пры нармальнай уладзе ў Беларусі ўсе дакументы, усё, што звязана з дзяржавай, само па сабе павінна быць па-беларуску. Без усякіх дзяржаўных, недзяржаўных, афіцыйных, неафіцыйных моў. Прыватна – на якой заўгодна мове, хоць на кітайскай. Афіцыйная мова, дзяржаўная мова – гэта клішэ, якога трэба пазбаўляцца. Каб мы ўсе размаўлялі па-беларуску, у нас бы не было пытанняў, на якой. Ну проста гэта наша мова родная. Чаму трэба вызначаць, што штосьці афіцыйнае, а штосьці не?

Колькі ў вашым асяроддзі людзей, хто размаўляе па-беларуску?

Недзе 80% маіх знаёмых размаўляюць беларускай мовай. Я пачала размаўляць па-беларуску і збіраць вакол сябе людзей, якія таксама размаўляюць па-беларуску, ненаўмысна. Нават сям’я са мной пачала старацца размаўляць не трасянкай. Нават брат, які ў рускамоўнай школе вучыўся, яму гэта супер цяжка даецца, ён спрабуе са мной размаўляць па-беларуску.

Чаго не хапае беларускай мове?

Носьбітаў, людзей, якія б на ёй размаўлялі. Гэта адзінае, чаго не хапае беларускай мове. Проста чалавечая падтрымка патрэбна беларускай мове. Людзі, паразмаўляйце, калі ласка!

Што рабіць, калі беларуская мова стала сімвалам пратэсту і чалавека, які на ім гаворыць, садзяць у турму?

У мяне пытанне, чаму не сядзіць Лукашэнка. На апошнім сваім выступе ў яго была цэлая паперка, дзе ён казаў беларускай. Пачыму он ішчо не сідзіт? Ну гэта не так, не саджаюць у Беларусі за беларускую мову. Калі на беларускай мове скажаш што-небудзь не то, з падвойным падтэкстам дзе-небудзь не там, то так.

Верагодна, калі ты прыйдзеш у нейкія структуры, у міліцыю, дзе пачнеш вельмі навязліва «размаўляйце са мной беларускай», ці дакументы аформіць беларускай, то там сядзяць людзі не заўсёды адукаваныя, яны могуць «заказліцца» і даць табе содні. Трэба разумець, у якіх умовах мы зараз знаходзімся. Сама па сабе беларуская мова пагрозы не нясе.

У нас касы самаабслугоўвання ў крамах ёсць, там можна выбраць беларускую мову, ва ўсіх банкаматах можна выбраць беларускую мову. Беларуская мова сама па сабе пагрозы не нясе, але трэба, канешне, быць разумным, быць прадуманым і разумець, што і дзе ты на ёй кажаш, як ты сябе паводзіш. Апрыёры беларуская мова не робіць цябе добрым ці дрэнным чалавекам. Гэта проста мова, не дадавайце ёй нейкіх звышсэнсаў. У адных руках яна можа стаць і зброяй, у іншых – пакараннем. Я ведаю вельмі шмат людзей у Беларусі, хто размаўляе беларускай у паўсядзённасці, яны максімальна нейтральныя, наколькі гэта магчыма ў нашай краіне зараз, і пагрозы ніякай не адчуваюць.

У грамадстве склалася меркаванне, што калі ты не размаўляеш на беларускай, значыць, ты несапраўдны беларус. Ці так гэта?

Мова – гэта нацутваральны фактар. Мне падаецца, паўсюль размаўляць па-беларуску не робіць цябе беларусам дакладна. Але калі ты зусім не ведаеш беларускую мову, гэта таксама ненармальна. Ты можаш не размаўляць, але ведаць беларускую мову, падтрымаць размову з беларусам, які размаўляе па-беларуску, так павінна быць. Гэта не пра сапраўдны/несапраўдны беларус, проста вельмі крыўдна. Нашай мове больш за тысячу год, а мы зараз давялі яе да такога стану, што амаль ніхто на ёй не размаўляе. Расейская мова, такая якая ёсць цяпер, з’явілася ў 17 стагоддзі і мы ёй актыўна карыстаемся. Мы надаём ёй клішэ, якая яна цудоўная расцудоўная, гэта «великий і могучий», хаця, насамрэч, у беларускай мове значна больш словаў, значна больш цікавых гісторый, нашмат больш яна развівалася. Гэта мова першай канстытуцыі ў Еўропе. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але мне падаецца, што павінна быць сорамна, калі ты не ведаеш такую мову. Гэта сапраўды магутная мова, гэта нашая гісторыя, гэта нашыя карані, гэта важна ведаць. Табе неабавязкова размаўляць 24/7 беларускай мовай. Калі складана, ты можаш не размаўляць. Але ведаць беларускую мову і падтрымаць размову на роднай мове – абавязак кожнага беларуса.

Тут каменты ў чаце: «не мы давялі, а акупанты ўсходнія».

А людзям што, рот заклейвалі? Вось, вы ўяўляеце, пачынаючы з 8 стагоддзя калі мы прыкладна сфармаваліся як этнас, мы пачалі асядаць на тэрыторыі, з’явілася Полацкае княства, а то і значна раней, і вось пачала патроху фармавацца нашая мова. Ужо да 13-14 стагоддзя яна ўжо была сфармаваная, у 15 стагоддзі яна стала мовай ВКЛ, самай галоўнай мовай. Блін, гэта моцна, і пры гэтым ніхто не прымушаў размаўляць па-беларуску. Потым была Рэч Паспалітая, дзе беларуская мова ўжо не была самай галоўнай, але мы яе захавалі. На нашай тэрыторыі ўсё роўна размаўлялі па-беларуску. Расейская імперыя і ўсё роўна частка беларусаў размаўляла па-беларуску. Дзякуючы ім, мы захавалі сваю мову. У савецкі час таксама столькі было лайна ў бок беларускай мовы. Заўважце, ідзіш з нашай тэрыторыі знік, польская мова з большага з нашай тэрыторыі знікла, а беларуская мова ўсё яшчэ захавалася. Ніхто не прымушаў размаўляць беларусаў па-беларуску, але гэтая мова існуе і зараз. Таму трэба, каб кожны зразумеў, што мова – гэта асабіста кожнага адказнасць.

Любіць беларускую мову – гэта нацыяналізм?

Любіць беларускую мову – гэта натуральна. Я думаю, калі б мы размаўлялі па-беларуску ўвогуле, у нас нават не узнікала б такога пытання. «Любіць», «не любіць» – ты проста на ёй размаўляеш, гэта азначае апрыёры, што яна прыгожая і класная. Нацыяналізм ўсё ж такі сукупнасць нейкая, гэта не толькі пра беларускую мову, таму дакладна – не. Француз можа паслухаць беларускую мову і сказаць: «Яна мне так падабаецца, я люблю беларускую мову!» Ён жа не стане ад гэтага нацыяналістам.

Што мы робім з лацінкай?

Ой, як мне лацінка? Галаву звярнуць можна ў вашай лацінцы. Трэба адзначыць, што першапачаткова, калі нашая мова зараджалася, калі яна з’яўлялася, была кірыліца. Лацінка актыўна ў нас пачала развівацца з XVI стагоддзя, і прыкладна ў XIX-XX стагоддзях яна набыла свайго росквіту, так і з’явілася беларуская літаратурная мова, яна першая і была запісана беларускай лацінкай. Я лічу, не трэба скідаць яе з нашых рахункаў, усё ж такі гэта частка нашай гісторыі. Але мне здаецца, на дадзены момант дастаткова ведаць альфабэтку, умець пісаць лацінкай, чытаць, можна напісаць каменцік лацінкай, калі табе падабаецца.

Pytanńie pra łacinku dasyłali łacinkaj

Лацінку, мне падаецца, трэба ведаць. У ідэале, у будучай Беларусі, дзе школы будуць беларускамоўныя, я б беларускую лацінку ўвяла як факультатыў для дзяцей. Бо калі ты ведаеш беларускую лацінку, табе прасцей з замежнымі мовамі, нават з мовамі нашых суседзяў. Нават тут у Літве альфабэтка вельмі падобная на лацінку, ты можаш як мінімум па-літоўску трошкі чытаць, а гэта ўжо нейкі буст. Таму чаму б гэтым не скарыстацца?

Ці трэба прасоўваць беларускую і як гэта рабіць?

Ну, у дадзены момант трэба прасоўваць беларускую, бо трэба паказваць, што размаўляць па-беларуску – гэта нармальна, гэта не робіць цябе нейкім вырадкам, гэта проста мова. Таму так, зараз трэба прасоўваць. Як гэта рабіць? Ну самае простае – гэта перавесці свае сацсеткі на беларускую мову, пачаць пісаць нейкія пасты па-беларуску. Вы можаце агучваць штосьці па-беларуску, распавядаць пра гэта па-беларуску. Проста паказваць, што з беларускай мовай можна жыць свае простае жыццё паўсядзённае і ад гэтага яно не зробіцца горш, гэта ўсё натуральна, гэта ўсё проста. Таму так, трэба распаўсюджваць, безумоўна. А як гэта рабіць, кожны сам за сябе вырашае, бо нават проста размаўляць па-беларуску – гэта ўжо прасоўваць яе. Хтосьці ў метро пачуе, як вы размаўляеце па-беларуску і такі прыйдзе да дому і падумае: «Ну вось можа я таксама паспрабую». Так гэта і працуе.

А як матываваць лідараў пераходзіць на беларускую?

Пісаць ім каментары на беларускай мове, чаму яны не размаўляюць па-беларуску. Лідары задаюць тон, але ў дэмакратыі кіруюць людзі, таму калі з’явіцца вялікі попыт на беларускую мову, усе пяройдуць на яе. Тое ж самае з рэкламай у Беларусі: яе ўсё больш і больш з’яўляецца на беларускай мове, бо на яе ёсць попыт, яна чапляе больш беларусаў. Пішы каменты беларускай мовай, пакажы, што большасць падпісантаў адказвае па беларуску і вось ужо нейкі лідар падумае: «У мяне са ста каментароў шэсцьдзесят на беларускай мове, напішу наступны пост па-беларуску, зраблю прыемнае».

«Блін» – ёсць такое слова? Ці трэба «аладка»? Я пра слова-паразіт. Настаўніца мне казала, што ёсць «блін».

У падлеткавым узросце, я казала «блін», а мне тата заўсёды адказваў: «Не блін, а аладка!» Насамрэч ёсць слова «блін», але ён усё ж такі як страва. Як замяніць слова «блін»? Для гэтага трэба аднавіць гутарковую беларускую мову. Чым больш людзей размаўляюць, тым больш мы знаходзім займеннікі, на тыя словы, што ў нас з'явіліся за пяцьдзясят год русіфікацыі.

Якога кантэнту не хапае на беларускай мове?

На беларускай мове! Любога кантэнту! Насамрэч, сапраўды, беларуская інфапрасторы зараз толькі развіваецца, таму амаль любы кантэнт, які вы будзеце рабіць па-беларуску, ён можа вылецець, стрэліць і зайсці людзям: манікюр, макіяж, стыль, мода – гэта вось маё жаночае, аб чым мне баліць, напрыклад.

У якія сацсеткі лепей ісці, каб пашыраць беларускае?

Instagram, TikTok, Youtube. Самыя папулярныя сацсеткі, якія зараз ёсць, я думаю ў іх і ісці. Ну, не бачу сэнсу пашыраць беларускую мову ў «Одноклассниках», але калі вы вельмі хочаце, то можаце паспрабаваць у «ВК», чаму не.

А беларускаму бізнесу выгадна пераходзіць на беларускую?

Мне падаецца, што так. Па-першае, адразу ў людзей гэта такі «рэкламны» момант, давер большы з’яўляецца, калі хтосьці робіць па-беларуску, ты быццам адчуваеш, што гэта тваё і хочацца падтрымаць. Калі будзе нармальная ўлада, дакументазварот будзе беларускай мовай, то я думаю бізнес сам паступова пяройдзе на беларускую мову. Можна было б бізнесам, якія вядуць сваю дзейнасць па-беларуску, знізіць падаткі. Гэта таксама стымулюе рынак пераходзіць на беларускую мову, таксама крута. Гэта ўсё пра будучыню. У дадзеным варыянце «дзе б грошы садраць», зразумела, гэта немагчыма. Але мне падаецца, што ў Беларусі будучай, вельмі хутка, вельмі ў гэтае веру, вельмі гэтага хачу, бізнесу будзе выгадна і патрэбна пераходзіць на беларускую мову.

А як зараз зрабіць так, каб бізнес часцей выкарыстоўваў беларускую мову?

Падаецца, што гэта штосьці з немагчымага, можна напісаць на пошту і прапанаваць «давайце мы вам зробім налепкі па-беларуску», альбо посцік зрабіць па-беларуску дзеля таго, каб падняць там ахопы і г.д. Гэта так працуе, і шмат хто пагаджаецца. Ты проста тлумачыш, што такім чынам давер аўдыторыі больш вырасце, калі ў вас большая частка аўдыторыі з Беларусі, то хутчэй за ўсё ім гэта зойдзе. Ну канешне гэта не крама пул первага, там наўрад ці зойдзе посцік па-беларуску.

Парай лайфхакі, як выкарыстоўваць беларускую.

Адкрываць рот і казаць беларускія словы. Вось так выкарыстоўваць беларускую мову. Я разумею, на самым пачатку, калі ты толькі пераходзіш на беларускую мову, табе падаецца, што расейскай прасцей, што гэта складана. Я калі толькі перайшла на беларускую мову, рабіла супер доўгія сказы, максімальна напоўненыя эпітэтамі-метафарамі, каб узгадаць як мага болей словаў беларускіх. Чытаць добра дапамагае. Дастаткова прачытаць тры старонкі якога-небудзь твора па-беларуску і потым услых самому сабе пераказаць, аб чым там вялася размова. Лепш за ўсё не пачынайце чытаць Караткевіча, калі ў вас слабая беларуская мова. Пачніце з Горвата «Радзіва прудок», бо ў класікаў такая літаратурная беларуская мова, там могуць быць складаныя словы. Але калі вось месяц пройдзе, пераходзьце да Караткевіча, Марціновіча.

Назаві топ-5 кніг, якімі можна перайсці на беларускую мову.

На самы пачатак Горват, «Радзіва прудок» – гэта супер проста, супер хутка чытаецца, проста клас. Ева Вежнавец «Па што ідзеш, воўча», там таксама нескладана напісана. Можна, дарэчы, «Ладдзя Роспачы» У. Караткевіча, невялікае такое апавяданне. Далей я б параіла пачытаць Марціновіча, напрыклад, «Мова». Светлана Алексіевіч «Час сэканд-хэнд», можна знайсці добры беларускі пераклад, я ведаю, што вось гэтая кніга шмат на каго моцна паўплывала, таму калі ты беларус, то прачытай гэтую кнігу, бо яна супер моцная. Ну і мая любоў – гэта Караткевіч. Там не заўсёды супер простая мова, але яна вартая таго, каб яе пачытаць.

У некаторых «даўнобеларускамоўных» моцна свярбіць ад выразу «на мове». Як Вы ставіцеся да такіх момантаў, выпраўляеце?

Сэнс у тым, што «мова» – гэта не толькі беларуская. Мова можа быць любой: украінская, расейская, ангельская, французская, нямецкая, любая мова, нават у некага населенага пункта можа быць свая мова. Таму не зусім карэктна казаць «на мове».

Ты размаўляеш «на мове»?

Гэта, мне падаецца, нейкая знявага беларускай мовы, бо па-расейску мы ж не кажам «на языке разговариваешь», «как ты к языку относишься». Але мяне не трыгерыць, шчыра кажучы. Я ведаю, што ёсць людзі, якіх гэта вельмі чапляе, я разумею чаму, але мяне – не. Мне больш падабаецца, напрыклад, «мовіць беларускай», і я стараюся казаць так. Сама я не ўжываю слова «на мове», таму што я мне патлумачылі.

Вучыцеся ставіцца з павагай адно да аднаго, прымаць памылкі адно аднаго. Чамусьці памылкі расейскай мовы нас асабліва не трыгеряць, людзі там не збянтэжаныя, не б’юцца ў каментарах «ааа, націск ты не так паставіў». Не, ёсць канешне такія, але не з большасці. А вось беларусы лічаць, што гэта іх абавязак: выправіць, сказаць «ай-яй-яй, вось глупенькі ты наш, а вось так не трэба казаць». Таму я ўвогуле стараюся не выпраўляць, я лепш скажу яму нейкія добрыя словы, каб падтрымаць, бо ён намагаецца, стараецца і я ведаю па сабе, што з цягам часу ты ўсё роўна выправіш гэтыя памылкі сам. А калі табе дзесяць чалавек скажуць, што ты тупы, ты памыліўся ў слове, ты сказаў слова «зданіе», а не «будынак», ты такі: «Ай, да халеры мне патрэбна вашая беларуская мова? Паеду я ў Дубаі!

Чаму не трэба баяцца размаўляць? Чаму гэта важна рабіць?

Чаму варта размаўляць па-беларуску? Таму што гэта вашая родная мова, таму што гэта беларуская мова са сваёй вялізнай гісторыяй, і я яшчэ раз паўтаруся: на кожным з нас вялізная адказнасць за нашую будучыню, за нашае мінулае. І нам трэба гэта захаваць, калі мы хочам застацца беларусамі. Бо як сказаў Купала: пакуль жыве мова – жыве народ. І я шчыра ў гэта веру, таму я чапляюся за беларускую мову. Бо я хачу, каб Беларусь жыла, я хачу каб беларусы жылі, каб як нацыя мы захаваліся. Бо паглядзіце на гісторыю: мы былі ў расейскай імперыі, але мы засталіся беларусамі. У нас былі там розныя назвы, мы былі і ліцвінамі, і палачанамі, і тутэйшымі, і крывічамі. Але тым не менш мы засталіся адной нацыяй. І вось мова – гэта наш утваральны фактар. Калі мы хочам і надалей застацца адной нацый, нам трэба размаўляць па-беларуску. І не бойцеся! Мова не кусаецца! Памылкі – гэта норма, гэта частка жыцця, гэта тое, што робіць нас лепей. Не памыляецца толькі той, хто ўжо мёртвы. Таму пакуль мы жывыя, пакуль Жыве Беларусь – жывуць памылкі ў беларускай мове.

Жыве Мова.

Далучайцеся да валанцёраў Офіса Святланы Ціханоўскай! Цяпер гэта можна зрабіць праз чат-бот: @AskOffice_Bot