Вялікая размова з policy-сакратаром Беларускага Нацыянальнага Моладзевага Савету «РАДА» Зміцерам Герыловічам
Што такое Беларускі Нацыянальны Моладзевы Савет «РАДА»?
«Мы з’яўляемся парасонавай структурай, то бок мы аб’ядноўваем не людзей, а іншыя арганізацыі і ініцыятывы: студэнцкія, экалагічныя моладзевыя ініцыятывы, культурніцкія, ЛГБТК+. У нас вельмі шмат розных арганізацый: зараз нас 33. Гэтыя арганізацыі збіраюцца разам як мінімум раз на год і абмяркоўваюць, што адбываецца, што мусіць «РАДА» рабіць – то бок пытанні стратэгічнага ўзроўню: абіраем кірункі сваёй дзейнасці, як мы ставімся да тых ці іншых падзей, што мусім згодна з гэтым зрабіць».
Зараз у Савеце «РАДА» 7 чалавек – у асноўным, гэта маладыя актыўныя беларускі. У «РАДА» ёсць выканаўчы орган – Сакратарыят, супрацоўнікам якога і з’яўляецца Зміцер Герыловіч.
«У Сакратарыяце нас зараз 8 чалавек – розныя кірункі, каардынацыя агульная: медыя, міжнародная дзейнасць, адукацыйная дзейнасць. Мая праца як policy-сакратара – гэта распрацоўка дакументаў і аналітыка дакументаў іншых арганізацый, да прыкладу, Офісу, з нагоды таго, наколькі ўдзел моладзі там прадугледжаны, наколькі гэта накіравана на моладзь».
Дзе ў дзяржаве месца моладзі?
«У сэрцы. Насамрэч, я думаю, што шмат хто сутыкаўся выразам: «моладзь – гэта будучыня краіны, нацыі і г.д».. Гэта ўсё лухта, моладзь – гэта рэчаіснасць, гэта сёння. Жыць адкладзеным жыццём, чакаць, што заўтра вы станеце дарослымі і будзеце разбірацца, – няма часу. Я думаю, што па падзеях, якія адбываліся і адбываюцца, усім заўважна, што моладзь вельмі актыўна ва ўсім удзельнічае. І вось у гэтым сэнсе прыкра нават чуць, што трэба чакаць чагосьці іншага. І вельмі крута, што гэтага мы не чуем ці чуем значна радзей ад дэмакратычных сілаў. То бок, гэта больш пазіцыя дзяржавы. Дэмакратычныя сілы больш актыўна заклікаюць моладзь, адкрываюцца для яе ўдзелу. Гэта тое, што і мусіць быць у нармальнай дэмакратычнай краіне, у нармальнай дэмакратычнай Беларусі, якую мы ўсе зараз хочам адбудаваць».
Моладзь – гэта рухавік і носьбіт зменаў, мяркуе Зміцер. Таму вельмі важна размаўляць з моладдзю і чуць яе.
«Моладзь – гэта 18–35 па ўзросце. Мы не прыхільнікі канцэпцыі, згодна з якой цяпер у Прэзідыуме Моладзевых саветаў Беларусі ўдзельнічаюць 60-гадовыя людзі, якія заўсёды кажуць, што «маладыя душой». І ў такім выпадку няма дарогі маладым. 18–35 для нас – гэта той узрост, які адпавядае панятку «моладзь», гэта адпавядае еўрапейскім стандартам. У міжнароднай сістэме (напрыклад, сістэме ААН) людзі да 18 гадоў лічацца падлеткамі ці дзецьмі».
У «РАДЗЕ» ёсць два фарматы працы: чалавек можа быць абраны ў Савет і там зможа пашыраць свой парадак дня, або працаваць у працоўных групах.
«Гэтыя працоўныя групы фармуюцца вельмі лёгка: патрэбныя проста дзве арганізацыі, якія кажуць, напрыклад: «Нам цікавае пытанне адукацыі на беларускай мове». Яны ствараюць працоўную групу і могуць рабіць любы дзьвіж у межах парадку дня і Статута «РАДА», але ніякіх абмежаванняў, ніякай цэнзуры там наогул няма. Па такіх канкрэтных пытаннях праца можа весціся шчыльна ўвесь год», – тлумачыць Зміцер.
У статуце «РАДА» апісаныя крытэры, хто можа там працаваць. Пасля 2020-га давялося гэтыя крытэры пашыраць праз палітычную сітуацыю ў Беларусі.
«Раней было так, што гэта абавязкова арганізацыі, якія зарэгістраваныя альбо дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, зараз шмат хто вымушаны з’ехаць, і вялікая колькасць маладых людзей стварае свае студэнцкія, дыяспаральныя арганізацыі па-за межамі краіны. Па-другое, гэта павінны быць беларусы/-кі, проста вымушаныя зараз з’ехаць з Беларусі. Вельмі часта яны нават працуюць на карысць і ўнутры Беларусі, але проста зарэгістраваныя па-за яе межамі».
Другі крытэр – 2/3 сяброў арганізацыі мусяць належаць да беларускай моладзі і 2/3 галасоў у выканаўчым органе таксама мусяць быць за беларусамі/-камі, тлумачыць Зміцер Герыловіч.
«То бок, калі гэта не проста беларусаў/-ак набралі, а арганізацыя ачольваецца нейкімі іншымі людзьмі – такое не будзе адпавядаць нашым крытэрам. Нам трэба, каб менавіта беларусы/-кі прымалі ўдзел у прыняцці рашэнняў гэтых арганізацый. У іншым – ніякіх абмежаванняў».
Ідэальная моладзевая супольнасць у Беларусі
«Мне хочацца бачыць моладзь без цэнзуры, адкрытай да рознага досведу. Канечне, трэба стаяць за свае каштоўнасці, але пры гэтым не быць супраць усяго іншага, паважаць, слухаць і чуць адно аднаго і не перашкаджаць іншым. Прасторы будзе дастаткова для нас усіх, каб рабіць карысныя справы адначасова. І яшчэ, гэта павінна быць галоўным кампанентам дзяржаўнай моладзевай палітыкі – стварыць умовы, каб моладзь развівалася і рабіла тое, што ёй цікава. Таму і супольнасць мусіць быць прагрэсіўная, развітая і адкрытая да новага досведу, да таго, каб быць ініцыятыўнай і ствараць штосьці новае. Я такую супольнасць бачу ў Беларусі».
Па дадзеных на студзень 2021 году, моладзі ва ўзросце ад 14 да 31 году ў Беларусі было 1 858 464 чалавек, кажа эксперт.
«То бок, нас як мінімум 20 адсоткаў ад насельніцтва краіны. З амаль двух мільёнаў чалавек таленавітым на 2021 год было выдаткавана 14 грантаў. Чатырнаццаць. Яшчэ 1783 чалавекі былі «поощрены» – то бок, гэта нават не грант, не стыпендыя, а проста аднаразовая выплата за нейкія дасягненні».
Навошта патрэбная моладзевая палітыка дзяржавы?
Зміцер звяртае ўвагу на дакументы з 11 парадамі Рады Еўропы для дзяржаў, як мусіць быць створана, на што асабліва звярнуць увагу ў распрацоўцы дзяржаўных моладзевых палітык. Першы пункт – нефармальная адукацыя.
«Гэта тое, чым займаюцца арганізацыі грамадзянскай супольнасці: студэнцкія, культурніцкія, экалагічныя арганізацыі. То бок, мы самі перадаем досвед, робім штосьці супольна. Нефармальная адукацыя не значыць, што вы атрымаеце дыплом бакалаўра ў экалогіі. Гэта значыць, што вы дакладна разам з сябрамі будзеце ведаць, як сартаваць смецце. Вы як мінімум для грамадства робіце важную справу. Гэта я паказваю самы базавы ўзровень нефармальнай адукацыі, а ён можа быць вельмі высокім».
Неабходная палітыка па стварэнні ўмоваў для адукацыі моладзі, людзі, якія ведаюць, як заахвоціць моладзь і прыцягнуць яе ўвагу да адукацыі. Для рэалізацыі такіх працэсаў неабходны бюджэт і адмысловая інфармацыйная палітыка. Таксама моладзь мусіць абавязкова ўдзельнічаць у даследаваннях, на базе якіх і складаюцца падобныя дакументы, перакананы Зміцер.
«Таксама ёсць абавязковае супольнае дзеянне ўсіх міністэрстваў. Гэта можа быць кансультацыйны орган пры нейкім міністэрстве. І яго задача – гэта камунікацыя паміж моладдзю і дзяржавай. То бок вы не думайце, да каго звярнуцца, бо ёсць гэты орган, там моладзь звычайная, альбо людзі, якія прайшлі адукацыю як камунікаваць з моладдзю, а не проста, як адпіскі пісаць. І вось вы ім кажаце, што ёсць такое пытанне, як з гэтым справіцца. І вам адказваюць праз пэўны час. Ці вас нават запрашаюць, каб вы разам паразмаўлялі і знайшлі, якія крокі трэба зрабіць, каб выправіць гэтую сітуацыю».
Беларуская ўлада робіць акцэнт на патрыятычным выхаванні моладзі, з дапамогай хлусні і падмены гістарычных фактаў. Як з гэтым змагацца?
«Я думаю, што наогул усё, што робім мы, дэмакратычныя сілы, неабыякавыя актывісты ў Беларусі, па-за межамі Беларусі – мы ствараем альтэрнатыву. Гэта галоўнае. Улада Лукашэнкі стварае выгляд маналітнага блоку, але гэта не так. У гэтым маналітным блоку шмат дзірак і вось пра гэтыя дзіркі трэба казаць. Як можна казаць пра тое, што Беларусь і Расія найлепшыя сябры, калі ў нас такая гісторыя войнаў паміж краінамі? Трэба пра ўсё гэта казаць».
Таму неабходна, каб грамадская супольнасць стварала альтэрнатыву, казала што ёсць іншыя прыклады.
«Ну і мы жывем у сучасным свеце, інфармацыя дасяжная па ўсёй планеце. Галоўнае цікавіцца. Трэба ствараць праграмы, нават адукацыйныя, каб вось гэту альтэрнатыву даваць. Канешне, вельмі шмат працы было ў Беларусі да 20-га году, гэта я кажу ў першыя чаргу пра культурніцкую, гістарычную спадчыну і гэтак далей. Гэта трэба працягваць. Трэба рабіць больш выставаў, заахвочваць людзей удзельнічаць, даследаванні праводзіць. Гэтага ніколі не будзе дастаткова, мне падаецца».
«РАДА» – адна з першых у свеце арганізацый, якая зрабіла альтэрнатыўную справаздачу ў ААН па стане правоў моладзі ў краіне.
«Гэта было ў 2019 годзе. Гэта так званы ўніверсальны перыядычны агляд, кожная краіна яго праходзіць праз кожныя чатыры з паловай гады. І вось Беларусь у той момант справаздачылася. Ёсць афіцыйная справаздача ад дзяржавы, а арганізацыі грамадскай супольнасці робяць сваю альтэрнатыўную справаздачу, каб паказаць, што насамрэч адбываецца. І мы па моладзі рабілі такую справаздачу, збіралі інфармацыю праз актывістаў/актывістак, праз нашыя сяброўскія арганізацыі».
«РАДА» робіць шмат розных адукацыйных праграм, розных кірункаў і кампетэнцый для моладзі.
«То бок людзі, якія хочуць, напрыклад, падмацаваць свае навыкі лідэрскія, навучыцца размаўляць перад камерай, даваць інтэрв'ю, складаць сваю прамову, рэзюмэ і іншае».
Таксама «РАДА» працуе з моладдзю, якая ўжо ўяўляе сабой нейкую суполку.
«Напрыклад, вас 3-4 чалавекі і вы робіце штосьці разам. Вы разумееце, што вам не хапае нейкіх навыкаў арганізацыйнага мэнэджмэнту, дзе і як знайсці данат і іншае. Мы робім адмысловыя трэнінгавыя курсы, адукацыйныя семінары на гэтыя тэмы. І трэцяе – гэта адукацыя для будучых трэнераў. То бок мы робім курсы, як стаць трэнерам нефармальнай адукацыі».
У Беларусі дагэтуль няма закону аб нефармальнай адукацыі, але ў моладзевай палітыцы ўжо з’явіўся гэты пункт.
«Канешне зараз быццам мы можам паказаць гэтыя рэкамендацыі, якія мы дасылалі ў Мінадукацыю ў пэўны час, 35 старонак. Пасля 20-га году, канечне, увесь гэты дакумент быў перапісаны, з’явілася патрыятычнае выхаванне і іншыя рэчы. І амаль усё, што мы рэкамендавалі, сюды не патрапіла, асабліва ў частцы, якая тычыцца моладзевых грамадскіх аб’яднанняў і ўдзелу моладзі ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Зразумела, па якіх прычынах».
«РАДА» таксама ўваходзіць у еўрапейскую сетку моладзевых надсаветаў.
«Цягам апошніх трох з паловай гадоў мы прасунулі там 3 рэзалюцыі, якія тычыліся Беларусі. Апошняя была летась супраць вось гэтай падвоенай дыскрымінацыі, якая была звязана з тым, што дзяржава выступіла на баку агрэсара ў канфлікце ва Украіне. Гэта вельмі моцна адбілася на людзях, якія ўжо з’ехалі з Беларусі, як ахвяры рэжыму Лукашэнкі, якія з’ехалі ва Украіну ці ў іншыя краіны. Да іх было не заўсёды добрае стаўленне і таму мы прасоўвалі гэтую рэзалюцыю, каб падняць гэтае пытанне ў Еўропе».
Як можна далучыцца да БНМС «РАДА»?
«Хачу звярнуцца да прадстаўнікоў палітычнага рэжыму. Мы паўсюль. Вам не схавацца ад нас. Таму што моладзь паўсюль. Нас 20 адсоткаў. Мы ў Беларусі і мы назіраем. А што тычыцца нас, то зараз частка арганізацый застаецца ў Беларусі, частка з’ехала з краіны і жыве дзесьці ў Еўропе. І мы займаемся тым, каб наладзіць гэты мост, каб камунікацыя не перарывалася, каб усё ж такі супольнасць была цэласнай, каб у моладзі была магчымасць абменьвацца досведам, меркаваннямі, інфармацыяй».
Праз пытанне бяспекі «РАДА» не можа публічна агучваць колькасць чальцоў у Беларусі.
«Але калі вы беларуская моладзевая арганізацыя, вы можаце далучыцца да «РАДА». У нас на сайце вы можаце знайсці раздзел «як далучыцца да РАДА» у меню. Таксама можаце напісаць нам наўпрост у сацсетках».
Якія перспектывы і будучыня ў беларускай моладзі? Як моладзь будзе ўдзельнічаць у дзяржаўных пытаннях?
Зміцер Герыловіч мяркуе, што ў школьнай праграме мусяць абавязкова быць раздзелы: што такое выбары, як адбываецца выбарчы працэс, як ствараць свае арганізацыі па самакіраванні, як у іх удзельнічаць у школе, ва ўніверсітэце, у тэхнікуме, на працы, як даносіць сваё меркаванне.
«Гэтую ролю могуць таксама адыгрываць і арганізацыі грамадскай супольнасці. Але мы можам навучыць тэорыі або дзяржава можа стварыць умовы, каб людзі сустракаліся, абмяркоўвалі свае думкі, меркаванні, але носьбітамі гэтых меркаванняў і думак, ініцыятарамі ўсё роўна мусіць быць моладзь. Ну то бок мы самі. Немагчыма навучыць і прыдумаць усе гэтыя крэатыўныя фарматы. Гэта мусіць ісці ад людзей. Трэба проста ствараць не рэпрэсіўныя ўмовы, калі любая ініцыятыва прыводзіць да таго, што ты больш губляеш, чым набываеш. А наадварот».
Неабходна стварыць умовы, каб моладзі было цікава ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных пытанняў.
«Таму я думаю, што моладзь па-першае мусіць атрымаць адукацыю, прайсці гэты этап удзелу ўжо на ўзроўні школы, ва ўніверсітэтах ці іншых адукацыйных інстытуцыях. І пасля ўжо рэалізоўваць гэта ўсё на практыцы ў грамадскім жыцці, палітычным – ісці на выбары, ведаць, што твой голас мае вагу».
Ці будзе ў новай Беларусі месца Беларускаму дзяржаўнаму саюзу моладзі?
«Калі БДСМ адключыць ад апарату штучнага дыхання, у выглядзе манаполіі на дзяржаўнае фінансаванне, то ці змогуць яны атрымаць такую ж колькасць сяброў, якая ў іх ёсць? Ці наогул быць цікавымі хаця б якой суполцы ў Беларусі. Калі яны на дэмакратычных прынцыпах змогуць пабудаваць працу – калі ласачка. Ну працуйце і далей. Але паразітаваць на дзяржаўным бюджэце і казаць: «Паглядзіце, мы самая моцная арганізацыя ў Еўропе». Так, па колькасці яны і ёсць адна з самых буйных арганізацый у Еўропе, але мы ведаем як гэта адбываецца – гэта проста як бы прыгоннае права».
Якія мерапрыемствы «РАДА» будзе праводзіць бліжэйшым часам?
«Ёсць наша флагманская праграма «Акадэмія Першых», якая дае навыкі, што спатрэбяцца пры кіраванні суполкамі і арганізацыямі. Таксама ёсць розныя курсы тэматычныя: як зрабіць сваю справу інклюзіўнай, як зрабіць адкрытымі для розных, дзе шукаць фінансаванне на сваю дзейнасць. Такія курсы ў нас звычайна з’яўляюцца вельмі часта, таму проста падпішыцеся на нас у сацсетках».
Праграма «Акадэмія Першых» складаецца з асобных курсаў на розныя тэмы. У траўні запусціцца курс «як планаваць дзейнасць ва ўмовах крызісу».
- Віды планавання: доўга / кароткатэрміновае, results-based management, сцэнара планавання;
- Планаванне ва ўмовах крызісу. Рэагаванне на змены знешняй сітуацыі і змяненне плана;
- Як спраўляцца ў нестабільных абставінах асабіста і арганізацыі?
- Як зрабіць сваю дзейнасць інклюзіўнай;
- Як ствараць праекты і кіраваць імі;
- Дзе шукаць фінансаванне на дзейнасць;
Бліжэйшым часам «РАДА» запусціць трэнерскую школу, дзе будзе вучыць маладых актывістаў і актывістак праводзіць трэнінгі. Навучанне практыка-арыентаваные, эксперты дапамогуць кожнаму і кожнай правесці сваё мерапрыемства.
«РАДА» звычайна праводзіць свае адукацыйныя фарматы ў змяшаным фармаце – онлайн і офлайн.
«То бок людзям у Беларусі не абавязкова ездзіць за мяжу, але ў нашых, асабліва такіх доўгатэрміновых праграмах, ёсць офлайнавыя блокі, на якія прыязджаюць людзі. Не заўсёды, але вельмі часта мы намагаемся каб гэта было, бо гэта ўсё ж такі дазваляе людзям пабачыць адно аднаго і задаць усе пытанні да трэнераў. Але нават калі не будзе атрымлівацца прыехаць па нейкіх прычынах, гэта канешне таксама магчыма».
Больш інфармацыі глядзіце на сайце «РАДА» і ў сацыяльных сетках.
Канал «Твои возможности» з адукацыйнымі магчымасцямі:
https://www.instagram.com/rada.fm/
Сайт:
https://rada.fm/2023/03/13/youth-policy/
Далучайцеся да валанцёраў Офіса Святланы Ціханоўскай! Цяпер гэта можна зрабіць праз чат-бот: @AskOffice_Bot