Вялікая размова з Крысцінай Рыхтэр, дарадцай Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях
Крысціна Рыхтэр выконвае ўсю працу, якая тычыцца права, стварэння прававых пазіцый Офісу, міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці, распрацоўкі новых дакументаў для транзітнага перыяду, рэабілітацыі.
«Таксама я дагэтуль займаюся адвакацыяй інтарэсаў беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо я па-ранейшаму ў працоўнай групе ў Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы. Цяпер распрацоўваю вялікі даклад па праблемах міграцыі беларусаў у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы».
«Калі будзе добрае палітычнае рашэнне, то беларусы застануцца беларусамі ў міжнароднай супольнасці»
Крысціна пачынае размову з тлумачэння новых законаў, якія прыняў рэжым. Адным з апошніх рэзанансных сталі змены ў Законе “Аб грамадзянстве”, якога можна пазбавіць, калі чалавека судзілі па экстрэмісцкім артыкуле Крымінальнага кодэксу, альбо ён здзейсніў цяжкае злачынства ў дачыненні да Беларусі.
«Другая ўмова пазбаўлення грамадзянства – чалавек знаходзіцца па-за межамі Беларусі (Расеі гэта таксама тычыцца) і ўжо асуджаныя. Калі ў вас няма такога прысуду, то моцна хвалявацца, што вас пазбавяць грамадзянства, ня варта».
Офіс цяпер працуе над палітычным бокам пазбаўлення грамадзянства, каб іншыя краіны не прызнавалі гэтага рашэння рэжыму.
«Але ёсць і юрыдычны бок: што рабіць з дакументамі? Калі вас Беларусь пазбавіць грамадзянства, органы дашлюць інфармацыю, што ваш пашпарт не дзейсны (а гэта праязны дакумент, які пацвярджае вашае грамадзянства). Калі будзе добрае палітычнае рашэнне, то беларусы застануцца беларусамі ў міжнароднай супольнасці, а калі не атрымаецца такога дамагчыся, то беларусы будуць асобамі без грамадзянства. Але і ў тым, і ў іншым выпадку нешта трэба рабіць з дакументамі», – тлумачыць Крысціна.
Калі ў чалавека ёсць іншае грамадзянства, то варта карыстацца ім. Калі няма, то карыстацца ўсімі магчымымі спосабамі легалізацыі: статус уцекача, Жэнеўскі пашпарт, пашпарт іншаземнага грамадзяніна, праязныя дакументы для іншаземцаў і інш.
«Што мы намагаемся зрабіць: побач з палітычным рашэннем аб тым, што гэта застануцца беларускія грамадзяне, каб з'явіўся дакумент кшталту пашпарта беларуса. Гэта вельмі доўгі працэс, нічога тут не магу звыш пракаментаваць, бо гэта вельмі-вельмі складана».
«Будзе выглядаць так, што нязгодных больш няма»
Таксама Крысціна звяртае ўвагу на закон аб адабранні маёмасці. Гэтыя законы замацоўваюць тое, што фізічную асобу, дзяржаву, юрыдычную асобу, датычную да «несяброўскіх дзеянняў» да Беларусі, можна пазбавіць маёмасці.
«Несяброўскія дзеянні – гэта санкцыі. Але там вельмі так шырока напісана, будзе вельмі складана ў рэалізацыі і «прасцей» узяць чалавека пад крымінальны пераслед, а падчас пераследу забраць маёмасць», – кажа Крысціна.
Хутчэй за ўсё гэтыя законы будуць датычныя юрыдычных асобаў, мяркуе Крысціна, асабліва тых, у каго ёсць замежны капітал.
«Да 18 месяцаў выканкам можа прыняць рашэнне, каб узяць пад сваё кіраванне нейкую арганізацыю і, зразумела, што раней былі таксама змены аб тым, што нельга зараз збываць акцыі арганізацыі. То бок гэта такая спроба, каб гэтыя бізнесы, юрыдычныя асобы заставаліся ў краіне, каб нельга было вывесці з Беларусі актывы. Таксама ўмоўнае кола зараз можа быць пазбаўлена кіравання. Таксама ёсць трэцяя катэгорыя законаў, датычных грамадзянскай супольнасці, палітычных партый і прафсаюзаў. Будзе выглядаць так, што нязгодных больш няма, а наконт палітычных партый, то будзе створана сістэма, калі яны павінны будуць прайсці працэдуру рэгістрацыі нанова».
Зразумела, што апазіцыйныя партыі такую рэгістрацыю не пройдуць, кажа Крысціна. Усе новыя папраўкі да законаў і самі законы – гэта новыя напрамкі рэпрэсій да чалавека, бізнэсу, грамадзянскай супольнасці і партыяў.
Што рабіць беларусам за мяжой, у якіх сканчаецца тэрмін дзеяння беларускага пашпарта ці старонкі для віз?
Дарадца тлумачыць, што такое Жэнеўскі пашпарт:
«Гэта не пашпарт «грамадзяніна свету», вельмі некарэктна так казаць. Жэнеўскі пашпарт – гэта праязны дакумент, які выдаецца людзям са статусам уцекача, згодна з Канвенцыяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 1951-га года».
Калі ў вас сканчаецца тэрмін дзеяння пашпарту, можа яго працягнуць, заўважае Крысціна Рыхтэр.
«Ёсць такая опцыя, як штамп у пашпарце аб падаўжэнні тэрмінаў дзеяння. Гэта можна зрабіць у беларускім пасольстве, гэта адміністратыўная працэдура. Існуе іншая праблема, што небяспечна хадзіць у пасольства. Ну а што з вамі зробяць? Ёсць людзі, якія публічна ўжо шмат чаго нарабілі, але яны хадзілі ў пасольства, мянялі пашпарты».
Дарадца кажа, баяцца, што вас закінуць у багажнік дыпламатычнай машыны і вывезуць у Беларусь, – гэта перабольшванне.
«Канечне, быў у сусветнай практыцы адзін выпадак, калі выкралі чалавека. Але мне не падаецца, што гэта будзе рэальна цяпер. Вы бачылі супрацоўнікаў консульства? – Усміхаецца Крысціна. – Па-першае, іх там няшмат. Па-другое, ну яны не будуць вас затрымліваць і піхаць у багажнік! Гэта больш пытанне страху. Карацей, першы крок – консульства. Я разумею, што ў розных краінах ёсць праблемы з консульствамі, бо яны ж намагаюцца зрабіць нашае жыццё тут значна горшым».
Калі вырашыць пытанне праз консульства для вас немагчыма, то існуе варыянт атрымаць пашпарт замежнага грамадзяніна, які ёсць у нацыянальных заканадаўствах. Таксама можна атрымаць праязныя дакументы для іншаземца, напрыклад, у Польшчы, асабліва калі ў вас ужо ёсць пастаянны від на жыхарства. І апошні варыянт – атрыманне грамадзянства іншай краіны.
Ці могуць узнікнуць праблемы з уладамі краіны, куды эміграваў беларус, калі на радзіме яго завочна асудзілі?
«Насамрэч, няма цвёрдага адказу, бо гэта акурат таксама доўгая палітычная праца, як дамовіцца пра нейкія ўмовы для такіх людзей. Як гэта адбываецца ўвогуле: ёсць крымінальная справа, ёсць прысуд, дасылаецца нота праз Інтэрпол і патрабаванне высылкі ў краіну, якая гэтую ноту даслала. Калі раней чалавек праязджаў праз мяжу, яго затрымлівалі і перадавалі, то, зразумела, што цяпер ніякай перадачы ў Беларусь не будзе».
Дарадца Ціханоўскай заўважае, што ёсць вядомыя выпадкі, калі людзей затрымлівалі, яны праходзілі праз суд (бо такая працэдура), але потым іх вызвалялі і не дэпартавалі ў Беларусь.
«Мы зараз вядзем працоўныя сустрэчы з рознымі краінамі, каб у іх было разуменне, што калі ім прыйдзе нейкі запыт, звязаны з завочнымі і звычайнымі прысудамі, каб яны наогул іх не распрацоўвалі».
Акт аб рэабілітацыі
Крысціна Рыхтэр таксама займаецца распрацоўкай канцэпцыі па рэабілітацыі зняволеных.
«Шмат хто кажа: «Вызваліць палітзняволеных!» Быццам мы з нейкімі ключамі ад замка прыйдзем. Так не працуе, і мы павінны разумець сістэму, як вызваляць, як распрацаваць крытэры. Бо мы разумеем, што гэта палітзняволены, але ў беларускім праве няма такой катэгорыі. Таксама ёсць ініцыятывы, якія збіраюць інфармацыю пра палітзняволеных і кажуць, што вязняў насамрэч больш. Ёсць сталыя крытэры, якімі карыстаецца праваабарончая супольнасць, але яны, на жаль, не падыходзяць да ўсіх», – тлумачыць Крысціна Рыхтэр.
Будзе распрацаваная адмысловая канцэпцыя, паводле якой стане зразумела, хто падпадае пад рэабілітацыю. Таксама будзе створаная працэдура, як рэалізаваць рэабілітацыю.
«Палітзняволеныя – гэта наша самая галоўная тэма. Калі паглядзець глыбей, то гэта ўжо рэабілітацыя ўсіх, да каго дакрануліся рэпрэсіі: звольненыя з працы, адлічаныя з універсітэтаў, тыя, хто былі вымушаныя зʼехаць з Беларусі, у каго забіралі нейкую маёмасць. То бок мы хочам разглядзець з розных бакоў гэтыя ўсе аспекты. Ёсць досвед такой рэабілітацыі ў іншых краінах, які мы таксама зараз вывучаем. Напрыклад, у Польшчы ёсць нават канцэпт гістарычнай рэабілітацыі. Гэта і эканамічны бок, і медычны, і гістарычны, і культурны, вельмі шмат усяго».
«Галоўная парада, якую я магу даць: не купляйце тое, што рэжым адабраў у людзей»
Таксама распрацоўваецца механізм разгляду справаў для рэабілітацыі, калі чалавека асудзілі не па палітычным артыкуле, але па палітычным матыве. Такія ж працэдуры ствараюцца і для тых, у каго забралі маёмасць праз рэпрэсіі.
«У грамадзянскім праве ёсць такое паняцце як рэстытуцыя. Напрыклад, у цябе хтосьці скраў маёмасць, потым прадаў, ты яе знайшоў, і што з гэтым рабіць? Вось ёсць адмысловыя прынцыпы. Тут таксама ёсць і досвед іншых краін. Мы будзем вывучаць, як зрабіць так, каб тым, каго пазбавілі маёмасці, гэтая маёмасць вярнулася. Галоўная парада, якую я магу даць: не купляйце тое, што рэжым адабраў у людзей».
Калі вы набываеце нерухомасць, вы можаце спытаць у кадастры, каму яна належала, заўважае дарадца.
«Гэта платная паслуга, але вы можаце паглядзець, каму яна належыць. Яна можа належыць выканкаму і будзе напісана, што «на балансе, адабраная, згодна з крымінальнай справай».
Таксама ўзнікла пытанне аб стоадсоткавай рэабілітацыі ўсіх. І вось, як на гэта рэагуе дарадца:
«Глядзіце, вось затрыманы следчы па справе TUT.BY. Гэта палітычны пераслед, як думаеце? Па фармальных крытэрах, можа гэта будзе пераслед. Але можам яго рэабілітаваць? То бок, з чалавечага пункту гледжання, я лічу, што ўсе людзі павінны быць рэабілітаваныя і ўся маёмасць вернутая. Напрыклад, маю асабістую тэхніку таксама забралі. Дзе яна зараз? Можа яна ўвогуле ўжо страчаная, не ведаю. Ці спадзяюся на тое, што яна вернецца? Напэўна, не. Жыццё складанае, а права тым больш».
«Я разумею людзей, якія затаіліся і нічога не робяць, бо гэта інстынкт самазахавання, каб не загінуць у сістэме з такімі моцнымі рэпрэсіямі»
«Вось калі Максім Знак казаў «прававы дэфолт», то цяпер я ўжо не ведаю, якім тэрмінам гэта называць, бо прымаюцца законы, якія не адпавядаюць канстытуцыі краіны. Якія інструменты існуюць? Гэта можа быць зварот грамадзяніна, нейкая судовая справа, асабістыя прыёмы, спробы прававога аналізу. Ці бяспечна, тут кожны сам вызначае самастойна. Бо тое, што аднаму падаецца вельмі небяспечным, іншы можа зрабіць. Таму прававыя інструменты ёсць, але калі гэта палітычная справа, спадзявацца на справядлівы суд нельга».
Крысціна прызнаецца, знаходзячыся не ў Беларусі, складана казаць людзям, што можна рабіць.
«Вельмі добра гэта казаць адсюль. Таму, мне падаецца, кожны чалавек для сябе павінен вырашыць, ці хоча ён штосьці рабіць, ці не. Калі казаць пра Беларусь, то я разумею людзей, якія затаіліся і нічога не робяць, бо гэта інстынкт самазахавання, каб не загінуць у сістэме з такімі моцнымі рэпрэсіямі. Гэта нармальна – цяпер нічога не рабіць. Напрыклад, людзі, якія данацілі ў 2020 годзе ў нейкія фонды і ініцыятывы, не былі гатовыя да таго, што праз два гады на іх будуць звяртаць увагу. Таму, падаецца, што гэта бяспечная дзейнасць, а потым раз – і ўсё».
«Сусветнай супольнасці трэба яшчэ шмат працаваць з тым, што рабіць з дыктатурамі»
Найперш трэба стварыць сістэму са справядлівымі судамі, лічыць Крысціна Рыхтэр.
«Спачатку ты робіш усё добра, а потым такі: «А, ну і ладна». Калі паглядзець на гісторыі краін іншых, так яно і адбываецца, калі быццам бы выйшлі з дыктатуры, але прыйшлі да таго самага. Таму па-першае, павінны быць справядлівыя суды. Па-другое – збірайце доказы. Бо справядлівы суд будуецца на доказах. Я разумею, што ёсць такія складаныя сітуацыі, калі затрымліваюць і нават дакументу не даюць. Увогуле рэжым робіць усё, каб гэтыя доказы знішчыць. Але трэба намагацца сабраць чым болей доказаў – гэта будзе добрай падставай для таго, каб мы дасягнулі справядлівасці».
Вельмі важна мяняць стаўленне да правоў чалавека ў Беларусі, адзначае Крысціна.
«Важна, каб тыя, хто будзе працаваць у сілавых і іншых структурах у новай Беларусі, змянілі сваё стаўленне да падыходу, заснаванага на правах чалавека, увогуле да правоў чалавека, да чалавечай годнасці. Гэта набор каштоўнасцяў, які павінен быць у тых людзей, якія будуюць нармалёвую краіну. Таму варта з грамадскасцю распрацаваць разуменне дэмакратычных працэсаў».
Калі распрацоўваецца механізм прыцягнення рэжыму да адказнасці, вывучаецца міжнародны досвед па гэтым пытанні.
«Напрыклад, Сірыя – гэта вельмі знакаміты кейс па затрыманні, на аснове ўніверсальнай юрысдыкцыі. Мы таксама кантактуем з юрыстамі і праваабаронцамі, якія гэтыя кейсы стваралі. Разуменне такога досведу важнае, але варта разумець, што ўсё ж такі ў нас свая сітуацыя, іншыя ўмовы. Досвед, які быў дваццаць гадоў таму, ён цікавы, але можа ён не будзе пасаваць да той сітуацыі ў якой мы зараз. Сусветнай супольнасці трэба яшчэ шмат працаваць з тым, што рабіць з дыктатурамі, бо шмат механізмаў быццам ёсць, але калі ты з гэтым сутыкаешся, разумееш, што не так ужо шмат. Трэба ствараць сваю практыку».
Далучайцеся да валанцёраў Офіса Святланы Ціханоўскай! Цяпер гэта можна зрабіць праз чат-бот: @AskOffice_Bot