Вялікая размова з прэс-сакратаром Каардынацыйнай Рады Антонам Раднянковым
Што такое Каардынацыйная Рада?
«Гэта па сутнасці зараз тая пляцоўка, якая аб’ядноўвае асноўных палітычных актараў, прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, НДА і гэтак далей. У нас зараз 107 чальцоў, плюс яшчэ 8 чальцоў знаходзіцца ў турме. На нашай пляцоўцы ёсць прадстаўнікі асноўных арганізацый: прадстаўнікі палітычных сілаў, людзі з Офісу Святланы Ціханоўскай, з НАУ, з НДА, з мэдыяў, недзяржаўных і праваабарончых арганізацый», – адпавядае Антон Раднянкоў.
З’явілася Каардынацыйная Рада ў жніўні 2020 году акурат пасля прэзідэнцкіх выбараў. Антон Раднянкоў таксама прымаў удзел у Радзе, як чалец сакратарыяту.
«Калі адбыліся выбары, Святлану Ціханоўскую вымусілі з’ехаць з Беларусі, яна апынулася тут у Вільні, адбыўся гэты вакуум унутры Беларусі, не было палітычнага актара, які мог бы прадстаўляць увесь наш рух. Тады па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай з’явілася ідэя стварыць Каардынацыйную Раду. Святлана прызначыла дваіх сакратароў – Максіма Знака і Вольгу Кавалькову, якія сфармавалі першы склад Каардынацыйнай Рады.
Першы склад Каардынацыйнай Рады складаўся з прэзідыума, дзе было 7 чалавек, і з асноўнага складу. Пасля таго як прэзідыум разграмілі, Максім Знак, Лілія Уласава, Марыя Калеснікава апынуліся ў турме, іншыя вымушаны былі з’ехаць, а праца Каардынацыйнай Рады была паралізаваная, кажа Антон.
«Не было нейкага кіруючага органу. Працаваў асноўны склад – усе чальцы прымалі рашэнні простым галасаваннем. Актыўна ўдзельнічала каля 50 чалавек, тое рашэнне, якое набірала большасць галасоў і прымалася. Праз нейкі час стала відавочна, што Каардынацыйная Рада знаходзіцца ў крызісе, што не хапае дынамікі ў арганізацыі. Канцэпцыя арганізацыі таксама змянілася, бо ўжо не было размоў пра пачатак нейкіх перамоваў з уладамі, тое, адбывалася ў жніўні 2020 году акурат было на парадку і было першай прычынай стварэння Каардынацыйнай Рады».
У жніўні 2022 года на канферэнцыі «Новая Беларусь» абвясцілі пра рэформу Каардынацыйнай Рады. То бок любая арганізацыя магла адправіць свайго прадстаўніка, дэлегаваць.
«Мы прымалі заяўкі дэлегатаў, то бок тыя людзі, якія былі ўпаўнаважаны пэўнай арганізацыяй ісці ў КР і прадстаўляць там інтарэсы арганізацый. 75 арганізацый накіравалі сваіх прадстаўнікоў у Каардынацыйную Раду. Калі нейкія людзі, якія не прадстаўляюць арганізацыю, але з’яўляюцца даволі паважанымі, маюць нейкі сацыяльны, інтэлектуальны капітал і хочуць далучыцца, яны таксама маглі высоўваць свае кандыдатуры. Мы атрымалі каля 50 такіх заявак такіх і з іх ужо асноўны склад прагаласаваў і абраў 15-30. чалавек. І каля 20 чалавек засталося яшчэ з першага складу. І такім чынам у нас зараз атрымліваецца 107 чалавек».
Чаму з Рады выйшаў Павел Латушка?
«Напэўна гэта адна з самых гучных навінаў, якая прыцягнула ўвагу да рэформы Каардынацыйнай Рады ў мінулыя месяцы. Калі ад пачатку, у жніўні 2022 года, абмяркоўвалася канфігурацыя, якім чынам павінны ўзаемадзейнічаць дэмакратычны рух, тады была канцэпцыя, што ствараецца Пераходны Кабінет, ён з’яўляецца такім прататыпам ураду, і ствараецца новая пераабраная Каардынацыйная Рада, якая з’яўляецца прататыпам парламенту. Мы разумеем, што ніякай сапраўднай улады ў абодвух арганізацый не існуе і ўплыў на сітуацыю ў Беларусі таксама даволі абмежаваны, тым не менш ёсць нейкая логіка ў гэтай усёй сістэме. І калі абмяркоўвалася гэтая канфігурацыя, то тады ўвесь час стаяла такое пытанне: а ці павінен адзін і той жа чалавек займаць пасаду і ў Кабінеце, то бок у выканаўчым органе, і ў пратапарламенце?»
Было шмат дыскусій адносна гэтага пытання, кажа Антон.
«Мы праводзілі сам статут, па якім зараз дзейнічае Каардынацыйная Рада, ён распрацоўваўся некалькі месяцаў, апошні быў вельмі інтэнсіўны, кожны тыдзень адбываліся дыскусіі. Была вялікая працоўная група, шмат юрыстаў пісалі гэты дакумент, праводзілася шмат апытанняў унутры саміх чальцоў Каардынацыйнай Рады, ці павінны быць гэты падвоены мандат, ці не павінен. І большасць чальцоў Каардынацыйнай Рады схілялася да таго, што падвоены мандат не павінен быць».
Паводле цяперашняга статуту, прадстаўнікі Кабінету не могуць быць з правам голасу ў Радзе.
«Напрыклад, Юрась Губарэвіч, ён з’яўляецца прадстаўніком Кабінету, пры гэтым ён уваходзіць у склад Каардынацыйнай Рады, бо ён у Кабінеце не мае права голасу. То бок гэта тычыцца тых, хто ў Кабінеце мае права голасу. Валер Мацкевіч прымае ўдзел і ў працы Кабінета, і ў працы Каардынацыйнай Рады. У нас ёсць прадстаўнікі НАУ, напрыклад, спадар Брухан. У нас ёсць Аляксандр Дабравольскі, з першага склікання працуе. То бок у нас ёсць прадстаўнікі большасці палітычных структураў, мы зараз працуем яшчэ з палітычнымі партыямі».
Некаторыя палітычныя партыі знаходзяцца ў Беларусі, таму яны не рызыкуюць далучацца да такіх арганізацый, каб не паставіць пад пагрозу сваіх чальцоў у Беларусі, тлумачыць Антон Раднянкоў.
Якія задачы вырашае Каардынацыйная Рада?
«Адна з галоўных задач Каардынацыйнай Рады – уключыць як мага больш людзей, каб яны разам пачалі думаць, якім чынам набліжаць перамены ў Беларусі. Бо па маім асабістым меркаванні, ніхто да канца не ўпэўнены, мы не ведаем, што калі ты будзеш рабіць А, то ты атрымаеш Б. То бок зараз такой сітуацыі няма, і нам трэба мець магчымасць генераваць гэтыя новыя ідэі».
Каардынацыйная Рада называецца прататыпам парламенту, бо не з’яўляецца сапраўдным парламентам. Адна з задач Каардынацыйнай Рады ў тым ліку – гэта павышаць прастору публічнай палітыкі, адзначае Антон.
«То бок публічная палітыка павінна рабіцца бачнай для звычайных беларусаў, яны павінны разумець, што абмяркоўваюць дэмакратычныя сілы, якая там логіка, якая там унутраная дынаміка, якія там ёсць пазіцыі. У нас у публічнай палітычнай дыскусіі, на жаль, якасць часам не самая лепшая. У нас ёсць такая традыцыя: альбо адзін аднаго абвінавачвае, што кожны – гэта агент КДБ, і не размаўляюць па сутнасці адзін з адным, альбо наадварот пагаджацца і таксама спрабаваць пазбягаць цяжкіх, вострых нейкіх пытанняў».
КР павінна быць той пляцоўкай, дзе можна весці складаныя дыскусіі на цяжкія тэмы, мяркуе Антон.
«Гэта павінны быць тыя людзі, якія ў будучыні бачаць сябе палітыкамі. Вялікая колькасць чальцоў сённяшняй Каардынацыйнай Рады ў новай Беларусі з задавальненнем прымуць удзел ужо ў дзейнасці сапраўдных парламентаў. Больш за тое, у іх ужо з’явіцца вось гэты навык, як гэта адбываецца. Пачнуць разумець, якім чынам будуюцца фракцыі, адбываюцца палітычныя дыскусіі, атрымаюць уменне дэбатаваць. Вось Павел Латушка, напрыклад, – вельмі добры дэбацёр, але такіх у нас не вельмі шмат і нам патрэбна вялікая колькасць палітыкаў, людзей, якія будуць умець займацца нейкімі пытаннямі на месцах і гэтак далей».
Празрыстасць – адзін з прыярытэтаў КР, кажа Антон.
«Мы запрашаем на ўсе без выключэння паседжанні Каардынацыйнай Рады журналістаў. То бок калі асноўны склад Каардынацыйнай Рады збіраецца, мы заўсёды запрашаем журналістаў і яны заўсёды прыходзяць, сочаць, могуць назіраць, як адбываюцца ўвогуле палітычныя дыскусіі. Пры гэтым трэба разумець, што не ўсе дыскусіі вельмі цікавыя шырокай грамадскасці, я скажу шчыра, яны могуць цягнуцца некалькі гадзінаў».
Як трапіць у Каардынацыйную Раду?
«У нас няма абмежаванняў па тэрытарыяльным знаходжанні, але, канешне, калі людзі знаходзяцца ў Беларусі, трэба разумець, што гэта вельмі вялікая рызыка і варта падумаць двойчы ці тройчы. У нас ёсць дзве працэдуры: дэлегаванне ад структур і самавылучэнне. Мы абсалютна адкрытыя, мы гатовыя, каб у нас былі прадстаўнікі каманды спадара Цэпкала, зусім іншых поглядаў, бо наш дэмакратычны рух, ужо зараз па факце розны, і гэта павінна быць адлюстравана ў складзе Каардынацыйнай Рады. Тое, што тычыцца самавылучэнцаў, то мы яшчэ працуем».
Ці можа ўвайсці ў КР чалавек не з беларускім грамадзянствам?
«Кожны такі кейс разглядаецца асобна, бо мы разумеем, што пасля 2020 года ў нас з’явілася актыўная дыяспара, вельмі шмат дыяспаральных арганізацый па ўсіх кутах: у Аўстраліі, у Шатландыі, у Чэхіі, у Польшчы, Літве і гэтак далей. Некаторыя людзі вельмі доўга жывуць у гэтых краінах і ўжо атрымалі іншае грамадзянства, ці яны зараз у працэсе сканчэння тэрміну пашпарта. Мы ўсе выпадкі таксама разглядаем, і калі бачым, што чалавек мае беларускае паходжанне, што ён працуе на карысць новай Беларусі, то спрабуем не рабіць прыпоны нейкія бюракратычныя, кшталту: «пакажы свой блакітны пашпарт, ёсць ён у цябе ці няма?»».
Што робіць КР для вызвалення палітвязняў?
«У нас ёсць арганізацыі, актывісты, актывісткі ўваходзяць у склад Каардынацыйнай Рады, якія непасрэдна гэтым займаюцца. Ёсць Святлана Мацкевіч, Таццяна Хоміч – яны ў тым ліку лідаркі аб’яднання сем’яў сваякоў палітвязняў, яны па сутнасці і займаюцца прасоўваннем тэматыкі палітзняволеных. Каардынацыйная Рада і яе прадстаўнікі падымаюць гэтыя пытанні на ўсіх сустрэчах. 8 чальцоў Рады зараз з’яўляюцца палітзняволенымі. Для нас гэта не нейкае абстрактнае пытанне, а канкрэтнае».
Ці плануе Каардынацыйная Рада неяк узаемадзейнічаць з актывістамі ў Беларусі?
«Для мяне асабіста гэта цяжкае маральна-этычнае пытанне, бо хто каму павінен дапамагаць? Мы знаходзімся ў Вільні, у офісе, у бяспецы. Мне не зусім лёгка казаць, што мне хтосьці з Беларусі павінен дапамагаць. Гэта хутчэй я адчуваю, што я павінен дапамагаць гэтым людзям».
Што павінны рабіць людзі, якія знаходзяцца зараз у Беларусі?
«Салідарнасць – гэта адна з самых важных каштоўнасцяў, якія ў нас з’явіліся пасля 2020 году. Мы гэта ўсе супольна адчулі ўзаемадапамогу, узаемападтрымку, і гэта тое, на што рэпрэсіі дзейнічаюць найбольш моцна – яны разбіваюць сувязі, якія на нізавым, гарызантальным узроўні ўзніклі ў людзей. Таму дапамагайце адно аднаму, дапамагайце, сачыце, распаўсюджвайце інфармацыю, чытайце незалежныя медыя, менш чытайце і вядзіцеся на закіды прапаганды. Вось гэта тое, што я б параіў людзям з Беларусі».
Каардынацыйнай Радзе патрэбныя валанцёры і валанцёркі з розных краінаў, кажа Антон.
«Калі вы зараз знаходзіцеся ў Беларусі, галоўнае, каб вы самі маглі ацаніць свае рызыкі. Валанцёрства – адна з рысаў ад самага стварэння Каардынацыйнай Рады. Сярод нашай каманды шмат хто валанцёрыў, валанцёрыць дагэтуль, не маючы ад гэтага нейкія заробкі. З’яўляючыся кіраўніком медыя-службы, прэс-сакратаром, у мяне няма зараз ніякага заробку, я не атрымліваю за гэта нейкія грошы, у мяне ёсць іншае месца, дзе я зарабляю. Але ў гэтым я ўдзельнічаю, бо я бачу каштоўнасць, я бачу ў гэтым карысць, і я таму інвестую свой вольны час, даволі вялікую яго, значную частку вось у гэтую рэч».
Чальцы Каардынацыйнай Рады не атрымліваюць грошы нягледзячы на тое, з’яўляешся ты спікерам, віцэспікерам ці звычайным шэраговым чальцом, тлумачыць Антон.
Намеры Каардынацыйнай Рады развіваць асабістую міжнародную дзейнасць
«Каардынацыйная Рада гэтым і займалася апошнія два гады, і канешне будзе займацца. І ЕС, і ЗША прызналі Каардынацыйную Раду як толькі яна стварылася, яна прысутнічае ў дакументах, у Акце аб Беларусі прама прапісана, што Каардынацыйная Рада павінна быць суб’ектам, які прадстаўляе дэмакратычны рух. Пры гэтым мы разумеем, што зараз самым правільным актарам на гэтым полі, самым актыўным з’яўляецца Офіс Святланы Ціханоўскай, сама Святлана Ціханоўская. Мы не збіраемся нейкім чынам замінаць ёй у гэтай дзейнасці. Пры гэтым мы як шырокая структура з вялікай колькасцю арганізацый, чальцоў можам уключацца ў гэтую дзейнасць».
Ці супрацоўнічае КР з дабраахвотнікамі?
«Унутры Каардынацыйнай Рады ёсць працоўная група па Украіне і туды ўваходзяць тыя арганізацыі, якія працуюць з валанцёрамі ва Украіне, аказваюць нейкую дапамогу Украіне. Менавіта па практычным дзеянні гэтыя арганізацыі між сабой сінхранізуюцца, разам абмяркоўваюць, якім чынам найбольш эфектыўна гэта рабіць».
Антон Раднянкоў мяркуе, што зараз дэмакратычны рух знаходзіцца ў тым стане, калі ўзмацненне аднаго гульца вядзе да ўзмацнення іншых гульцоў.
«Умоўна кажучы, моцны Кабінет дае энергію ў тым ліку і іншым арганізацыям, яны робяцца мацней; калі будзе моцная Каардынацыйная Рада, яна будзе ўзмацняць Кабінет, Кабінет стане мацней, чальцы Каардынацыйнай Рады стануць мацнейшымі. То бок мы зараз знаходзімся ў такой сітуацыі, што аслабленне аднаго вядзе да аслаблення ўсіх, і ўзмацненне аднаго вядзе да ўзмацнення іншых. Мы павінны зараз пачаць адно аднаго падтрымліваць, і тады мы спынім вось гэтае падзенне, якое бачна за апошнія месяцы».
Як Каардынацыйная Рада ставіцца да сілавога варыянту зменаў у Беларусі?
«Няма рашэнняў адносна гэтага, то бок няма нейкай пазіцыі, што Каардынацыйная Рада лічыць вось так вось. У нас рашэнні прымаюцца галасаваннем, большасцю звычайна. Такіх тэмаў не выходзіла. Пры гэтым у нас, як я ўжо казаў, ёсць унутры Каардынацыйнай Рады арганізацыі з зусім рознымі падыходамі, рознымі поглядамі, і ў гэтым каштоўнасць КР». Я не ведаю, як адбудуцца перамены. Я памятаю, да 2020 года людзі прадэмакратычныя казалі, што ў 2010 годзе ў нас нічога не атрымалася, бо на плошчу выйшла 30 тысяч чалавек; вось калі бы выйшла 100 тысяч чалавек, то тады бы міліцыянты склалі бы шчыты і ў нас бы бы вось гэтая новая дэмакратычная Беларусь. Так вось казалі да 2020 года ўсе, хто бачыў 2010 год. Таму я не лічу, што нейкі іншы варыянт у 2020 годзе быў магчымы».
Антон таксама звяртае ўвагу на чат-бот «Рух большасці», які быў запушчаны напрыканцы 2020 года. У яго ўваходзіць 20 тысяч чалавек.
«Гэта чат-бот, дзе кожны тыдзень беларусам, беларускам прыходзяць заданні, што вы можаце зрабіць. Яны зусім розныя, часам, гэта заблакаваць старонку нейкіх прапагандыстаў у сацыяльных сетках, у Instagram-е, напрыклад, нейкая петыцыя, збор грошаў па нашых кейсах, за каля гадзіну там збіраліся грошы, якія патрэбны. То бок гэта вялікая колькасць розных заданняў, якія рассылаюцца».
Далучайцеся да валанцёраў Офіса Святланы Ціханоўскай! Цяпер гэта можна зрабіць праз чат-бот: @AskOffice_Bot