Вялікая размова з Ганнай Любаковай – беларускай журналісткай, медыяэксперткай, супрацоўніцай аналітычнага цэнтру Atlantic Council
Нядаўна Ганна Любакова атрымала ўзнагароду One Young World і стала журналісткай году.
«Я лічу, што гэта прэмія ўсёй беларускай журналістыцы, бо зараз мы ўсе ў адным чоўне, у нас адна мэта. І для мяне, і для нас гэта магчымасць распавесці пра нашу краіну за мяжой».
Ганна апавядае, што амерыканскі аналітычны цэнтр Atlantic Council, дзе яна працуе, – адзін з самых уплывовых.
«Ягоная ідэя звязаць Еўропу і ЗША, агулам Паўночную Амерыку, уключна з Канадай, каб там супраца была, эксперты абменьваліся меркаваннямі. Там шмат цэнтраў, я працую ў Еўразійскім, факусуюся на Беларусь. У нас ёсць беларуская праграма, якую адкрылі акурат у 20-м годзе, тады ж мяне і запрасілі. Я пішу пра Беларусь, выступаю на канферэнцыях, стратэгічных сэсіях са стаферамі – гэта супрацоўнікі, напрыклад, кангрэсу, амерыканскія палітыкі, дыпламаты, з якімі мы размаўляем пра тое, як дапамагчы Беларусі, палітвязням грамадзянскай супольнасці».
Як адрозніваецца ўзровень беларускай журналістыкі і міжнароднай?
«І тая, і тая журналістыка развіваюцца. Бачна за апошнія гады, які рывок зрабілі беларускія журналісты, ім таксама ёсць чаму павучыць замежнікаў. Напэўна, мы можам і адставаць шмат у чым, бо мы нават не ў краіне (шмат хто з нас). А на Захадзе развіваюцца хутчэй, бо там больш рэсурсаў, тэхналогіі больш даступныя».
Ганна дадае, што яе турбуе нежаданне беларускіх журналістаў глядзець шырэй.
«Беларусацэнтрычнасьць – яна вельмі добрая, слушная, асабліва ў нашай сітуацыі. Але чаму замежныя медыя не заўсёды пішуць пра Беларусь? Бо падзей у свеце вельмі шмат і яны мусяць пісаць пра ўсё. У нас не хапае шмат якіх фарматаў, напрыклад, лонг-сторыз, такія глыбокія аналітычныя артыкулы. Вось The Economist – гэта тое, што я чытаю, мне вельмі падабаецца, я б вельмі хацела бачыць штосьці такое ў Беларусі».
Ці трэба накіроўваць столькі сродкаў у медыя?
«Ёсць урад, у яго ёсць пэўныя прыярытэты. Адзін з прыярытэтаў, напрыклад, свабода прэсы, змаганне з расейскай прапагандай. І на гэта ідзе частка падаткаў, якія выплачваюць людзі. Таму, ведаеце, мы тут не распараджаемся чыімісьці грашыма, мы распараджаемся грашыма Джона з Манчэстэра, умоўна кажучы, які плоціць падаткі ў Брытаніі, таму варта пра гэта памятаць. Урад вось гэтай краіны можа дапамагчы медыям, грамадзянскай супольнасці за мяжой, частка грошай ідзе на Беларусь, далей яны ўжо размяркоўваюцца паміж гэтымі сферамі».
Як прасоўваць беларускі парадак дня на фоне вайны ва Украіне?
«Шукаць штосьці ўнікальнае, распавядаць што адбываецца. Насамрэч, цікавасць ёсць, трэба грамадствам, іншым краінам, урадам і медыя разумець, пра што пісаць і чаму яны мусяць пра гэта пісаць. Я звычайна на трэнінгах запытваюся беларускіх журналістаў: а колькі краінаў яны чытаюць? Звычайна гэта краіны, у якіх ВУП высокі, вялікая тэрыторыя, якія важныя. Беларусь шмат каму не падаецца важнай краінай.
І я таксама з гэтым змагаюся, бо геапалітычнае становішча тут вельмі важнае, нездарма, на жаль, Пуцін пачаў сваю інвазію таксама з Беларусі, у тым ліку. У нас важнае становішча, Беларусь важная для бяспекі Еўропы, кантыненту».
Ганна дадае, што нашмат цяжэй данесці штосьці да людзей, якія зацікавіліся Беларуссю на фоне поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
«Такія людзі могуць думаць, што большасць беларусаў падтрымлівае Лукашэнку, вайну. І вось гэта ўсё трэба тлумачыць, распавядаць што-небудзь: “Глядзіце, тут ёсць прыклад, як яны не падтрымліваюць Лукашэнку, як яны змагаюцца супраць расейскіх войскаў, нашы партызаны цудоўныя, спынялі расейскія войскі нягледзячы на тое, што ўвялі пазней смяротнае пакаранне за гэта”. Таму гэта ўсё паказваеш і яны пачынаюць больш разумець. Бо ёсць шмат канцэптуальнага неразумення, і што беларусы змяніліся, і што рэвалюцыя, і што гэта не «бацька» для людзей, і што людзі пераступілі тое, што яны раней падтрымлівалі Лукашэнку».
Калі замежныя медыя бяруць інтэрв’ю ў Лукашэнкі – яны даюць прастору для прасоўвання думак яго і рэжыма?
«Яны дакладна даюць прастору, гэта праўда, але гэта ўжо праца медыя. Яны мусяць мець некалькі меркаванняў, некалькі бакоў. Іншая справа, калі яны толькі яго запытваюць і не запытваюць дэмсілы ці незалежных экспертаў. Гэта таксама вялікая праблема, калі яны факусуюцца толькі на яго парадку дня. Мне як журналістцы цяжка крытыкаваць медыя за тое, што яны запытваюцца Лукашэнку. Гэта ўсё ж такі чалавек, які кантралюе сітуацыю ў краіне, і яны ідуць да яго з гэтымі пытаннямі. Але, дарэчы, яны запытваліся і пра палітвязняў, былі досыць жорсткія пытанні».
Журналістка дадае, што прыходзіцца і змагацца з тым, каб у замежных медыя Лукашэнку не называлі прэзідэнтам Беларусі.
«Кожная рэдакцыя робіць па-свойму. Бывае так, што журналіст не піша «прэзідэнт», а рэдакцыя дадае «прэзідэнт». У мяне рэальна былі такія гісторыя з калегам з NYT (ён зараз у Літве), які напісаў «дыктатар», а рэдакцыя змяняла на «прэзідэнта». Пасля яшчэ раз напісаў наступны артыкул і яны ўжо не змянілі – далі «дыктатар», а хтосьці там з рэдактараў у Нью-Ёрку змяніў на «прэзідэнт». Таму бывае па-рознаму – розныя людзі, рознае разуменне, бо не ўсе ведаюць наш рэгіён. Ёсць вялікая кампанія, шмат хто піша “не называйце яго прэзідэнтам”».
Беларускія незалежныя медыя робяць прапаганду з адваротнага боку?
Прапаганда – гэта распаўсюд маніпулятыўных звестак, загадзя ілжывых, якія маюць на мэце сфармаваць нейкае меркаванне, тлумачыць Ганна.
«Тое, што мы пішам пра Беларусь: што мы асобная дзяржава, што ў нас ёсць свая мова, свой сцяг і г.д. – гэта факт, а не прапаганда. Калі мы шмат пра гэтае пішам – гэта таксама не прапаганда. Гэта важна для нас і цяпер, і для будучыні, для нашай ідэнтычнасці. Прапаганда, канечне, бывае рознай – ёсць белая, чорная й шэрая прапаганда. Белая таксама можа быць звязаная з прасоўваннем уласнай годнасці ці гонару за краіну. Але я, канечне, лічу, што журналістыка і прапаганда несумяшчальныя».
Таксама Ганна звяртае ўвагу на прынцып, што журналіст не можа быць актывістам, і акалічнасці цяперашняга часу.
«Марыя Рэса, журналістка з Філіпін, атрымала Нобелеўскую прэмію. Яна казала, што ў гэтым змаганні за факты, за праўду, яна – актывістка. І я думаю, што гэта вельмі моцна, і шмат сітуацый цяпер, дзе гэтыя межы трошачкі распаўзаюцца. І ў гэтым нічога кепскага няма, бо мы робім нейкія кампаніі, вось быў Марафон салідарнасці з палітвязнямі, гэта ж правільная мэта? Так, тут няма нічога кепскага».
Oslo Freedom Forum
Нядаўна Ганна Любакова ўдзельнічала ў Oslo Freedom Forum, дзе распавядала пра палітвязняў, як ім дапамагчы.
«Там было тры ініцыятывы, у мяне быў QR-Code на дызайне, людзі адразу пачалі клікаць яго. Важна, што Беларусь зноў жа ў фокусе. Мне вось кажуць: «Усё, з парадку дня сышла Беларусь». А я такая: «Я ж працую, штомесяц кудысьці езджу, распавядаю, як яна сышла?» Летась была Святлана Ціханоўская, Таццяна Хоміч і Вераніка Цапкала, сёлета была беларуская журналістка. Спадзяюся, у наступным годзе таксама хтосьці будзе».
Oslo Freedom Forum – сусветны. На канферэнцыі былі прадстаўнікі з Кітаю, Калумбіі, Афрыканскіх краін, дзе сітуацыі вельмі цяжкія, кажа Ганна.
«Выступалі людзі з вялізнымі траўмамі, якія з турмы ўцякалі, увогуле гэта было жахліва. Важна, што мы можам распавядаць на такіх сусветных пляцоўках пра Беларусь. Бо там былі палітыкі, журналісты, дыпламаты розныя, Фрэнсіс Фукуяма – вельмі вядомы філосаф, трэндмэйкер. Ён добра распавядаў пра Украіну, пра вайну, і пачуў пра Беларусь ад мяне».
Як палітыкі-міжнароднікі фармуюць меркаванне пра Беларусь?
«Шмат па якіх крыніцах і крытэрах. У іх ёсць і свае амбасады: ці тыя амбасадары, які застаюцца ў Беларусі, ці якія адсюль працуюць, ці з Варшавы, ці аднекуль яшчэ. Яны даюць свае міні-брыфінгі, рэпорты, якія робяць на падставе размоў з экспертамі, журналістамі. Вось калі была вострая фаза міграцыйнага крызісу, я пра гэта вельмі шмат пісала, твіціла, і дыпламаты казалі: «Дзякуючы тваёй інфармацыі, мы рабілі брыфінгі для сваіх сталіц».
Чым больш інфармацыі – тым лепш, падкрэслівае Ганна.
«І чым больш даверу, слушнай, аб’ектыўнай, праўдзівай інфармацыі, тым лепш для і для нас, бо палітыкі на гэтай падставе могуць фармаваць слушныя рашэнні ў дачыненні да нашай краіны. Не дзякуючы лабістам, а дзякуючы экспертам, дэмсілам і журналістам».
Як могуць распаўсюджваць інфармацыю звычайныя беларусы і беларускі?
«Не трэба абмяжоўвацца толькі сацсеткамі. Калі вы за мяжой, вы абсалютна ўсе інструменты маеце. Калі маеце грамадзянства ў гэтай краіне, то можна ўжо ісці ў парламент, можна рабіць штосьці на месцы «палітычным».
Калі вы не маеце грамадзянства ці не хочаце быць у партыі, то, як у ЗША, патэлефануйце свайму прадстаўніку: «Што вы думаеце пра Беларусь? Што вы робіце для Беларусі?» Гэта таксама ўсё можна ў Еўропе. Калі вы студэнт ці студэнтка, вы можаце арганізоўваць акцыі, распавядаць пра студэнтаў-палітвязняў, агулам палітвязняў, пра сітуацыю ў Беларусі».
Ганна прыводзіць у прыклад беларускую журналістку Аляксандру Багуслаўскую, якая вучылася ў адным з найлепшых універсітэтаў свету ў Лондане і ўвесь час распавядала там пра Беларусь.
«Усе гэтыя рэчы дасяжныя. Можна пісаць лісты, можна далучаць палітыкаў, іншых студэнтаў. Калі я вучылася ў Кракаўскім універсітэце, мы таксама рабілі маршы салідарнасці, гэта быў 2010 год, падаецца. Таму пішыце, размаўляйце з журналістамі, звычайна ў дыяспарах ёсць спіс журналістаў мясцовых, з якімі яны кантактуюць, вы можаце рабіць тое ж самае, рассылкі рабіце».
Таксама можна стварыць спіс журналістаў, якія пішуць пра Беларусь, знайсці іх мэйлы ці напісаць ім у твітары, звярнуцца ў рэдакцыю, прапанаваць нейкую інфармацыю, кажа Ганна.
Як замежныя медыя ставяцца да знішчэння беларускіх СМІ?
«Я ўвесь час і распавядаю, што вось у нас знішчылі гэта, зачынілі гэта, а гэтых прымусілі з’ехаць. Маўляў, уявіце сабе, што ў вас не было б CNN, NYT? Тады ім больш зразумела. Важна яшчэ распавядаць, што значыць «знішчыць»: гэта значыць, што людзям цяжэй атрымаць інфармацыю, што прапаганда на іх больш уплывае.
І таксама важна распавядаць, што розныя медыя, якія блакаваліся, не сталі ні літоўскімі, ні грузінскімі, ні польскімі, што яны застаюцца беларускімі. Усё гэтае распавядаеш, тады ў іх поўная карціна, больш матывацыі падтрымліваць медыя, палітвязняў і агулам сачыць за сітуацыяй у Беларусі».
Важна таксама паказваць, што сітуацыя ў Беларусі ўплывае на рэгіён і свет агулам.
«Рэжым стаў суагрэсарам у вайне, ён дапамагае Пуціну. Дзякуючы дапамозе Лукашэнкі, магчымая інвазія, прынамсі на пачатку яна была такой хуткай, бо яны прайшлі праз Беларусь, хацелі атакаваць і захапіць Кіеў. І таму тлумачце гэта ўсё ў міжнародным палітычным кантэксце, што ўсё, што адбываецца ў Беларусі, тычыцца нашага кантыненту, рэгіёну, усяго свету нават, бо ўсё ўзаемазвязана. Таму Беларусь тут грае вялікую ролю і гэта варта тлумачыць умоўнаму Джону – у яго шмат сваіх праблемаў, канечне, але калі распавядаць у такім кантэксце, то ён разумее гэта лепш».
Далучайцеся да валанцёраў Офіса Святланы Ціханоўскай! Цяпер гэта можна зрабіць праз чат-бот: @AskOffice_Bot