April 6, 2023

«Гэта наш доўг – адстойваць незалежнасць сваёй краіны і прыносіць палітычныя змены, а іншыя краіны могуць толькі нам падмагаць у гэтай справе». Вялікая размова з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету па міжнародных справах Валерам Кавалеўскім

Аліна Герашчанка, кіраўніца аддзела па знешніх сувязях і Валер Кавалеўскі, прадстаўнік АПК па міжнародных справах

Ядравая зброя ў Беларусі

Валер лічыць, што пагрозы перавозкі ядравай зброі ў Беларусь – гэта больш рэальнасць, чым блеф.

«Гэтая тэма з’яўлялася і раней, і Лукашэнка, і Пуцін выказваліся пра гэта, але да дзеянняў канкрэтных даходзіла ў абмежаваным выглядзе, калі перадаваліся пэўныя тэхналогіі для забеспячэння беларускіх самалётаў сістэмамі для ядравых зарадаў. Гаварылася шмат, але на сённяшні дзень гэта не пагроза, і не рызыка нейкая, не абяцанне, а рэальныя дзеянні. У пэўным сэнсе гэта можа нагадваць крымскую сітуацыю, як у свой час расейцы засноўвалі сябе ў Крыме, і пасля карысталіся тымі ваеннымі аб’ектамі, інфраструктурай, якая ім была даступная,  каб усталяваць цалкам кантроль над усёй паўвыспай. Таму мы не можам дазволіць сабе тут гадаць, гэта блеф ці рэальнасць, мы вымушаны разглядаць гэта як рэальнасць».

Зараз Кабінет назірае, што рэакцыя на магчымае размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі змешаная, заўважае Валер Кавалеўскі: ёсць і рэзкая катэгарычна адмоўная рэакцыя ў краін Еўропы, Злучаныя Штаты займаюць рэакцыю чакання, яны хацелі б разабрацца, што адбываецца, сабраць больш дадзеных.

«Мы са свайго боку лічым, што часу чакаць няма, трэба рэагаваць, бо, калі гэта ўжо стане рэальнасцю, фактам, калі ўзброеныя сілы Расеі з’явяцца на тэрыторыі Беларусі, то гэта ўжо будзе куды больш складаная задача – пазбавіцца ад іх. Мы ведаем, памятаем усе, што калі прыходзяць расейскія войскі, то сыходзяць яны з вельмі вялікай неахвотай, часта пад прымусам. Таму для нас важна ўжо зараз рабіць нейкія захады дзеля таго, каб прыцягваць да гэтага ўвагу і патрабаваць рэальных дзеянняў».

Нядаўна Святлана Ціханоўская сустракалася з міністаркай замежных спраў Францыі ў Офісе ў Вільні, нагадвае Валер.

«Такое бывае досыць нячаста, каб да яе ў госці завітвалі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў іншых краін, тым больш Францыі, якая з’яуляецца пастаянным чальцом Рады бяспекі ААН, ядравай дзяржавай. І тэма магчымага размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі, канечне, таксама была адной з тых, якія мы закраналі».

Ці можа ЗША дапамагчы з маніторынгам перамяшчэння ядравай зброі?

«Мы добра ведаем, што ў Злучаных Штатаў ёсць магчымасць для таго, каб адсочваць перамяшчэнне ядравай зброі, радыеактыўных матэрыялаў. Пакуль да гэтага яшчэ не дайшло. Я думаю, што яны яшчэ знаходзяцца ў рэжыме збору інфармацыі, ёсць ускосныя дадзеныя, што на тэрыторыі Беларусі існуюць аб’екты, якія засталіся з часоў Савецкага Саюза, якія могуць быць прыдатныя для таго, каб размяшчаць там ядравую зброю. Таму час для падрыхтоўкі сапраўды можа быць максімальна кароткім».

На сустрэчы з Валерам Кавалеўскім прыгадалі, што нядаўна Андрэй Саннікаў выказаў ідэю аб уводзе міратворчых сілаў у Беларусь за размяшчэнне ядравай зброі.

«Заўважная ідэя, але адзначым, што яна і вельмі складаная. Тут не зразумела, пра якія міратворчыя сілы вядзецца гаворка, ці то гэта Арганізацыя Аб’яднаных нацый, ці хто іншы. У любым выпадку такія войскі ўвесці – гэта патрабуе рашэння і згоды, па-першае, краіны, куды накіроўваюцца гэтыя войскі і калі іх кантынгент, напрыклад ААН, то трэба рашэнне Рады бяспекі ААН. Разумець трэба, для чаго яны накіроўваюцца – для спынення канфлікту, для размежавання бакоў, якія ваююць, ці для падтрымання парадку. На сённяшні дзень вельмі цяжка было б сфармуляваць мэту, задачу, місію такога міратворчага кантынгенту, таму тут трэба дадатковыя ўводныя, каб зразумець, што рабіць».

Ці прывядзе размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі да абвастрэння сітуацыі з Украінай, магчымай актывізацыі баявых дзеянняў? Ці гэта стане каталізатарам для цяперашняй сітуацыі? І што рабіць звычайным беларусам?

«Наш прагноз такі, што гэта можа прывесці да эскалацыі канфлікту ці ўдзелу Беларусі ў гэтай вайне. Беларусь фактычна становіцца пляцоўкай не толькі для вядзення вайны звычайнымі сіламі, але таксама і ядравымі сіламі. Але ў адрозненні ад звычайнай сітуацыі, тут Расея цалкам кантралюе сітуацыю, яны самі вырашаюць, якім чынам яны выкарыстоўваюць ядравую зброю. Але ўдар у адказ прылятае ў Беларусь, ужо ў незалежнасці ад таго, што мы пра гэта думаем, проста таму, што тут знаходзіцца ядравая зброя чужой нам дзяржавы».

Ёсць вялікі патэнцыял для эскалацыі, была бачная даволі рэзкая рэакцыя з боку Украіны, заўважае прадстаўнік Кабінету.

«Ва Украіне адзначаюць гэтае развіццё падзей з вялікай трывогай, яны склікалі тэрміновая паседжанне Рады бяспекі ААН. І калі казаць пра тое, што рабіць звычайным беларусам, то думаю, трэба любымі наяўнымі спосабамі звяртацца ў органы дзяржаўнага кіравання Беларусі з пытаннямі пра тое, што адбываецца, каб рэжым, хоць ён і глухі да голасу народа, але каб ён чуў, бачыў, што ў людзей гэта выклікае занепакоенасць. Каб не апынулася так, што беларусы гэта не заўважаюць, што для іх гэтая тэма не цікавая ці ніякім чынам не турбуе. Рэжым таксама выкарыстоўвае такія сітуацыі, што беларусы згодныя».

Як прайшоў візіт дэмакратычных сілаў у ЗША?

Амаль тыдзень у ЗША знаходзілася Святлана Ціханоўская са сваёй дэлегацыяй. Адбыліся сустрэчы ў кангрэсе, у органах выканаўчай улады, быў шэраг мерапрыемстваў, дзе яна выступала, расказвала пра сітуацыю ў Беларусі, былі шматлікія кантакты ў вядучых амерыканскіх медыя, адпавядае Валер Кавалеўскі.

«Усё атрымалася супер удала – і медыя, і дзелавыя кантакты, і публічныя выступы. З такіх найбольш важных і высокаўзроўневых сустрэчаў трэба адзначыць знаёмства са спікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэса Злучаных Штатаў Кенам Макарці, які толькі быў абраны на гэтую пасаду. Адбылася таксама сустрэча з намесніцай Энтані Блінкена, Дзяржсакратара Злучаных штатаў, Вэндзі Шэрман, легендарнай амерыканскай дыпламаткай. З дарадцам па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам – правай рукой Байдэна па пытаннях нацыянальнай бяспекі, ваенна-палітычнай тэматыцы, што для нас вельмі блізка».

Таксама прадстаўнік Кабінету адзначае міжнародную канферэнцыю ў Школе дзяржаўнага кіравання Гарварда, дзе Святлана Ціханоўская выступала разам з Рабэртай Мэтсолай, кіраўніцай Еўрапейскага парламенту.

«Святлана і Рабэрта досыць даўно ведаюць адна адну, гэта быў працяг іх знаёмства. Само па сабе мерапрыемства вельмі заўважнае таму і добрая пляцоўка, каб расказваць пра нашыя праблемы. З важных дасягненняў, вынікаў з той працы, якую мы правялі ў Вашынгтоне варта адзначыць, што Злучаныя Штаты прапанавалі распачаць стратэгічны дыялог з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. То бок мы ствараем такі супольны пастаянны механізм для нашага ўзаемадзеяння, у рамках якога мы будзем каардынавацца, выпрацоўваць нейкія пазіцыі, дзеянні і адсочваць, каб яны выконваліся. Вельмі важна дамагацца таго, каб такая праца была максімальна практычнай, каб яна не заставалася дэкларацыяй, а каб вяла да канкрэтных выніках нашых дзеянняў».

Таксама ў Кангрэсе Злучаных Штатаў фактычна па ініцыятыве дэмакратычных сілаў пачалася праца па аднаўленню Акту аб дэмакратыі Беларусі. Апошні раз ён прымаўся ў 2020 годзе на фоне пратэстаў, але зараз сітуацыя моцна змянілася, таму яна патрабуе і новай ацэнкі, і новых рэкамендацый па тых дзеяннях, якія выканаўчыя ўлады Злучаных Штатаў могуць зрабіць у сувязі з сітуацыяй у Беларусі, заўважае Валер Кавалеўскі.

«Таксама важна было менавіта ў гэты момант знаходзіцца ў Вашынгтоне, дзеля таго, каб заявіць пра нязгоду дэмакратычных сілаў Беларусі на размяшчэнне ядравых сілаў Расеі ў Беларусі. Мы там маглі на месцы давесці інфармацыю, нашу пазіцыю, якая была прынята адэкватна. Таксама важнае развіццё падзей, якое будзе спрыяць у тым, каб палітыка Злучаных Штатаў была больш эфектыўнай і больш такой прадметнай – прызначэнне спецыяльнага пасланніка па Беларусі, які\якая будуць весці працу на пастаяннай аснове, каб каардынаваць дзейнасць, рабіць яе больш сістэмнай, і практычнай не толькі ў Злучаных Штатах, але і ўжо з саюзнікамі Злучаных Штатаў па Беларусі: Вялікабрытаніяй, Еўрапейскім Звязам і Канадай».

Падчас візіту ў ЗША закраналася і пытанне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Менавіта падчас візіту ў Злучаныя Штаты ўвялі новы пакет санкцый супраць індывідуальных асобаў і некаторых прадпрыемстваў беларускіх, якія служаць рэжыму. Амерыканцы запэўнілі ў тым, што іх санкцыйная палітыка застаецца нязменнай, што яны не збіраюцца паслабляць санкцыі датычна Лукашэнкі – і гэта важны сігнал, у кантэксце таго, што еўрапейцы раздумваюць паслабіць санкцыі на калійныя ўгнаенні, і гэта быў бы кепскі сігнал, бо рэжым гэтага вельмі чакае і гэта рассінхранізавала б санкцыі паміж Еўрапейскім Саюзам і Злучанымі Штатамі. Пакуль нам атрымліваецца гэтага не дапусціць. Санкцыі Еўрапейскі Звяз утрымлівае на папярэднім узроўні».

«Падтрымка Злучанымі Штатамі дэмакратычнай Беларусі застаецца нязменнай»

«Злучаныя Штаты на афіцыйным узроўні катэгарычна адмаўляюць, што яны могуць разглядаць Беларусь як нейкі прадмет для гандлю. Яны запэўніваюць нас вельмі строгім урачыстым голасам, што Злучаныя Штаты ніколі не паступяцца тэрытарыяльная цэласнасцю, суверэнітэтам і незалежнасцю Беларусі, яны застануцца прыхільнікамі гэтага і будуць адстойваць усе гэтыя нашы каштоўнасці. У гэтым сэнсе мы можам разлічваць на тое, што амерыканцы будуць верныя свайму слову, хаця, канечне, сітуацыя нелінейная і могуць быць розныя абставіны. Калі будуць весціся сусветныя перамовы па Украіне, могуць быць розныя ідэі, што многія не ўспрымаюць Беларусь як самастойную дзяржаву. І нам цяпер трэба адстойваць пазіцыю, што толькі рэжым з’яўляецца прарасейскім, а сама Беларусь хоча заставацца незалежнай і хоча рабіць іншы выбар у палітыцы».

Такім чынам Злучаныя Штаты не могуць прыбраць рэжым, а могуць толькі дапамагаць беларусам, заўважае прадстаўнік Кабінету.

«Менавіта беларусы павінны зрабіць сваю працу, нікому мы не можам дэлегаваць свой гэты абавязак. Гэта наш доўг – адстойваць незалежнасць сваёй краіны і прыносіць палітычныя змены, а іншыя краіны могуць толькі нам падмагаць у гэтай справе. Разам з тым адзначаем, што Расея, канечне, знаходзіцца на іншым баку гэтага працэсу, падтрымлівае Лукашэнку значна большымі рэсурсамі чым тое, што атрымліваюць дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць Беларусі ад нашых партнёраў на Захадзе. Тым не менш самая галоўная выснова з паездкі якая заўсёды павінна быць: падтрымка Злучанымі Штатамі дэмакратычнай Беларусі застаецца нязменнай, вельмі цвёрдай, яны вераць у тое, што ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя змены і што Беларусь пазбавіцца гэтай тыраніі».

Зараз у дэмакратычных сілаў Беларусі ёсць пэўны прагрэс у працы з Украінскімі ўладамі, адзначае прадстаўнік Кабінету.

«Ёсць, ёсць пэўны прагрэс у працы з Вярхоўнай Радай, ёсць пастаянны дыялог з некаторымі даволі заўважнымі фігурамі ў Вярхоўнай Радзе, ёсць група «За Дэмакратычную Беларусь», якая налічвае амаль 20 парламентарыяў. Таксама ёсць кантакты з экспертамі, але калі казаць пра афіцыйныя кантакты, то яны такія больш стрыманыя, ізноў жа, афіцыйная версія такая: Украіне трэба думаць пра сваю нацыянальную бяспеку, таму яны прытрымліваюць пакуль што кантакты з дэмакратычнымі сіламі».

Валер адзначае, што ўкраінскіх партнёраў цікавіць пытанне, наколькі незалежны Лукашэнка датычна Расеі і ў сваіх дзеяннях адносна Украіны, ці сапраўды ён супраціўляецца ціску Расеі, Пуціна на ўвядзенне войскаў у гэтую вайну.

«Мы гаворым насамрэч, што Лукашэнка зрабіў усё, падчас гэтай вайны, што прасіў яго Пуцін. Ён з’яўляецца верным слугой Пуціна. Мы не бачым нідзе ніякіх пацверджанняў таму, што Лукашэнка неяк супраціўляўся, адстойваў іншыя пазіцыі, мы гэта бачым нават на прыкладзе размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі. Пуцін сам сабе вырашыў гэтае пытанне і расказаў мімаходам дзесьці ў інтэрв'ю расейскаму тэлебачанню, нібыта там нейкі завод у Тульскай губерні, а не незалежная краіна. Гэта само па сабе паказвае, наколькі Лукашэнка не мае супраціўляцца нейкім рашэнням прэзідэнта Расеі».

Валер Кавалеўскі заўважае, што Украіна не можа перашкодзіць удзелу дэмакратычных сіл Беларусі ў нейкіх міжнародных мерапрыемствах.

«Святлана Ціханоўская працягвае прымацца на высокім узроўні. Мы бачым гэта і па паездках у Мюнхен, у Брусэль і ў Злучаныя Штаты, што ў яе вельмі высокі ўзровень доступу да тых палітыкаў, якія прымаюць рашэнне па нашай тэматыцы. У гэтым сэнсе Украіна нічога не можа зрабіць, каб перашкодзіць Святлане Ціханоўскай у вядзенні сваёй дзейнасці».

Што чакае Беларусь пасля перамогі Украіны?

«Канечне, мы ўсе спадзяемся на тое, што перамены адбудуцца яшчэ раней за тое, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне. Ёсць розныя сцэнары, і адзін з іх – Украіна спачатку, а пасля Беларусь. Мы настойваем на тым, што спачатку Беларусь, а потым Украіна, бо гэта будзе найкарацейшым шляхам да перамогі Украіны ў гэтай вайне. Менавіта дэмакратычная Беларусь забярэ ў Расеі магчымасць выкарыстоўваць нашу тэрыторыю ў вайне супраць украінскага народу. Тым не менш, мы верым і працуем над тым, каб перамены адбыліся як мага хутчэй, у незалежнасці ад таго, якая будзе паслядоўнасць, але найперш мы пачнем з перагляду адносінаў з Расейскай Федэрацыяй, і палітычных адносінаў, і ваенных адносінаў – гэта будзе выхад з Саюзнай дзяржавы, выхад з АДКБ, перагляд эканамічных дамоўленасцяў, якія забіраюць у нас суверэнітэт».

Дэмакратычныя сілы Беларусі распрацоўваюць новыя фарматы ўзаемадзеяння з нашымі суседзямі: Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай.

«Будзем накіроўвацца на тое, што трэба развіваць партнёрскія адносіны з гэтымі краінамі, якія будуць шырокімі, якія будуць закранаць усе сферы ад сацыяльнай і знешняй палітыкі, да абароны і нацыянальнай бяспекі. І тады мы будзем рухацца ў тым кірунку, каб гарызантальныя сувязі ў нашым рэгіёне былі больш трывалымі, устойлівымі, шырокімі, у адрозненне ад таго, што было да гэтага часу. Фактычна Беларусь увесь час усю сваю знешнюю палітыку будавала толькі на адносінах з Расеяй, а нават з суседзямі нашымі былі даволі абмежаваныя кантакты, парадак дня для Беларусі».

Новы беларускі пашпарт

Праект па новым пашпарце рухаецца, кажа Валер, дэмсілы зараз вядуць перамовы з Еўрапейскімі краінамі, якія ўваходзяць у склад Шэнгенскай зоны, каб вырашыць важныя тэхнічныя дэталі.

«Многія беларусы не хочуць губляць беларускае грамадзянства, яны неахвотна ідуць на натуралізацыю (новае грамадзянства) там, дзе яны жывуць. Таксама ёсць праблема таго, што дакументы губляюцца ці заканчваюцца, ці яны могуць патрапіць у пральную машыну ці яшчэ нешта. Карацей дакументы могуць патрабаваць замены, і рэжымныя амбасады, кансулаты не заўсёды ідуць насустрач, робяць перашкоды для людзей. Таксама ў беларусаў няма магчымасці падарожнічаць у такіх выпадках, фактычна, яны паралізаваныя ў тым, што яны могуць рабіць са сваімі дакументамі, ці ўвогуле у адсутнасці гэтых дакументаў».

Новы пашпарт – гэта сапраўдная пашпартная кніжка з новымі сімваламі, напаўненнямі, якія дазволяць пацвердзіць грамадзянства.

«І найважнейшая функцыя гэтага дакументу – мы не даем рэжыму больш кантраляваць людзей, якія выехалі за мяжу. Бо нават пасля выезду рэжым трымае людзей нібыта ў кайданках, не дае ім нармальна жыць. Тут ужо будзе сапраўдная свабода, якія дакументы атрымлівае чалавек, як ён імі карыстаецца».

Пакуль такі пашпарт будзе прыдатны для паездак па Еўрасаюзе, апавядае Валер. Далей геаграфія можа пашырыцца на Злучаныя Штаты, Вялікабрытанію і іншыя краіны.

«Але для таго, каб знаходзіцца ці прыехаць у Еўрапейскі Саюз, трэба будзе зрабіць візу. Для таго, каб пражываць легальна ў краіне ЕС, трэба будзе атрымаць візу пастаяннага пражывання ці часовага, адпаведна, гэты дакумент будзе прызнавацца на той тэрыторыі».

Найперш такія пашпарты атрымаюць людзі, якія маюць вострую неабходнасць у замене дакументаў ці тыя, у каго іх няма ўвогуле.

«Пасля ўжо, калі будзе задаволены гэты тэрміновы попыт на дакумент, можна пераходзіць да тых людзей, у якіх гэтая патрэба не так абвостраная. Але калі казаць пра беларусаў у Беларусі, то я думаю, што атрыманне гэтымі людзьмі дакументу новай Беларусі можа апынуцца даволі рызыкоўным».

Кантактная група па Беларусі ў Радзе Еўропы: якія ў яе функцыі, магчымасці і дасягненні

Кантактная група была сфарміраваная ў верасні мінулага году рашэннем камітэту міністраў у Радзе Еўропы. У групу ўвайшло 10 чалавек, 5 – ад грамадскага сектару, 2 – ад супольнасцяў (фемінісцкая супольнасць, дыяспары, супольнасці па моладзі, па правах чалавека, медыя) і 3 – ад палітычных структураў (Офіс СЦ, Кабінет і Каардынацыйная рада).

«Да гэтага часу яны сфармавалі спіс перспектыўных праектаў, сабралі прапановы ад грамадскасці сярод актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, і перадалі гэтую інфармацыю ў Раду Еўропы на зацвярджэнне. Калі не памыляюся, на пачатку лютага была сустрэча ў Страсбурзе, дзе зацвердзілі спіс з 15-ці праектаў».

Далучайцеся да валанцёраў Офіса Святланы Ціханоўскай! Цяпер гэта можна зрабіць праз чат-бот: @AskOffice_Bot

Размова ад 30.03.2023