Вялікая размова з Франакам Вячоркам – дарадцам Святланы Ціханоўскай
Размова з Франакам Вячоркам распачалася з абмеркавання Другой Канферэнцыі беларусаў свету, якая нядаўна прайшла ў Вільні.
«Яна прайшла нашмат лепш, чым я чакаў. Было шмат новых людзей, якіх я раней не бачыў, але былі і новыя ініцыятывы, асабліва шмат з Польшчы, шмат віленскіх арганізацыяў было, некалькі чалавек прыехала з Вялікабрытаніі, з ЗША. Мы вырашылі сканцэнтравацца на тых праблемах, якія людзі пазначалі ў сваіх анкетах, і атрымалася так, што ў першай частцы канферэнцыі мы абмяркоўвалі палітыку, там усе, безумоўна, спрачаліся, сварыліся, што людзі і любяць рабіць: пра Каардынацыйную Раду, пра Кабінет, пра тое, што рашэнні павольна прымаюцца», – апавядае Франак Вячорка.
Дарадца кажа, што другі дзень канферэнцыі быў практычны, удзельнікі абмяркоўвалі, як падняць пытанне палітвязняў, як іх вызваліць, як прасоўваць беларускую культуру і мову.
«Кожная група падрыхтавала практычныя прапановы, дамовіліся 21 траўня аб’явіць Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі, арганізоўваць пераклады кіно на беларускую мову, зноў гаварылі пра Netflix, каб там з’явіліся беларускія субтытры (дарэчы, зараз ідзе збор подпісаў). Казалі і пра правядзенне беларускіх святаў. Галоўная задача, каб усе не раз’ехаліся і не пазабываліся, што там паабяцалі, каб працягвалі працаваць у такім жа канструктыўным настроі, наколькі гэта магчыма».
Франак звяртае ўвагу, што ў панэлі пра палітвязняў удзельнічала Святлана Ціханоўская, для яе гэта было важна.
«Гаварылі, як фандрайзінг павялічыць, як рэабілітацыю арганізаваць, аказваецца, ужо ёсць чатыры краіны, якія прымаюць рэпрэсаваных дзетак альбо сваякоў палітвязняў, а некаторыя ўжо гатовы прымаць і вызваленых палітвязняў. Больш за 300 чалавек ужо выйшлі, якія адсядзелі свае тэрміны. Было добра, што нарэшце ўсе ініцыятывы сабраліся і сінхранізаваліся між сабой. Вялікую працу робіць Юлія Юхно-Тарасевіч у Італіі, напрыклад, СДЖ, возіць у іншую краіну сем’і рэпрэсаваных. То бок праца ўжо ідзе, праблема толькі, што гэтага мала, бо мы арганізавалі дапамогу, умоўна, для 50-100 сем'яў палітвязняў, а іх мінімум 1500 чалавек, афіцыйна прызнаных «Вясной», а ў рэальнасці да 5000».
«Менавіта жанчыны паказалі сябе добрымі мэнэджэркамі ў беларускім грамадскім сектары»
Падчас размовы было зададзенае пытанне, як жанчыны могуць павялічыць прысутнасць іншых жанчын у палітыцы. Вось як на гэта адказаў дарадца:
«Я думаю, што трэба далучацца да ініцыятываў, да арганізацый, якія ёсць. Ёсць Народныя пасольствы ў 21 краіне, большасць сябраў там – жанчыны. У нашай камандзе таксама, мне падаецца, большасць працуе жанчын. Калі ўзяць Каардынацыйную Раду – таксама большасць жанчын. Я думаю, што мы ўжо, пасля 20-га году пераламілі гэты стэрэатып і як мінімум палова ў грамадска-палітычных структурах і НДА – жанчыны. Я думаю, праўду кажуць, што беларуская рэвалюцыя 2020 году была жаночая, менавіта жанчыны паказалі сябе добрымі мэнэджэркамі ў беларускім грамадскім сектары».
Таксама Франак заўважае, што варта ствараць свае ініцыятывы і далучацца да іншых.
«Будуць нейкія курсы, трэнінгі – падавайцеся, удзельнічайце, павышайце свае навыкі. Мы зараз збіраем магчымасці адукацыйныя для беларусаў за мяжой. Калі вы ў Беларусі і ёсць магчымасць выязджаць, то выязджайце, калі няма – трэба пачакаць трошкі, можна онлайн удзельнічаць. Галоўнае – не саступайце і не пасуйце перад мужчынамі. Гэта пункт нумар адзін!»
«Пакуль Лукашэнка будзе паводзіць сябе як вар’ят і выслужвацца Пуціну, у нас заўжды будуць праблемы з рэпутацыяй»
Дарадца прыгадвае апошнія міжнародныя візіты Святланы Ціханоўскай. Адной з апошніх паездак быў Берлін, дзе дэмакратычную лідарку запрасілі выступаць з прамовай свабоды.
«Гэта прамова ў гонар Кэнэдзі, які выступаў з прамовамі свабоды і пра свабоду. І ў Святланы было трыццаць хвілінаў, каб расказаць, што такое свабода для Беларусі. Яна вельмі цікава распавядала пра сваё дзяцінства, тыя рэчы, якія яна не казала нават у нейкіх беларускіх інтэрв'ю: як яна расла, як Чарнобыльская катастрофа паўздзейнічала, а потым яна трапіла ў Чарнобыльскую праграму абмену ў Ірландыю; пра тое, што зусім не цікавілася палітыкай, і гэта быў такі збег абставінаў, што яе зацягнула туды. Аўдыторыя восем разоў перарывала яе апладысментамі, я бачыў, плакалі, асабліва, калі яна распавядала пра сваіх дзяцей».
Дарадца кажа, што тады зразумеў, што каб пераканаць замежнікаў, перацягнуць на свой бок, варта падыходзіць з асабістага. Прамова Святланы Ціханоўскай была галоўнай мэтай візіту, але апроч гэтага, лідарка сустрэлася з міністрам фінансаў Крысціанам Лінднэрам.
«Казалі пра тое, каб беларускую службу Deutsche Welle павялічыць. Таксама гаварылі з дэпутатамі Бундэстагу, там ёсць некалькі чалавек, якія такія проста зацятыя, прабеларускія, адзін кажа: «Я ўжо 25 гадоў працую с Беларуссю і беларускімі палітыкамі і такога, як цяпер вы робіце, ніколі не было». І цікава, што задаюць такія пытанні: «Чаму вы не аб’яднаецеся?» Я раней думаў, што гэта нейкая праблема, але потым быў зроблены Аб’яднаны Кабінет і зноў задавалі гэтае пытанне. Я зразумеў, што яно ставіцца па змаўчанні».
Дарадца дадае, што палітыкі выказваюць павагу, што дэмакратычным сілам удалося адваяваць гонар беларусаў у першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
«Нават нямецкія палітыкі кажуць: «У першыя тры месяцы беларусы і расейцы былі для нас адным і тым жа – агрэсары, акупанты. Усё, што зроблена, было перакрэслена, але, дзякуючы вашай міжнароднай працы, гэта стаўленне памянялася. Таксама расейскія апазіцыянеры кажуць, што вельмі зайздросцяць, што ў беларусаў ёсць нехта, хто прадстаўляе іх у свеце, бо ў іх няма. У расейцаў, нават самых актыўных (Каспараў, група Навальнага), няма сустрэчаў высока палітычных, іх адразу пад усе баны заганяюць, а паколькі ў нас ёсць голас, нас слухаюць. Я думаю мы самі павінны гэта разумець, выкарыстоўваць і цаніць, што ў нас ёсць такое адрозненне».
Таксама падчас візіту стварылі «Групу сяброў Беларусі», сустрэліся з дарадцам канцлера Шольца.
«Вельмі цікавы чалавек, раней казалі, што ён нібыта прарасейскі, ці то асцярожны да Расеі. Але тое, што ён гаварыў, было вельмі рашуча. Здаецца, мы яго пераканалі, што Беларусь – таксама важная і павінна быць часткаю гэтай стратэгіі па дапамозе Украіне. Папрасілі таксама перадаць добраахвотнікам ва Украіне транспарт. Летась разам з Міністэрствам замежных справаў Офіс Святланы Ціханоўскай перадаваў ваенны шпіталь медыкам ва Украіне, а зараз мы працуем над тым, каб перадаць пяць аўтамабіляў добраахвотнікам».
Франак Вячорка звяртае ўвагу і на сустрэчы ў сейме Літвы.
«Нам трэба зразумець, што ніхто акрамя нас, пра саміх сябе не задбае, і калі мы думаем, што там усе ўсё разумеюць – гэта не так. Усе, хто працуе па Ўсходняй Еўропе, рэагуюць, калі ёсць нейкія падзеі. А падзеяў у Беларусі зараз не так шмат, акрамя заяваў Лукашэнкі чарговых, вар’яцкіх, ім няма на што рэагаваць. Проста па інерцыі многія палітыкі прымаюць рашэнні, каб абмежаваць нешта, больш не ўводзіць візы, спыніць падтрымку, і мы павінны хутка прыходзіць і хутка папраўляць, што зроблена».
Дарадца адзначае, што зараз палітыка робіцца вельмі хутка, рэакцыйна.
«Яна з пластыліну злепленая палітыка: вось так мы дзейнічаем па Беларусі і гэта робіцца спантанна, нам ніхто не казаў, што гэты закон рыхтуецца пра абмежаванні супраць беларусаў. Ён быў прыняты, мы даведаліся з медыяў, хутка прыйшлі да палітыкаў пытацца, як жа так атрымалася? Яны кажуць: «Ну, так атрымалася». І зараз усё робіцца вельмі хутка, розныя перамовы, сустрэчы з міністрамі, з дэпутатамі, каб усё карэктавалася».
Потым было змаганне за грамадскую думку ў Літве, кажа дарадца.
«Трэба было выходзіць у інтэрвʼю, расказваць, што беларусы робяць, як дапамагаюць Украіне. Мы бачым, што нават больш прагаласавала ў другім галасаванні за нашую версію закона, чым у першы раз. То бок мы і адваявалі сваю пазіцыю, атрымалі больш прыхільнікаў, але я ведаю, што праз некалькі месяцаў зноў дзе-небудзь узарвецца, зноў недзе будзе пажар, таму нам рана расслабляцца. Пакуль Лукашэнка будзе паводзіць сябе як вар’ят і выслужвацца Пуціну, у нас заўжды будуць праблемы з рэпутацыяй. Праз гэты сіні пашпарт мы ўсе з вамі будзем цярпець. І трэба быць гатовым адваёўваць свае інтарэсы і свой гонар».
«Увага да нас не прапала, проста яна зараз ідзе праз прызму падзеяў ва Украіне»
Ці ёсць прагрэс ва ўзаемадзеянні з Офісам Зяленскага? Ці разглядаецца публічная сустрэча з прэзідэнтам Украіны з лідаркай дэмакратычных сілаў Беларусі пасля візіту Пушыліна ў Мінск?
«Думаю, што наіўнасці да Лукашэнкі там стала менш, але я таксама зразумеў, што ва Украіне вельмі розныя палітыкі. Нават у Вярхоўнай Радзе дэпутаты адной фракцыі могуць мець супрацьлеглае стаўленне да Ціханоўскай ці да дэмакратычных сілаў Беларусі. Таму таксама трэба вельмі цярпліва, акуратна рэагаваць на нейкія заявы. Бывае так, што два розныя дарадцы Зяленскага дадуць два розныя інтэрв’ю і раскажуць абсалютна розныя карціны. Украінцы, дарэчы прыдумалі выраз «здрада чи перемога» – значыць з крайнасці ў крайнасць. Усё, што адбываецца зараз, гэта пэўна здрада ці перамога, і ніхто не можа зразумець, што гэта насамрэч».
Рэпутацыя Беларусі перад Украінай яшчэ выправіцца, мяркуе Франак.
«Я ўпэўнены, што будзе сустрэча з Зяленскім, да гэтага дойдзе. Але ў Святланы такая пазіцыя, што мы не павінны напрошвацца. Ніводзін раз, куды б Святлана не прыязджала, мы нідзе не напрошваліся, гэта заўжды была воля, жаданне той краіны, каторая прымае. І Вашынгтон, і Брусэль, і Лондан, і Парыж – то было іх запрашэнне. Я думаю, што так і з Украінай будзе. Калі яны будуць гатовыя, тады будзе гэтая сустрэча. Але, як кажа Святлана, мы ўсё роўна будзем падтрымліваць Украіну незалежна ад таго, якія ў нас адносіны з Адміністрацыяй Зяленскага».
Як сітуацыя ва Украіне ўплывае на беларускае пытанне?
«Вельмі моцна. Каб нехта табе дапамагаў, трэба каб ты быў у цэнтры ўвагі, але зараз уся ўвага на Украіну, на контрнаступ, на дапамогу, на зброю, і ва ўсіх гэтых дыскусіях там месца для Беларусі вельмі мала. Але вось цікавая асаблівасць: да 2022 года мы былі ў фокусе, у прыярытэце. Але гэта было сярод тых, хто зацікаўлены: сярод асноўных вялікіх краінаў. Зараз мы не ў фокусе, але мы сталі часткаю больш шырокай дыскусіі, у якую ўцягнуты ўвесь свет. То бок увага да нас не прапала, проста яна зараз ідзе праз прызму падзеяў ва Украіне».
Дарадца дадае, што добраахвотнікі, партызаны, кіберпартызаны, любыя акцыі ў падтрымку Украіны і іншае дапамагаюць скарэктаваць гэтую прызму.
«Але не ўсё атрымліваецца. Мы бачым, што многія рашэнні, якія мы спадзяваліся ў мінулым годзе правесці, дагэтуль не прынятыя. Але я думаю, што сёлета ў нас будзе рашэнне ў Міжнароднай арганізацыі працы па Беларусі, падчас Генасамблеі ААН мы паднімем пытанне па Беларусі, таксама Вялікая Сямёрка прыняла рэзалюцыю па ядравай зброі. Тэма ядравай зброі вельмі моцна трыгерыць, чапляе амаль усіх, і на ёй трэба будаваць мэсэджы. Калі мы хочам каб пра нас гаварылі, нам трэба ў гэтую міжнародную павестку ўкліньвацца і быць часткаю дыскусіі».
Дарадца адзначае, каб паказаць, што беларусы супраць расейскай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі і супраць ядравай зброі, вельмі дапамагаюць сацыяльныя апытанні.
«Адзіны мінус, што апытваюцца толькі людзі, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі, там не ўлічаны яшчэ сотні тысяч людзей, якія выехалі. Але гэтыя апытанні дапамагаюць зразумець, што беларусы не падтрымліваюць рэжым».
Франак адзначае, што дапамагаюць і розныя крэатыўныя акцыі, якія праводзяць беларусы.
«Перад рэферэндумам летась людзі дасылалі чыноўнікам ці школам інструкцыі, што ім трэба сфоткацца з двума крыжыкамі. І яны гэта рабілі паслухмяна! Я расказваю вось пра такія рэчы замежнікам, яны гавораць: «О, гэта вельмі класна!» Гэта паказвае, як ва ўмовах таталітарнага кіравання можна знаходзіць прастору для дзеяння. Альбо таксама цікавая гісторыя пра Павука Андрэя, які звоніць розным чыноўнікам. Мы дамовіліся з ім, дарэчы, зрабіць такі званок камусьці ў бліжэйшы час разам».
Ад такога крэатыву вельмі шмат што залежыць, падкрэслівае Франак.
«Ад нашага крэатыву будзе залежыць, ці здолеем мы ставіць рэжым у нязручнае становішча, каб ён у пэўны момант барахліў, даваў збой, каб мы паказвалі дзіркі ў гэтай машыне, бо яна хоча выглядаць такой непарушнай і скансалідаванай. Але мы ведаем, што яна дзіравая і трэба гэтыя дзіркі выяўляць».
«Чым больш пра цябе пішуць, тым больш мы цябе ізалюем»
Франак Вячорка кажа, што апошнія пару месяцаў улады праводзяць новую тактыку ў дачыненні да палітвязняў – не проста ізалююць ці пазбаўляюць карэспандэнцыі, а кідаюць у ШЫЗА ўсіх, пра каго пішуць сусветныя медыя.
«Яны такім чынам хочуць паказаць: «Чым больш пра цябе пішуць, тым больш мы цябе ізалюем». За кожную публікацыю, кожнае інтэрв’ю, кожную згадку – яны «дакідваюць» і караюць цябе больш. Яны пераконваюць сваякоў, каб не дабіваліся прызнання палітвязнямі. Зараз 1500 чалавек афіцыйна прызнаныя палітвязнямі, да 5000 чалавек не прызнаныя, таму што кажуць: «Будуць прызнаныя палітвязнямі – будуць у ШЫЗА». Тут выбар кожнай сям’і, але ёсць праблема: калі цябе не прызнаюць палітвязнем, а потым пойдзе размова аб вызваленні палітвязняў ці перамовы па палітвязням, то ці будуць гэтыя людзі ў спісе на вызваленне?»
Дарадца дадае, што сітуацыя з Віктарам Бабарыкам дала магчымасць прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў, умоваў у турмах і новай тактыкі фізічнага знішчэння людзей у зняволенні.
«Будзем спадзявацца, каб усё з ім вырашылася, каб ён ачуняў, каб быў вызвалены. Будзем працаваць на гэта. Але вы таксама са свайго боку падымайце гэтае пытанне. Калі вы валодаеце ангельскай ці замежнымі мовамі, заводзьце свае Twitter, LinkedIn, сайты, Youtube, рабіце больш кантэнту для міжнароднай супольнасці пра Беларусь».
Падчас сустрэчы з Франакам Вячоркам прагучала думка, што ў Каардынацыйнай Радзе цяпер няма каму прадстаўляць палітвязняў.
«Там ёсць і тыя, хто ўжо сядзелі, і сваякі палітвязняў, жонкі, ёсць Таццяна Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай, якая вельмі актыўна па розных міжнародных пляцоўках ездзіць, выступае за вызваленне палітвязняў. Дыскусія ідзе акурат зараз па тым, якім чынам вызваляць палітвязняў, ці нам трэба казаць: «Захад, рабіце саступкі, змякчайце санкцыі, здымайце ціск з Лукашэнкі і тады ён пачне вызваляць палітвязняў». А другая стратэгія Кабанава ўмоўнага, які кажа: «Не, не змякчаць, а трэба павялічваць ціск, максімальныя санкцыі, і тады рэжым пачне вызваляць палітвязняў». І вось вакол гэтых двух напрамкаў вядуцца дыскусіі».
Калі пачнуцца перамовы з рэжымам Лукашэнкі?
«Нядаўна я слухаў эфір эксперта Фінскага цэнтру, які сказаў, што ў цяперашняй сітуацыі пасля ўсяго трэшу, які адбыўся, пытанне пра вызваленне палітвязняў трэба ставіць толькі ва ўльтыматыўнай форме. Бо зараз гаварыць, маўляў, давайце тут гандляваць палітвязнямі – гэта і амаральна, і бессэнсоўна, бо рэжым будзе набіраць па інэрцыі адразу новых палітвязняўі».
Франак мяркуе, што ў пытанні палітвязняў, дэмакратычныя сілы мусяць займаць прынцыповую пазіцыю.
«Няма такога сцэнару, што здымуць нейкія санкцыі, вызваляць трыста-чатырыста чалавек. Калі вызваляць, то вызваляць усіх. Іначай гэта яшчэ больш зацягне працэс. А вось перамовы трэба ставіць на тэму транзіту, пераходу, пераходнай справядлівасці ў тым ліку, якія гарантыі бяспекі магчыма там будуць для нейкіх людзей рэжыму. Вось для гэтага трэба весці перамовы».
Але да такіх перамоваў рэжым зараз не гатовы, лічыць дарадца.
«Нам нават замежныя партнёры, дыпламаты кажуць: «Так глуха наконт перамоваў, дыялогу, як цяпер, не было ніколі». То бок настолькі яны там забілі, закалацілі свае дзверы яшчэ дошкамі і прыставілі дзве канапы, каб гэтыя дзверы не адкрыліся, што зараз няма рэальных падставаў на перамовы. Але гэта не значыць, што сітуацыя не памяняецца заўтра».
«Мы не можам сінхранізавацца поўнасцю па палітыцы, але мы можам рабіць супольныя івэнты культурна-асветнага характару»
Падчас размовы прагучала думка, што ў беларусаў за межамі краіны і ўнутры губляецца сувязь, яны жывуць у розных рэаліях.
«Гэта адбывалася ў кожнага народу, які праходзіў праз падобныя рэчы. Усе, хто перажылі савецкую акупацыю, былі вымушаны выехаць за мяжу, усе, хто былі раздзеленыя. Нават у Беларусі ўжо быў такі перыяд, калі была Заходняя і Усходняя Беларусь, гэта было менш чым сто гадоў таму. Гэтая Усходняя Беларусь вельмі хутка дэградавала ў таталітарызм, і сувязі не было, і было вялікае неразуменне, нават сярод інтэлігенцыі, адукаваных людзей, што адбываецца на Усходзе. А тыя, хто на Усходзе, не разумелі, што там робяць гэтыя «заходнікі»».
Разрыў заўжды быў, і трэба шукаць тое, што аб’ядноўвае – найперш гэта культурна-асветніцкія рэчы, мяркуе Франак.
«Мы не можам сінхранізавацца поўнасцю па палітыцы, бо магчымасці ўнутры краіны і звонку вельмі розныя, але мы можам рабіць супольныя івэнты, кампаніі культурна-асветнага характару, онлайн гульні, нешта ў сацыяльных сетках супольнае, тое, што можа аб’ядноўваць тых, хто ўнутры краіны і за мяжой. Але мы заўжды будзем разыходзіцца ў палітычнай павестцы, бо жыццё цяпер пад калпаком у Беларусі ў вялікай ступені, і жыццё ў свабоднай Польшчы і Літве рознае. Мы бачым праблему нават на канферэнцыі дыяспараў і іншых івэнтах: калі людзі прыязджалі з Беларусі, яны зусім пра іншае думаюць, ім менш баліць, чым тым, хто ўжо там год-два жывуць за мяжой. Але будзем старацца, будзем думаць, як сшываць гэтыя дзве рэальнасці».
«Было б добра паглядзець, што працуе ў нашых суседзяў, і гэтыя сістэмы рыхтаваць да пераносу ў Беларусь»
Нягледзячы на парадак дня, які прасоўвае беларуская і расейская прапаганда, можна ўжо цяпер паказваць кантраст, як можа быць і як ёсць у лукашэнкаўскай Беларусі. Гэтым займаюцца незалежныя медыя, кажа дарадца.
«Трэба браць карысныя практыкі. Нам было б добра паглядзець, што працуе ў нашых суседзяў, і гэтыя сістэмы рыхтаваць да пераносу ў Беларусь. Нам не трэба будзе ўсё рабіць з нуля, вынаходзіць сваё. Напрыклад ва Украіне ёсць сістэма ДІЯ – там можна атрымаць сэрвісы, зарэгістраваць шлюб, на ковід падаць заяўку ці ў каранцін сысці. Зараз такой платформай магла б стаць «Новая Беларусь», якую будуюць нашыя праграмісты, туды можна ўбудоўваць адзін за адным кампаненты электроннай дзяржавы, якія ўжо ёсць у еўрапейскіх краінах».
Таксама трэба дамаўляцца з вялікімі бізнесамі, мяркуе Франак Вячорка.
«У нас была нядаўна паездка ў Вашынгтон і мы думалі заехаць у цэнтральны офіс штаб-кватэры кампаніі Mars (шакаладкі, якія ўсе ведаюць) і задаць ім пытанне, якім чынам яны бачаць сваю працу ў новай Беларусі, якім чынам мы можам развіваць супрацу. Можа быць яны дадуць абяцанне пабудаваць у новай Беларусі завод, фабрыку, вытворчасць. Няхай Facebook адкрые офіс у Менску, пад Менскам дзе-небудзь. Таму зараз трэба захаваць кантакты, каб хутка потым правесці рэформы, скарыстацца ўжо напрацаваным досведам, каб самім не набіваць гузакі».
Франак заўважае, што за мяжой ужо шмат робіцца для развіцця бізнесу беларусаў, дапамогі.
«Калі ўзяць тую самую Польшчу, ёсць вельмі шмат арганізацый, якія дапамагаюць менавіта з кансалтынгам, з адкрыццём бізнесу, ёсць АВВА – Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой, якія кансультуюць і могуць дапамагчы з адкрыццём рахунку. Ёсць банкі, якія даюць мікрапазыкі і сярэднія пазыкі для бізнесу беларускага, ужо ёсць нейкія алгарытмы, якім чынам гэта ўсё рабіць. Бізнес-інкубатары ёсць і ў Літве, і ў Варшаве адкрываецца. Ёсць Імагуру – цэнтр, які кучу з гэтых ініцыятываў і ідэяў рэалізоўвае».
Дарадца кажа, цяпер праблема ў тым, што не хапае інфармацыі пра тое, што ўжо робіцца.
«Зрабіць адно вакно для ўсяго на свеце ў нас пакуль не атрымаецца, няма сваёй дзяржавы і адзінага механізму. Але ёсць шмат ініцыятываў і нам у такім фармаце трэба навучыцца працаваць».
«Акрамя нас саміх, пра нас ніхто не паклапоціцца»
Франак Вячорка адзначае, што цяпер шмат чаго залежыць ад міжнароднай супольнасці і ад геапалітычнай сітуацыі, і ад вынікаў вайны ва Украіне.
«Упэўнены, што Украіна пераможа. Але потым, калі будзе рашэнне па Беларусі, будзе ўсё залежыць, што мы рабілі ўвесь гэты час. І таму ад нас залежыць далёка не менш. Калі сітуацыя складзецца так, што Украіна перамагае, уся глабальная дыскусія пра лёс Беларусі – а Беларусь задушаная, знішчаная, зрусіфікаваная з ядравымі ракетамі Расеі – то для міжнароднай супольнасці не будзе матывацыі змагацца за Беларусь. І вось каб у нас быў шанец, быў свой голас, нам трэба ўмацоўваць сваю легітымнасць, трэба каб Святлана Ціханоўская рабіла сваю працу на міжнароднай арэне, каб беларускія добраахвотнікі працягвалі паказваць, што яны – не рэжым і стаяць па баку Украіны. Усе беларусы гэта разам робяць».
Спадзявацца на тое, што нехта за нас усё вырашыць, не варта, падкрэслівае дарадца.
«Спадзявацца на нейкіх разумных людзей звонку, а тым больш з Расеі, дакладна не варта – яны думаюць найперш пра свае інтарэсы. Нам трэба спадзявацца на сябе. І вось падчас гэтых двух гадоў міжнароднай працы я зразумеў, што акрамя нас саміх, пра нас ніхто не паклапоціцца. Ніхто. Нават калі здаецца, што нас любіць увесь свет. Любіць, але гэта не значыць, што бярэ за нас адказнасць».
Якія дзеянні робяць дэмсілы, каб не дапусціць закрыцця апошняга прапускнога пункту на мяжы з Польшчай?
«Выехаць з краіны ўсё яшчэ магчыма, але становіцца ўсё больш і больш складана. Пункт пропуску пакуль застаўся, ён пакуль не закрываецца. Але Польшча выставіла ўльтыматум: калі рэпрэсіі працягваюцца, калі Пачобута не вызваляць і іншых палітвязняў, тады яны разглядаюць варыянт закрыцця і таго пункта пропуску».
Зараз дэмакратычныя сілы вядуць перамовы, каб калі Польшча і закрывала пераход – то толькі для грузаперавозак, а не для звычайных пасажыраў.
«Я спадзяюся, што яны нас пачуюць. Пра закрыццё памежных пунктаў, перавозак гаварылі яшчэ ў пачатку вайны, яшчэ летась і мы тады таксама тлумачылі: для звычайных беларусаў лепш трымаць пераходы адкрытымі, каб людзі маглі ў рэшце рэшт вырвацца з лапаў КДБ».
Што дэмсілы плануюць рабіць, калі надыдуць выбары 2024 году?
«Да выбараў 2024 года не маю ніякіх сантыментаў. Я не бачу пакуль ніякай пэўнасці, што яны адбудуцца. У мяне такое адчуванне, што Лукашэнка зараз будзе ўсё адтэрміноўваць, адмяняць, пераносіць, і вось хутчэй за ўсё правесці, быццам нічога не адбылося. Ніхто нават не заўважыць што гэтыя выбары былі. Бо Лукашэнка баіцца мабілізацыі людзей. Тут нам трэба выпрацаваць нейкую крэатыўную стратэгію, каб скарыстацца гэтым такім чынам, каб было бяспечна з аднаго боку, але і так, каб гэтым паставіць рэжым у нязручнае становішча».
Чаму з Офісу сышлі некаторыя супрацоўнікі?
«У нас сышлі тры вельмі важныя супрацоўніцы, яны займаліся камунікацыяй, але гэта ўжо даўно было запланавана. У прынцыпе яны хацелі і планавалі адкрыць цэнтр для стратэгічнай камунікацыі, дапамагаць усім дэмакратычным сілам. Яны яго доўга рыхтавалі, рэгістравалі, у выніку зрабілі, гэта ўсё было па дамоўленасці, узаемна, палюбоўна. То бок ніякага канфлікту няма, мы з імі кожны дзень на сувязі».
Далучайцеся да валанцёраў Офіса Святланы Ціханоўскай! Цяпер гэта можна зрабіць праз чат-бот: @AskOffice_Bot